Па ўсёй краіне поўным ходам ідзе новая маштабная валанцёрская ініцыятыва БРСМ — рэспубліканская акцыя «Дабро. бел». Актыўна ўключылася ў гэты рух і моладзь Прынямоння. Ці не затухне хутка агонь у вачах хлопцаў і дзяўчат? Ці хопіць сілы ў руках рабят? Адказы на гэтыя пытанні шукала ўласны карэспандэнт «Звязды» па Гродзенскай вобласці.
Заўсёды побач
Мы далучыліся да валанцёраў Капцёўскай сярэдняй школы, якая знаходзіцца ў Гродзенскім раёне. Па словах дырэктара Людмілы САНЮКЕВІЧ, рабяты актыўна займаюцца валанцёрствам, без праблем адгукаюцца на просьбы аб дапамозе.
Разам з моладдзю накіраваліся да Марыі Станіславаўны Ракевіч. У пенсіянеркі вялікі дом і ўчастак, на якім ёй часта дапамагаюць школьнікі.
Жанчына сустрэла нас з ветлівай усмешкай, а з хлопцамі віталася, як са сваімі ўнукамі — адзінаццацікласнікі часта ў яе бываюць. Жанчына з задавальненнем расказала пра моладзь.
— Школьныя валанцёры разам з педагогамі наведваюць мяне рэгулярна, нават падчас канікул. Для мяне гэта вялізная радасць і дапамога.
У мае 73 гады ўжо цяжка самой сабраць яблыкі і вішні з верхавін дрэў. А хлопцы спраўляюцца маментальна. Летась спілавалі старую сліву, пасадзілі кусты, сёлета сабралі яблыкі, гарбузы і акуратна склалі. Цяпер ападае лісце, працы ў садзе дадалося, і я вельмі чакаю маіх памагатых. Дзякуй школе! Мяне і саму туды часта запрашаюць праводзіць выстаўкі і заняткі, бо ў мяне шмат творчых захапленняў. Галоўнае, чаго я хачу пажадаць рабятам, — будзьце здаровенькімі і разумненькімі!
Не заставацца ўбаку
Не магла не паразмаўляць з хлопцамі, для якіх гэта дзейнасць ужо даўно стала стылем жыцця. Сяргей Янкавіч вядзе рахунак сваёй валанцёрскай дзейнасці з першага класа.
— Для мяне добрыя справы пачаліся з простай дапамогі сваім бабулям і дзядулям у сям’і, суседзям. А вось у радах БРСМ я займаюся гэтым свядома з 14 гадоў. Адкуль бярэцца жаданне дапамагаць? Мусіць, справа нават не ў нейкім адмысловым выхаванні. Проста калі ты бачыш, што іншым людзям сапраўды патрэбна падтрымка, і разумееш, што ў тваіх сілах яе аказаць, — чаму ты павінен стаяць убаку і адмаўляцца? Для мяне гэта абсалютна нармальны выбар.
Арсеній Клімашэвіч гэтак жа, як і Сяргей, знаходзіцца ў валанцёрскім атрадзе з 14 гадоў, але ў цэлым ніколі не пакідаў без увагі тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.
— Пра магчымасць стаць валанцёрам падрабязна расказалі ў школе, і я адразу вырашыў запісацца ў атрад. Часта пытаюцца, ці не цяжка сумяшчаць валанцёрства з вучобай. Насамрэч ніякіх праблем з гэтым не ўзнікае, зусім не ў цяжар. Ува мне, мусіць, проста закладзена правільнае выхаванне. Мы робім гэта абсалютна шчыра, ад усяго сэрца. Прыходзіць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, для нас — норма жыцця.
Дзмітрый Залога адзначыў, што валанцёрства стала неад’емнай часткай яго жыцця.
— Я з дзяцінства ніколі не заставаўся ўбаку. Бацькі прывучалі мяне да працы і да таго, што трэба дапамагаць іншым. Гэта аснова сямейнага выхавання. Усім аднагодкам, якія яшчэ разважаюць, ці варта ўключацца ў такую дзейнасць, магу сказаць адно: у любым выпадку трэба паспрабаваць самому. Толькі так можна асабіста адчуць, якая гэта важная і патрэбная справа.
Як расказала першы сакратар Гродзенскага раённага камітэта БРСМ Кацярына АЛЯШКЕВІЧ, паступаюць самыя розныя звароты. Нядаўна па дапамогу звярнулася жыхарка Гродна: муж памёр, а на загарадным дачным участку трэба было прыбраць смецце і перакапаць зямлю. Моладзь усё зрабіла. І марафон добрых спраў працягваецца. Бо ў валанцёраў хопіць увагі і сіл на ўсіх.
Кампетэнтна. Адрасная дапамога
Як адзначыў першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Пётр КАСІЦКІ, у бягучым месяцы галоўны акцэнт зроблены на адраснай дапамозе пажылым грамадзянам, якія адзінока пражываюць. Для моладзі гэта не разавая кампанія, а сістэмная работа па навядзенні парадку на тэрыторыях каля дамоў і нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі. Акрамя таго, па выхадных днях школьнікі, студэнты і моладзь, якая працуе, актыўна дзяжураць на сельскагаспадарчых кірмашах, якія былі вызначаны выканаўчымі камітэтамі.
— Да гэтай важнай работы ахвотна падключыліся і сілавыя ведамствы — актывісты з пярвічных арганізацый пагранічнікаў і супрацоўнікі МНС. Сёння ў добраахвотную дзейнасць пагружаны абсалютна ўсе катэгорыі моладзі, і ніводны зварот у раённыя камітэты не застаецца без увагі. Валанцёры гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, хто пра гэта просіць, — запэўніў Пётр Касіцкі.
Валанцёрства ў БРСМ існуе даўно, аднак гэты год адзначаны важным перазапускам, падкрэсліў ён:
— «Дабро. бел» — абсалютна новая рэспубліканская ініцыятыва, якая рэалізуецца з бягучага года. Яе з’яўленне звязана з вылучэннем трох асноўных кірункаў дзейнасці саюза моладзі для максімальна шчыльнай работы: студатрадаўскі рух, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і валанцёрства. Менавіта да апошняга цяпер прыкладаецца максімум намаганняў для заахвочвання моладзі.
Каб зрабіць гэты працэс яшчэ больш эфектыўным, у Гродзенскай вобласці стварылі асобнае лічбавае крыло — профільны Telegram-канал «Валанцёры Гродзеншчыны».
— Сувязь паміж тымі, каму патрэбна дапамога, і тымі, хто гатовы яе аказаць, сёння адладжана на месцах. Камунікацыя выбудавана непасрэдна праз сацыяльныя службы. У раёнах сацработнікі асабіста ведаюць першых сакратароў БРСМ і аператыўна перадаюць ім інфармацыю. Атрымаўшы заяўку, маладзёжныя лідары глядзяць, якая першасная арганізацыя — будзь то школа, каледж або прадпрыемства ці арганізацыя — знаходзіцца бліжэй тэрытарыяльна, і накіроўваюць атрад па адрасе. Можна звярнуцца таксама ў райкам БРСМ і самастойна ў сацыяльных сетках і месенджарах. Усе нумары тэлефонаў раённых камітэтаў знаходзяцца ў адкрытым доступе, таму знайсці дапамогу не складана. У цэлым па Гродзенскай вобласці дзейнічае каля 300 атрадаў колькасцю каля 5000 чалавек, — паведаміў Пётр Касіцкі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара