Падчас рабочага візіту ў Казахстан Прэзідэнт выступіў на пленарным пасяджэнні V Еўразійскага эканамічнага форуму
Падчас рабочага візіту ў Казахстан Прэзідэнт выступіў на пленарным пасяджэнні V Еўразійскага эканамічнага форуму
Тэма форуму, які праходзіць у Астане, — «ЕАЭС у глабальнай лічбавай гонцы: стаўка на штучны інтэлект». Аляксандр Лукашэнка прадставіў пазіцыю беларускага боку па пытаннях тэхналагічнай кааперацыі ў рамках ЕАЭС і ўкаранення штучнага інтэлекту ў рэальны сектар эканомікі, прывёў прыклады айчыннага вопыту ў гэтай сферы.
«Сваю школу мы напрацоўвалі дзесяцігоддзямі, захавалі і развівалі»
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да фармулёвак. «Няхай гэта не здасца павучэннем, але я па сваёй першай прафесіі настаўнік і заўсёды любую лекцыю, любы ўрок, як выкладчык я пачынаў з асноў», — патлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паняццю «штучны інтэлект» ужо больш як 70 гадоў. «Гэта не новаўвядзенне сённяшняга дня, — удакладніў ён. — І ў Беларусі сістэмная работа над гэтай тэмай ідзе з сярэдзіны 60-х гадоў — яшчэ з часоў стварэння Інстытута тэхнічнай кібернетыкі ў Мінску. Так што сваю школу мы напрацоўвалі дзесяцігоддзямі, захавалі і развівалі нават на найцяжэйшым этапе распаду некалі адзінай краіны».
Як вопытны лектар, найперш беларускі лідар спыніўся на самім вызначэнні штучнага інтэлекту. «Штучны інтэлект (я паглядзеў, як ён вызначае сам сябе) — гэта вобласць інфарматыкі, — канстатаваў ён. — А інфарматыка — навука аб метадах і працэсах збору, апрацоўкі, захоўванні, перадачы, аналізу і ацэнкі інфармацыі з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. А частка гэтай інфарматыкі — штучны інтэлект — якая распрацоўвае частку сістэмы, здольную выконваць задачы, якія звычайна патрабуе чалавечага інтэлекту: навучання, разваг, прыняцця рашэнняў».
Такім чынам, як падкрэсліў беларускі лідар, зыходзячы з вызначэння, якое штучны інтэлект дае сам сабе, без яго чалавек бы сам вырашыў гэтыя задачы. «Але гэта было б вельмі доўга, час паскараецца, — заявіў Прэзідэнт. — Гэты самы штучны інтэлект, гэты няшчасны камп’ютар, які ўжо дасягнуў вялізных вышынь, дапамагае чалавеку ў гэтым паскарэнні. Ён паскарае работу з данымі, гэты штучны інтэлект, які з’яўляецца часткай інфарматыкі. Паскарае работу з данымі, аўтаматызуе руціну, піша код, генерыруе кантэнт і дапамагае вырашаць складаныя аналітычныя задачы».

Тым не менш, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, за апошнія тры гады ў гэтай сферы адбыўся глабальны тэктанічны зрух. Штучны інтэлект, па яго словах, з навуковых лабараторый і цэнтраў распрацовак перайшоў у кожны смартфон, а значыць і ў звычайнае жыццё.
«З вузкапрафесійнага тэрміна паняцце ператварылася ў паўсядзённае выказванне, — адзначыў беларускі лідар. — Модна збольшага стала. Для адных, перш за ўсё моладзі, штучны інтэлект і нейрасеткі сталі звыклым віртуальным памочнікам, для іншых — лозунгам і іконай, для трэціх — ледзь не пачаткам апакаліпсісу і страхам перад будучыняй».
«Для нас штучны інтэлект не самамэта»
Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў удзельнікам Еўразійскага эканамічнага форуму пра беларускі падыход да выкарыстання штучнага інтэлекту, які заснаваны на двух ключавых пасылах.
«Па-першае, для нас штучны інтэлект не самамэта, не даніна модзе і не падстава ў пагоні за хайпам адмаўляцца ад напрацаваных дзесяцігоддзямі практык, — канкрэтызаваў ён. — Гэта перш за ўсё прыкладны інструмент, які павінен рэальна працаваць на карысць людзей і вытворчасці, павышаючы эфектыўнасць эканомікі і якасць жыцця грамадзян. Па-другое, мы даўно выбралі ўласны шлях у лічбавым развіцці і прытрымліваемся яго. Гэта адмаўленне ад сляпога капіравання замежных тэхналогій і правіл гульні на карысць стварэння айчынных кампетэнцый і сваіх рашэнняў».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь першая на постсавецкай прасторы яшчэ ў 2005 годзе стварыла Парк высокіх тэхналогій. У цяперашні час ён уключае больш за тысячу рэзідэнтаў і больш за 60 тысяч працоўных. «Парк генерыруе амаль 3 % ВУП (2,7 % у 2025 годзе, агульная выручка склала тры мільярды долараў) і каля 17 % экспарту паслуг (дакладней, 16,6 %, або амаль два мільярды долараў у мінулым годзе)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта ў Беларусі распрацаваны мадэльны закон аб тэхналогіях штучнага інтэлекту. «У 2025 годзе ён адобраны Міжпарламенцкай асамблеяй СНД, — адзначыў беларускі лідар. — Адпаведная праблематыка вывучаецца нашай акадэмічнай супольнасцю, ва ўніверсітэтах ствараюцца новыя курсы, спецыяльнасці, распрацоўваюцца нацыянальныя стандарты».
«Штучны інтэлект не заменіць чалавека»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што штучны інтэлект становіцца часткай вытворчасці ў рэальным сектары там, дзе гэта апраўдана. Так, у сферах машынабудавання і металаапрацоўкі тэхналогія камп’ютарнага зроку істотна зніжае вытворчы брак.
«Віртуальныя мадэлі, або, як іх яшчэ называюць, лічбавыя двайнікі рэальных вытворчасцяў, даюць магчымасць адладжваць тэхналагічныя працэсы да фізічнай зборкі і запуску абсталявання», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
У малочнай галіне, па яго словах, робататэхнічныя комплексы дазваляюць аптымізаваць працу і вырашыць праблему недахопу працоўных рук. «Хутка мы сутыкнёмся з тым, што (да чаго давяла ўрбанізацыя) з гарадоў пачнём вазіць даярак, каб падаіць кароў, — папярэдзіў беларускі лідар. — Гэта тэндэнцыя (назіраецца. — „Зв“.) у любой дзяржаве. Адзін комплекс замяняе ад 4 да 20 работнікаў на малочнай вытворчасці. Разумныя сістэмы планавання маршрутаў скарачаюць час дастаўкі гатовай прадукцыі на 17 %. Гэта і эфектыўна, і гарантуе захаванне якасці».

Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівая ўвага ў Беларусі надаецца тэхніцы, якая працуе ў складаных умовах. «Новыя тэхналогіі ўжо інтэграваны ў лінейкі сельскагаспадарчых і горназдабываючых машын вядучых айчынных вытворцаў: Мінскага трактарнага завода, „Гомсельмаша“ і БелАЗа, — канкрэтызаваў ён. — Гэтыя машыны ўжо створаны, яны працуюць ужо не першы год — дапусцім, у Расіі (магчыма, і ў Казахстане), асабліва БелАЗы. У кар’ерах такія сістэмы павышаюць выпрацоўку больш чым на 20 %, на палях зніжаюць страты ўраджаю на чвэрць».
Штучны інтэлект выкарыстоўваецца і ў раслінаводстве для аналізу спадарожнікавых здымкаў і дадзеных палявых датчыкаў. «Гэта садзейнічае больш дакладнаму ўнясенню мінеральных угнаенняў, аптымізацыі паліву і абароне пасеваў, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — У выніку расце ўраджайнасць і зніжаецца экалагічная нагрузка».
Яшчэ адной сферай, дзе ўкараняецца штучны інтэлект, беларускі лідар назваў медыцыну. «Штучны інтэлект выкарыстоўваецца пры стварэнні лекаў, дыягностыцы захворванняў, дапамагае пры правядзенні самых складаных аперацый у кардыялогіі, анкалогіі, уралогіі, — удакладніў ён. — Прычым хірургі могуць кантраляваць працэс дыстанцыйна».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што айчынныя лічбавыя платформы распрацоўваюцца ў транспартнай галіне, лагістыцы, гандлі, дзяржкіраванні і іншых сферах.
