Top.Mail.Ru

Шэсці, квесты і дыскатэка. Фестываль «Шлях Цмока» пройдзе ў Бярэзінскім запаведніку

Бярэзінскі біясферны запаведнік шосты раз прыме фестываль славянскай міфалогіі «Шлях Цмока», які адбудзецца 9-10 жніўня. Чым на гэты раз ён здзівіць гасцей, расказаў намеснік дырэктара па турызме прыродаахоўнай установы Аляксандр Волчак, паведамляе БелТА.



У бягучым годзе свята змяняе месца прапіскі. «Мерапрыемствы пройдуць на новай лакацыі — паблізу вёскі Домжарыцы», — падкрэсліў Аляксандр Волчак.

Нягледзячы на шэраг новаўвядзенняў, свае традыцыйныя атрыбуты фестываль таксама абавязкова захавае. Так, нязменнымі застаюцца шэсці і інтэрактыўныя пляцоўкі, начная танцавальная праграма, майстар-класы, квесты, тэатральныя пастаноўкі і фаер-шоу. Праграма галоўнай падзеі цяперашняга лета ў запаведніку будзе не менш насычанай, чым у мінулым годзе. 

Асаблівую ўвагу арганізатары ўдзялілі музычнай частцы свята. Хэдлайнер фестывалю — расійская рок-група «КняZz». Традыцыйна папулярнасцю ў гасцей карыстаюцца начная і дзённая імерсіўная міфалагічная экасцежка — яна ж галоўная фішка свята. На аснове водгукаў гасцей яе мадэрнізуюць з году ў год. «На гэты раз на сцежцы таксама чакаецца цікавая праграма, — анансаваў прадстаўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка. — Усё для таго, каб госці і ўдзельнікі змаглі акунуцца ў таямнічы і невытлумачальны свет беларускіх міфаў, легенд і паданняў».

Аматараў адпачынку на прыродзе запрашаюць у кемпінг. Арганізатары звяртаюць увагу, што ў бягучым годзе прыехаць можна толькі са сваёй палаткай, бо пракат на месцы не прадугледжаны. Улічваючы, што на час фестывалю ўсе гасцініцы і месцы размяшчэння, як правіла, забраніраваны, начлег амаль пад адкрытым небам у эпіцэнтры свята — гэта не толькі рамантычна, але яшчэ і зручна.

Міжнародны фестываль міфалогіі «Шлях Цмока» — адно з брэндавых мерапрыемстваў запаведніка. У 2024 годзе ён сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — больш за 6,5 тыс. Білеты на бягучы год яшчэ ёсць у продажы. Набыць іх можна на самім свяце, каса размесціцца каля ўвахода каля КПП.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю