На платных аўтадарогах Беларусі ўведзены ў эксплуатацыю дадатковыя сродкі кантролю за ўнясеннем платы за праезд. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.
Існуючая сістэма дапоўнена новым праграмным забеспячэннем на базе тэхналогій штучнага інтэлекту і абсталяваннем відэафіксацыі. Гэта дазваляе ў аўтаматычным рэжыме фіксаваць на платных сегментах аўтадарог транспартныя сродкі карыстальнікаў, якія не ўнеслі плату ва ўстаноўленым парадку.
«Мэта новаўвядзенняў — павышэнне дысцыпліны карыстальнікаў платных дарог, спыненне фактаў наўмыснага зняцця бартавых прылад, выключэнне фактаў неўнясення платы за праезд па платных дарогах», — адзначылі ў прэс-службе.
Распрацоўка рэалізавана сумеснымі намаганнямі адзінага аператара інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінтранса — РУП «Белдарсувязь», аператара сістэмы электроннага збору платы і транспартнай інспекцыі Мінтранса.