Top.Mail.Ru

«Шчаслівыя разам»: Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх сем’яў атрымалі Глеб і Анастасія Дуброўскія з ГрДМУ

17 кастрычніка ў Мінскім гарадскім палацы культуры (дзяржаўная ўстанова «Мінскканцэрт») адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам».

Яна завяршыла чатырохдзённы марафон, які праходзіў з 14 па 17 кастрычніка і ў якім за званне лепшай змагаліся 10 студэнцкіх сем’яў. Праграма спаборніцтваў уключала шэсць разнастайных выпрабаванняў (творчых, спартыўных, прыкладных). Таксама пары-фіналісты наведалі знакавыя аб’екты культурнай і нацыянальнай спадчыны Беларусі, правялі дыялогавыя сустрэчы і пляцоўкі.


— Гэта вельмі сімвалічна, што фінал Рэспубліканскага конкурсу «Шчаслівыя разам» праходзіць у Тыдзень бацькоўскай любові, — адзначыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. — Гэта яшчэ раз падкрэслівае, наколькі важна захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей і якую вялікую ўвагу дзяржава гэтаму надае. Размаўляючы з фіналістамі, мы пераканаліся, якія гэта добрыя і шчырыя маладыя людзі. Веру ў тое, што іх чакае шчаслівая будучыня. Сёння ўсе яны пераможцы. А ўладальнікі Гран-пры — гэта прыклад для ўсіх студэнтаў, хто яшчэ не знайшоў свайго спадарожніка жыцця.



На сцэне «Мінскканцэрта» ў гэты вечар панавалі маладосць, прыгажосць, талент і каханне. Пары-фіналісты спявалі, танцавалі, ігралі на інструментах, чыталі вершы і не пакінулі ў аўдыторыі ніякіх сумненняў у тым, якая гэта вялікая сіла — каханне.

Святочную атмасферу ў зале стваралі таксама вядучыя — творчы і сямейны саюз Вольга Рыжыкава і Тэа, выступленні маладых таленавітых выканаўцаў розных жанраў і, вядома, гледачы — студэнты і настаўнікі ВНУ, якія прыйшлі падтрымаць удзельнікаў фіналу.

— Я ўжо тыдзень знаходжуся пад уражаннем ад конкурсу «Сям’я года» (фінал VII Рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» прайшоў у Мінску 10 кастрычніка. — Заўв. аўт.) і сёння мяне таксама неверагодна ўразілі ўсе фіналісты конкурсу студэнцкіх сем’яў, — прызнаўся міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Лабовіч. — Хачу пажадаць, каб праз хуткі час мы ўсе зноў сустрэліся ўжо на конкурсе «Сям’я года».

А старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская дадала, што «спадзяецца сустрэцца з цяперашнімі 10 парамі-фіналістамі гадоў праз 10, каб пачуць ад іх, як яны «пражылі разам гэты час, як пераадольвалі выпрабаванні, захоўвалі свае сем’і, бераглі сваё каханне і перадалі яго сваім дзецям». 

Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу «Шчаслівыя разам» аўтарытэтнае журы ўдастоіла Глеба і Анастасію Дуброўскіх з Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ГрДМУ). Таксама яны сталі пераможцамі ў намінацыі «Творчы код сям’і». 


Першае месца занялі Мікіта і Вікторыя Барысавы з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, другое — Міхаіл і Марыя Шкамплетавы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (Магілёў), трэцяе — Іван і Алёна Пешэвічы з Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Пераможцамі ў намінацыі «Мастацтва быць разам» сталі Арсеній і Паліна Куляшовы з Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь; у намінацыі «Сямейны стыль» — Вадзім і Ганна Нехвядовічы з БДПУ імя М. Танка, у намінацыі «Энергія руху» — Ілья і Дар’я Конанавы з БДАМ, у намінацыі «Сямейны ачаг» — Сяргей і Яраслава Падрэз з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, у намінацыі «Сямейная гармонія» — Андрэй і Лізавета Саломенка з БДУІР, у намінацыі «Духоўны саюз» — Аляксандр і Элеанора Каўрыга з БДМУ. Заўважу, што Аляксандр Каўрыга падчас фінальнага этапу зламаў нагу, але нават на мыліцах не сышоў з дыстанцыі. 

Усе фіналісты атрымалі дыпломы Міністэрства адукацыі, памятныя прызы, а таксама падарункі ад партнёраў конкурсу. Для ўсіх 10 студэнцкіх пар конкурс «Шчаслівыя разам» стаў каштоўным досведам, узбагаціўшы іх новымі знаёмствамі, уражаннямі, эмоцыямі. У іх сямейным летапісе з’явілася незабыўная яскравая старонка.



Калі чалавек стварае сям’ю, ён вельмі хутка сталее.

Сяргей і Яраслава Падрэз: святаў цяпер стала ў два разы болей 

Студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава пазнаёмілася са сваім мужам Сяргеем два гады таму ў кафэ. Год яны сустракаліся, чакаючы паўналецця Яраславы, а потым пажаніліся.

— Бацькі бачылі, наколькі рашуча мы настроены на стварэнне сям’і, таму не адгаворвалі, — распавядае Яраслава. — Сяргей трохі старэйшы за мяне, ён вайсковец. Дапамагае мне і ў дамашніх справах, і ў вучобе. Я ўпэўнена, што жыць удваіх ва ўсіх сэнсах значна цікавей, чым аднаму. Напрыклад, я праваслаўная, а муж — католік. І святаў у нашай сям’і зараз у два разы больш, чым раней. Думаю, з нараджэннем дзяцей радасцяў яшчэ прыбавіцца. Адкладаць гэта надоўга мы не плануем. 

