Новы тунэлепраходчы комплекс «Марыя» ўрачыста запусцілі ў Мінску 27 мая. Ён будзе пракладаць правы тунэль зялёнай галіны метрапалітэна.
Новы тунэлепраходчы комплекс «Марыя» ўрачыста запусцілі ў Мінску 27 мая. Ён будзе пракладаць правы тунэль зялёнай галіны метрапалітэна.
На «жаночых плячах»
Па словах намесніка старшыні Мінгарвыканкама Аляксандра ЧЭРНІКАВА, гэтая падзея стала важнай вяхой у будаўніцтве мінскага метрапалітэна:
— Новы комплекс атрымаў назву «Марыя», што вельмі сімвалічна, улічваючы выяву на гербе і сцягу сталіцы. Ён будзе працаваць у пары з ужо праверанай «Алесяй». Наогул, у нас ёсць сур’ёзныя планы па паскарэнне будаўніцтва метро. Нягледзячы на тое, што нарматыўная база ўжо склалася, мы бачым, што некаторыя моманты можна аптымізаваць.

Таксама Аляксандр Чэрнікаў заявіў, што толькі на 2026 год закладзена больш за 200 млн беларускіх рублёў на будаўніцтва метрапалітэна.

— Тым не менш кошт будаўніцтва нашага метро ў два разы ніжэй у параўнанні з сярэднесусветным коштамі, — дадаў ён.
Што датычыцца чацвёртай лініі метро, то яе праект пакуль знаходзіцца ў актыўнай распрацоўцы.
— Калі вам хтосьці скажа, што ўжо ёсць дакладная пазіцыя ўсіх станцый метро — не верце. На дадзены момант стапрацэнтнай схемы чацвёртай лініі не ведаю нават я. У нас ідзе даволі сур’ёзная творчая работа з праекціроўшчыкамі, заказчыкамі, праводзім пэўныя разлікі для пасажырапатокаў, — адзнчыў Аляксандр Чэрнікаў. — Не выключана, што «Марыя» не апошні тунэлепраходчы комплекс. Магчыма, калі мы пяройдзем да будаўніцтва чацвёртай лініі метро, будуць закуплены яшчэ і іншыя.

Згодна з планам
У сваю чаргу генеральны дырэктар УП «Мінскметрабуд» Васіль КАСАВЕЦ расказаў, што зборка і наладка новага тунэлепраходчага комплексу прайшла па плане, зацверджаным з кітайскімі партнёрамі:

— Мы ўсё адпрацавалі роўна дзень у дзень, без форсс-мажораў. Пачатак працы «Марыі» будзе вельмі павольным. Мы гэта ведаем па досведзе работы з яе папярэдніцай «Алесяй». Так працуюць усе шчыты — павольна, але дакладна. Непасрэдна распрацоўка грунта пачнецца праз некалькі дзён пасля таго, як пераадолеем бетонную сцяну катлавана.

Па плане ў чэрвені «Марыя» пераадолее першыя 100 метраў і цалкам паглыбіцца ў зямлю. Менавіта на гэтым этапе адбываецца праверка таго, як комплекс зайшоў у зямлю, звяраюцца каардынаты.

— Арганізуецца работа тэхналагічных калясак і мотавоза, будуюцца часовыя рэйкі. Усё гэта трэба для вывазу грунту і падачы туды бетонных кольцаў. Пасля гэтага скорасць праходкі павялічыцца. Да ліпеня плануем разганяць комплекс да 250 метраў у месяц, — заявіў Васіль Касавец.


На дадзены момант тунэлепраходчы комплекс «Марыя» ўжо пачаў рух ад будучай станцыі «Парк Дружбы народаў» да «Камароўскай», затым рушыць да «Пярэспы» і скончыць шлях на «Юбілейнай плошчы», каля адміністрацыі Цэнтральнага раёна, дзе будзе збудаваны катлаван для дэмантажу «Марыі» і «Алесі». У гэтым месцы пабудаваныя тунэлі злучаць з дзейным метрапалітэнам.
Лізавета ГОЛАД,
фота аўтара