Сяміпавярховы жылы дом на 49 кватэр, большасць з якіх арэндныя, урачыста адкрылі напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкi-2026» у Карэлічах, перадае БелТА.
Сучасны будынак з яркімі васількамі на фасадзе ўзвёў на вуліцы 8 Сакавіка генеральны падрадчык ААТ «Гроднажылбуд» па заказе ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама.
У новабудоўлі агульнай плошчай больш за 3 тыс. кв. м 49 добраўпарадкаваных кватэр. 36 з іх — арэнднае жыллё дзяржаўнага жыллёвага фонду. Яшчэ 9 кватэр пабудаваны ў рамках указа «Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў». Яны прызначаны для спецыялістаў СВК «Маяк-Заполле», КСУП «Чарняхоўскі-Агра» і КСУП «Царука». Астатнія 4 адносяцца да катэгорыі жылля сацыяльнага карыстання.

«Новы шматпавярховы дом было вырашана пабудаваць у Карэлічах да абласных „Дажынак-2026“. Неабходнасць у арэндным жыллі ў раёне наспела. У цэлым у нашай краіне адзначаецца трэнд на арэнднае жыллё, найперш для маладых спецыялістаў, каб такім чынам падтрымаць чалавека працы, умацаваць дэмаграфію. Каб з першых жыццёвых стартаў у людзей была адна з найважнейшых рэчаў у жыцці — свой дом,» — сказаў на цырымоніі адкрыцця новабудоўлі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.

Сардэчна павіншаваў навасёлаў і ўсіх жыхароў гарадскога пасёлка з чарговым абнаўленнем старшыня Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Курыла: «Новы дом — гэта не проста прыгожы будынак, гэта сапраўды новы імпульс для развіцця нашага пасёлка, раёна. Тут будуць жыць сем’і, будуць нараджацца дзеці, а значыць, будзе прырастаць і развівацца наш раён».
Пры адкрыцці новабудоўлі былі выкананы ўсе традыцыйныя рытуалы, якія робяць цырымонію па-сапраўднаму памятнай. Сімвалічны ключ ад дома ўручыў Аляксандру Курыла генеральны дырэктар ААТ «Гроднажылбуд» Алег Ушкевіч. Ключы ад кватэр навасельцы атрымалі з рук кіраўнікоў вобласці і раёна. Права перарэзаць чырвоную стужачку таксама падалі кіраўнікам, але яны ўручылі нажніцы будучым жыхарам — маладым і зусім маленькім, якія выдатна зладзіліся з задачай і з захапленнем пакінулі на памяць яе кавалачкі.

Ганаровыя госці высадзілі новае дрэва на алеі ў двары. А самым пацешным момантам стаў эпізод з коткай, якую, як водзіцца, першай упусцілі ў адчыненыя дзверы. І яна жвава панеслася наперад, прадказваючы новабудоўлі доўгае шчаснае жыццё.
«Сёння вельмі важны, шчаслівы для нас дзень. Мы прыйшлі яго адсвяткаваць усёй сям’ёй, каб разам упершыню ўвайсці ў новую кватэру і падзяліць радасць на ўсіх, — падзяліўся ўражаннем кіроўца групы затрымання Карэліцкага аддзела Дэпартамента аховы Арцём Хомчык. — Да гэтага жылі ў інтэрнаце і вось зараз нас чакаюць тры пакоі ў новым доме. Гэта арэнднае жыллё, але з часам ёсць далягляд яго выкупу. І ў нас з жонкай, і ў дзяцей будуць свае пакоі».
Атрымаўшы ключы, навасельцы з энтузіязмам разышліся па сваіх паверхах, каб пачаць адзін з самых прыемных заняткаў у жыцці — абжываць новы дом. Праз некалькі дзён у Карэлічы прыйдзе вялікае свята — абласныя «Дажынкi-2026», а прыемныя падарункі гарпасёлак і яго жыхары пачалі атрымліваць ужо сёння.