Андрэй і Лізавета Саломенка: Прыцягненне супрацьлегласцяў

Студэнтам БДУІР Лізавеце і Андрэю Саломенкам па 20 гадоў. Лізавета вучыцца на 4 курсе факультэта інфармацыйнай бяспекі, Андрэй — на 4 курсе інжынерна-эканамічнага факультэта.

Пазнаёміліся і пачалі сустракацца яны яшчэ ў гімназіі № 27 Мінска. Паўтара года таму пажаніліся. Па словах маіх суразмоўцаў, яны вельмі розныя, але вучацца разумець, чуць адно аднаго. Ліза — адказная, пунктуальная, заўсёды патрабуе ад сябе максімальнага выніку. Андрэй — спакойны, разважлівы. Ён заўсёды стрымлівае Лізу, змяншаючы эмацыйны зарад, прыўносячы ў сумеснае жыццё памяркоўнасць.

У кожнага ёсць свае хобі. Ліза любіць маляваць, вышываць. Андрэй іграе на гітары, захапляецца більярдам. А ў спартыўную залу на сілавыя трэніроўкі яны ходзяць разам.



— Нашы аднагодкі-студэнты сёння не часта бяруць шлюб. І галоўная прычына гэтага, на мой погляд, — цяжка знайсці свайго чалавека. Трэба, каб пачуцці і гатоўнасць будаваць адносіны былі глыбокімі і ўзаемнымі, — лічыць Андрэй. 

— Многія маладыя мужчыны, па маіх назіраннях, баяцца браць на сябе адказнасць за жонку, дзяцей. Усё ж такі ў нашай культуры менавіта з імі, з іх паспяховасцю звязваюць фінансавы дабрабыт сям’і і сацыяльную абароненасць, — дадае Лізавета.

Андрэй і Ліза бачаць у раннім шлюбе свае перавагі: усе клопаты, праблемы дзеляцца на дваіх, лягчэй усё паспяваць: і ў вучобе, і дома. З дзецьмі маладыя сужэнцы вырашылі пакуль пачакаць. Спачатку збіраюцца скончыць універсітэт, знайсці добрую працу, павандраваць, палепшыць жыллёвыя ўмовы. Выхаванне дзяцей, па іх перакананні, — вельмі адказны крок, да яго трэба даспець.



Аляксандр і Элеанора Каўрыга: Навошта адкладаць шчасце на потым?

З 10 пар-фіналістак толькі ў Аляксандра і Элеаноры Каўрыга з БДМУ ўжо ёсць дзіця — сямімесячны сынок Валодзя.

— Многія не спяшаюцца ствараць сям’ю, нараджаць дзяцей, таму што не хочуць выходзіць з зоны камфорту, мяняць лад жыцця, — лічыць студэнт 6-га курса ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ Аляксандр Каўрыга. — Можна знайсці сотні апраўданняў на карысць адзіноты. Але пры такім стаўленні ёсць вялікая верагоднасць, што калі ты «даспееш» да сям’і, то патрэбны чалавек не знойдзецца, ці здароўе не дазволіць стаць бацькам і паставіць дзяцей на ногі. Мы з Элеанорай любім адно аднаго, і гэта галоўнае, што вызначыла наша рашэнне ўзяць шлюб. Родныя нас зразумелі і падтрымалі. Дарэчы, мой старэйшы брат Алег таксама з’явіўся ў бацькоў, калі яны былі студэнтамі.

— Часта думаюць, што для стварэння сям’і патрэбен нейкі асаблівы ідэальны момант. Што спачатку трэба купіць кватэру, машыну, заняць кар’ерныя пазіцыі, а ўжо потым ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей, — дапаўняе мужа студэнтка 5-га курса медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ Элеанора Каўрыга. — Але такога спрыяльнага моманту можа і ўвогуле не здарыцца. На прыкладзе тых, у каго ёсць дзеці, разумею, што бацькоўства ніколі не бывае простым, яно заўсёды патрабуе намаганняў, ахвяр. Так, мы абое вучымся ў такім складаным універсітэце як медыцынскі. Але ў нас ёсць падтрымка. І з боку Сашавых бацькоў, і з боку маёй мамы, з якой мы зараз разам жывём, і з боку маёй старэйшай сястры Анастасіі. Спраўляемся. Са з’яўленнем сыночка мы не сталі горш вучыцца. Нават наадварот. Зацяжарыўшы, я пачала атрымліваць нават дзясяткі, да якіх перш не дацягвала. Асабіста я перакананая: ствараючы сям’ю, чалавек вельмі хутка сталее.

Па словах Аляксандра і Элеаноры, яны мараць аб вялікай сям’і. І ўжо абмяркоўваюць, калі лепш заводзіць другое дзіця. 



Даведачна:

У 2009 годзе ў рамках работы клуба маладой сям’і БДУ харчовых і хімічных тэхналогій (Магілёў) упершыню быў праведзены конкурс «Лепшая маладая сям’я ўніверсітэта».

У 2016 годзе была абноўлена канцэпцыя і падыходы да правядзення конкурсу, які атрымаў назву «Шчаслівыя разам», у 2019-м конкурс набыў статус рэспубліканскага.

Задачы конкурсу: папулярызацыя традыцыйных сямейных каштоўнасцей, стварэнне спрыяльных умоў для гарманізацыі адносін на аснове ўмацавання агульных сямейных каштоўнасцей і традыцый у студэнцкім асяроддзі і інш.

Штогод у конкурсе бяруць удзел маладыя сем’і, у якіх адзін з сужэнцаў вучыцца ў ВНУ, а другі — не старэйшы за 31 год. 

Арганізатары конкурсу — Міністэрства адукацыі РБ і Акадэмія нацыянальнай адукацыі.

Вольга Паклонская, фота Валерыя Картуля


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю