Ганна Халадовіч магла б мець права нават ужо і не на адзін ордэн Маці — яна нарадзіла і выхоўвае 16 дзяцей разам з мужам Сяргеем, які мог бы прэтэндаваць на званне ганаровага таты нашай краіны. Самая маленькая дачушка парадавала бацькоў сваім з’яўленнем сёлета 1 красавіка. Гэта быў сапраўдны дзень радасці, якую ўмее цаніць ці не самая вялікая сям’я Беларусі, што жыве ў вёсцы Соміна Івацэвіцкага раёна.
Любоў памнажаецца
— Сяргей, Улад, Люба, Вера, Надзея, Алеся, Лія, Самуіл, Маісей, Матфей, Эсфір, Алена, Елісей, Авігея, Аніта, Марыя... — кожнае імя Сяргей Мікалаевіч Халадовіч вымаўляе з пяшчотай і цеплынёй. — Старэйшаму сыну ўжо 23 гады, робіць на пілараме ў тым жа лясгасе, дзе я працую кіроўцам. Улад цяпер служыць у арміі. А дачка Люба ўзяла шлюб і пайшла ў такую ж вялікую сям’ю (у нашых сватоў 14 дзяцей), яна ўжо нам падаравала ўнука Дзімку, якому цяпер 10 месяцаў.
Калі Марыйку толькі прывезлі з радзільні, дачушка Аніта радасна бегла да яе раніцай: «Уставай, гуляць будзем!» Яшчэ не разумела, што немаўлятку патрэбны толькі ежа і сон, але замілавана глядзела на яго. Ніколі не было такога, каб нехта з дзяцей раўнаваў бацькоў да малодшых, таму што ў гэтай сям’і з маленства выхоўваецца такое разуменне, што любоў і каханне не дзеляцца, а толькі памнажаюцца.
Сваю жонку Сяргей убачыў у царкве. Ім адразу было зразумела: калі яны настроены ісці па жыцці разам, то ўсё зладзіцца з ласкі Божай. Тым больш што Сяргей — надзейны мужчына, працавіты, на якога можна спадзявацца. Ганна — гаспадарлівая і прыязная да іншых, захавальніца сямейнага ачага. Але ўсяму яны вучыліся разам — быць бацькамі, несці адказнасць адзін за аднаго і за тых, каму даюць жыццё. Былі дзіўныя моманты, калі яны адзін другога адчувалі нават на адлегласці. Аднойчы Сяргей быў у камандзіроўцы на Гомельшчыне, дзе пасля ўрагану паваліла лес. Пад раніцу бачыць сон, у якім з’яўляецца дзіцятка з чарнявымі валаскамі, як у яго. Тэлефануе дадому: «Каханая, а што гэта мне прыснілася?» — «Віншую, у нас будзе дзіця». Радасная вестка для абодвух: сталі разам думаць пра імя.
Нават самыя складаныя выпрабаванні для іх — тыя, што звязаныя з дзеткамі. Сыночка Самуіла Ганна нарадзіла як падарунак на дзень нараджэння Сяргею — акурат падгадала. Тата са старэйшымі дзеткамі толькі паспелі асэнсаваць радасную навіну, як праз некалькі гадзін яна зноў тэлефануе, голас трывожны: у немаўляці выявілі парок сэрца, патрэбна складаная аперацыя... Усё прайшло паспяхова, далей хлопчыку з інваліднасцю патрэбна было больш клопату, але бацькі знаходзілі магчымасць і яго па ўрачах вазіць, і з іншымі займацца, каб любові хапала ўсім дзецям. Нават тым, якія маглі нарадзіцца пасля, бо хвароба аднаго дзіцяці — гэта як праверка на адданасць прынцыпам жыцця, якія яны для сябе абралі: калі Бог дае, то ты павінен прыняць, шчыра любіць і спадзявацца, што ўсё будзе добра.
Цяпер Самуілу 13, і пасля яго Ганна нарадзіла яшчэ 8 дзетак. Па-жаночы няпроста было, з доўгатэрміновымі шпіталізацыямі, каб захаваць будучае жыццё. А дома Сяргей заставаўся з малымі, і ўсе разам чакалі, калі мама вернецца не адна. Пры гэтым дзеці разумелі, што тата і «на гаспадарцы», і даглядаць іх павінен — накарміць, выправіць каго ў садок, каго ў школу. Добры прыклад таго, што ўсе справы ў сям’і датычацца кожнага, трэба ўмець рабіць усё.
З домам вялікай сям’і калісьці дапамагла дзяржава — 137 квадратаў агульнай плошчы з кухняй. Але па цяперашніх нашых мерках ужо ім мала. Сям’я чакае пашырэння, бо акрамя спальных месцаў (нават з улікам двух’ярусных ложкаў) дзецям патрэбна прастора, каб было месца не толькі ўрокі рабіць, але займацца творчасцю і музыкай, а малым — пагарэзнічаць. Старэйшыя актыўна ўключаюцца ў гаспадарчыя клопаты.
