Да арганізацыі і правядзення памятных ініцыятыў падключаюцца прафсаюзы ўсіх узроўняў. Мерапрыемствы будуць праходзіць на працягу ўсяго года. Адно з самых маштабных — маладзёжны форум прафсаюзных актывістаў «Наследнікі Вялікай Перамогі». Маладыя людзі з гарадоў-герояў не толькі Беларусі, але і Расіі такіх, як, напрыклад, Тула, Валгаград, Мурманск, Масква, Смаленск і іншых, наведаюць знакавыя і памятныя ў краіне мясціны, а таксама раскажуць пра гераічнае мінулае сваіх гарадоў. Для ўдзельнікаў будзе арганізавана тэматычная адукацыйная праграма.
Яшчэ адно запланаванае знакавае мерапрыемства — міжнародная канферэнцыя «Нюрнбергскі працэс і сучаснае міжнароднае права», галоўная мэта якога не толькі захаваць памяць аб гэтым важным гістарычным судовым працэсе, але і не дапусціць адраджэння самой ідэалогіі нацызму. Дарэчы, сёлета мерапрыемства пройдзе трэці раз. І адбудзецца не толькі ў сталіцы — адукацыйна-патрыятычная акцыя будзе арганізавана ў кожным абласным цэнтры.
— Запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў, падрыхтоўка да якіх пачалася задоўга да пачатку новага года. Фарматы самыя розныя. Гэта і маштабныя масавыя акцыі і праекты, тэматычныя дыскусійныя пляцоўкі, патрыятычныя аўтамотавелапрабегі, ініцыятывы працоўных калектываў, якія збяруцца разам, каб ушанаваць тых людзей, дзякуючы якім сёння мы жывем пад мірным небам. Але якія б ні былі ініцыятывы, усіх аб’ядноўвае агульная мэта — захаваць нашу агульную спадчыну, каб будучыя пакаленні ніколі на сабе не даведаліся, што такое вайна, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.
Неабходна адзначыць, што прафсаюзы на пастаяннай аснове праводзяць работу па захаванні гістарычнай памяці, выступае за пераемнасць пакаленняў, падтрымлівае традыцыі настаўніцтва і клопаты аб ветэранах вайны і працы.
— Гэта не разавыя акцыі, а пастаянная праца, якая вядзецца круглы год. І ўключае яна цэлы спектр напрамкаў. Маштабная работа па ўладкаванні знакавых і памятных мясцін, пахаванняў салдат і мірных жыхароў, адрасная дапамога і падтрымка ветэранаў вайны і працы. Акрамя таго, прафсаюзнымі арганізацыямі сумесна з сацыяльнымі партнёрамі ладзяцца віншаванні і ўшаноўванні ветэранаў, якія праходзяць таксама ў розных фарматах. Канцэрты, культурна-масавыя і аздараўленчыя мерапрыемствы, экскурсійныя праграмы, чаяванні — гэта толькі частка мерапрыемстваў, — дадалі ў прэс-службе ФПБ.
Немалаважна падтрымліваць і ініцыятывы саміх ветэранаў і людзей, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Напрыклад, у іх імкненні ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, рэалізоўваць свой творчы патэнцыял. Так, Федэрацыя прафсаюзаў сумесна з Міністэрствам культуры і Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў праводзіць рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны!». Дарэчы, сёлета ўрачыстае адкрыццё фестывалю, якое дасць старт правядзенню абласных тураў, плануецца правесці ў маі — чэрвені 2025 года.