Шэсце дзевяцідзённага Усебеларускага хрэснага ходу завяршылася ў сталіцы 26 жніўня, у дзень, калі праходзяць урачыстасці ў гонар Мінскага абраза Божай Маці, перадае БелТА.
Усебеларускі хрэсны ход пачаўся 18 жніўня ў Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры. Усяго паломнікі прайшлі 250 км, іх маршрут пралягаў праз 4 епархіі і 21 храм.
Заключны ўчастак шляху ўдзельнікі прайшлі па Мінску ад храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы да Святадухаўскага кафедральнага сабора. У малітоўным шэсці па праспекце Пераможцаў прынялі ўдзел шматлікія свяшчэннаслужыцелі і вернікі з усіх епархій Беларускай праваслаўнай царквы, жыхары і госці горада.
Завяршылася малітоўнае шэсце Боскай літургіяй каля сцен Святадухаўскага кафедральнага сабора, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у саслужэнні духавенства з усіх абласцей Беларусі.
Традыцыя правядзення дзевяцідзённага хрэснага ходу зарадзілася ў 2022 годзе, і цяпер кожны год у гэта шэсце з малітвай аб царкве, міры і дабрабыце адпраўляецца ўсё больш паломнікаў з Беларусі і іншых краін.