Аўтарытэт бацькоў
Яшчэ гадоў дзесяць таму ў Халадовічаў была вельмі вялікая гаспадарка, трымалі кароў, авечак, свіней, курачак ды гусей... Бывала, толькі сена да 70 тон нарыхтоўвалі на корм, яшчэ апрацоўвалі палі, дзе расла бульба, капуста, морква і іншая агародніна.
А сёлета добры ўраджай: 25 тон бульбы накапалі з 75 сотак, таму зноў завялі свінак, хоць у асноўным разводзяць птушку. Цяпер у Халадовічаў зямлі значна больш — 4 гектары ўзялі на 40 гадоў. Апрацоўваюць сваімі сіламі, бо ўсе дзеці, як і бацькі, руплівыя і дбайныя, разумеюць: гэта для сябе і сваіх любімых людзей, а таксама на продаж, каб яшчэ нейкая капейчына прыходзіла ў сям’ю. Хлопчыкі, якім 13, 12 і 11 гадоў, сёлета садзілі бульбу самі для сябе, а пасля прадавалі яе — такім чынам лепш адчуваюць, як даюцца грошы на ўласныя патрэбы. Калі купілі газонакасілку, сын пайшоў бабулям участкі ўпарадкоўваць — зарабіў сабе на горны веласіпед. Дзеці разумеюць, што дабрабыт не падае з неба, стараюцца не быць залежнымі ад бацькоў. Сын Улад, калі вучыўся ў Пінску, каб не абцяжарваць сям’ю, знайшоў там сабе падпрацоўку і зарабляў не толькі на харчаванне, але і мог здымаць кватэру. Старэйшы Сяргей, калі прыйшоў з арміі, паехаў на некаторы час на «шабашку» — хацеў набыць машыну.
Ёсць аўтамабіль і ў таты, але ўсяго на 7 пасадачных месцаў. Калі 2 гады таму для сям’і неабыякавыя людзі набылі білеты ў заапарк, давялося яшчэ наймаць дадатковую машыну, і тое ўсе не змясціліся. А хочацца ўсёй сям’ёй у госці да сваякоў ці ў Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза са сваім запаветным жаданнем. Няўжо трэба выбіраць, хто паедзе, а хто застанецца? Не варыянт для гэтай дружнай сям’і...
Таму калі запытваюся: «Можа, мама Ганна марыць пра нешта?» — адразу чую адказ: «Вось бы нам сямейны „бусік“, бо маленства — тая пара, якая праходзіць вельмі хутка, але пакідае глыбокія ўражанні, якія пасля ўплываюць на далейшае жыццё. А дзеці хочуць вандраваць усе разам з бацькамі». Ганна ўмее цярпець і чакаць, ведае, што шчырая малітва творыць цуды.
Таму што гэта рэальная неабходнасць вялікай сям’і, якая жыве ў аддаленай ад адміністрацыйных цэнтраў невялікай палескай вёсцы. Амаль палова ўсіх школьнікаў тут носяць прозвішча Халадовіч. Сёлета двое дзетак Ганны і Сяргея пайшлі ў садок, а 8 — у школу, па іх спецыяльна прыязджае аўтобус. Гэта зручна, бо раней тата развозіў іх сам. А вось ад паслуг нянькі для шматдзетнай сям’і адмовіліся: падраслі старэйшыя дзеці і стала лягчэй, яны ўжо дапамагаюць з малодшымі. У гэтай сям’і ёсць дакладнае разуменне, што каштоўнае, а што — не. Што важнае, а што — другаснае. Свае прынцыпы і правілы выхавання, дзе кіруюць вышэйшыя запаведзі і аўтарытэт бацькоў. Хлопчыкі раяцца з татам, дзяўчынкі — з мамай. Разам з ёй яны гатуюць ежу на вялікую сям’ю — умеюць і піцу, і шаўрму, і модныя цяпер ролы. Разам з матуляй самі пякуць хлеб, а гэта справа амаль таямнічая: каля 6 гадзін патрэбна, каб на стале з’явіўся духмяны бохан. Частуюць знаёмых, гасцей і гатовыя падзяліцца з тымі, у каго ёсць патрэба.
— Мая жонка вельмі добрая і спагадлівая жанчына, яна стараецца заўважаць кожнага чалавека: нямоглага падхопіць і павядзе, беднага пашкадуе і накорміць, — кажа Сяргей. —
А як яна прыгожа спявае! Натхняе ўсіх на добрыя справы. Кожны вечар мы збіраемся за сямейным сталом на агульную малітву, просім спагады і міру ўсім дзецям нашай зямлі.
Ларыса ЦІМОШЫК