Прэзідэнт адзначыў, што прыклады выкарыстання штучнага інтэлекту ў рэальным сектары эканомікі можна прыводзіць доўга, але прынцыповае ў гэтым выпадку іншае. «Пры безумоўных поспехах і відавочных перспектывах штучнага інтэлекту ён не стане прычынай масавай страты працоўных месцаў, і на крадзеж асабістых даных, кібермахлярства і фэйкі ёсць адэкватныя адказы — і ў тэхнічнай, і ў праваахоўнай плоскасцях», — канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што штучны інтэлект не заменіць чалавека, а здымае з яго руцінныя і небяспечныя задачы, дапамагае нарасціць кампетэнцыі і магчымасці інжынераў, тэхнолагаў, аграрыяў, вучоных, чыноўнікаў. «Размова ідзе аб павышэнні каэфіцыента карыснага дзеяння чалавечай працы, — патлумачыў ён. — Там, дзе гэта сапраўды неабходна і дарэчы. Гэта вельмі важна цяпер. Цяпер гэта ва многім перарасло ў моду, і мы лепім дзе патрапіла гэты штучны інтэлект — дзе трэба і дзе не трэба».
«Фундамент для лічбавага ўзаемадзеяння ў ЕАЭС ужо закладзены»
Прэзідэнт адзначыў, што, як паказваюць разлікі, ні адна краіна, нават з развітой інжынернай школай і моцнымі кадрамі, адна не здольна забяспечыць поўны цыкл стварэння, навучання і прамысловага ўкаранення сучасных мадэляў штучнага інтэлекту. «Таму ў гэтай сферы патрэбна больш цесная кааперацыя ў нас у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза», — выказаў упэўненасць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што паміж вядучымі сусветнымі ігракамі фактычна разгарнулася бітва за кантроль над вобласцю камп’ютарных тэхналогій. «Мы не павінны адстаць або патрапіць у залежнасць ад „добрай“ волі цэнтраў сілы, якія спрабуюць навязаць свае правілы гульні», — заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што менавіта тут праяўляецца стратэгічная роля Еўразійскага эканамічнага саюза як платформы для фарміравання тэхналагічнай кааперацыі новага тыпу. «Фундамент для лічбавага ўзаемадзеяння ў ЕАЭС ужо закладзены, — канстатаваў ён. — Сфарміраваны прававыя і тэхналагічныя інструменты для пераходу ад разрозненых нацыянальных ініцыятыў да адзінай еўразійскай лічбавай экасістэмы».

У ліку такіх інструментаў Прэзідэнт назваў фарміраванне агульнай еўразійскай прасторы прамысловых і спажывецкіх даных. «Гэта трэба, каб бяспечна абменьвацца звесткамі для навучання штучнага інтэлекту з улікам асаблівасцяў кожнай з краін — удзельніц аб’яднання», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Іншым інструментам пераходу да адзінай еўразійскай лічбавай экасістэмы беларускі лідар назваў стварэнне сумесных галіновых лічбавых платформ для рэальнага сектара. «Тым самым прадпрыемствы дзяржаў ЕАЭС змогуць атрымліваць гатовыя праграмныя рашэнні для шырокага кола задач, уключаючы прагназаванне попыту і аптымізацыю ланцужкоў паставак, — удакладніў ён. — Важна, што гэта будуць нашы агульныя распрацоўкі, бяспечныя ў выкарыстанні і не залежныя ад знешняй кан’юнктуры».
Яшчэ адзін інструмент, на які ўказаў Аляксандр Лукашэнка, — выпрацоўка агульных падыходаў да сертыфікацыі рашэнняў у сферы штучнага інтэлекту.
«Упэўнены, аб’яднаўшы інжынерны патэнцыял, вытворчыя магутнасці і інтэлектуальныя рэсурсы, мы зможам не проста адаптавацца да выклікаў лічбавай эпохі, а сфарміраваць яе правілы, забяспечваючы тэхналагічнае развіццё і павышэнне якасці жыцця нашых народаў», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт параўнаў уяўную складанасць штучнага інтэлекту з вывучэннем кітайскай мовы. «Узгадваю фразу, сказаную на сямейнай вячэры ў Сі Цзіньпіна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ён крылатую фразу сказаў, якую я памятаю да гэтага часу: кітайскую мову не трэба баяцца вывучаць. Дакладна так і некаторыя баяцца гэтага штучнага інтэлекту, асабліва людзі старэйшага пакалення».
***
Пасля пленарнага пасяджэння Еўразійскага эканамічнага форуму разам з іншымі кіраўнікамі дэлегацый беларускі лідар наведаў выстаўку лічбавых дасягненняў краін ЕАЭС, размешчаную на пляцоўцы Міжнароднага цэнтра штучнага інтэлекту «Alem.ai». У кожнай краіны — свой стэнд. Беларусь прадставіла сімбіёз штучнага інтэлекту і прамысловых тэхналогій у рэальным сектары эканомікі.
Затым Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у нефармальнай вячэры ад імя Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева.
29 мая Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у саміце Еўразійскага эканамічнага саюза. Павестка пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ўключае каля двух дзясяткаў пытанняў. Саміт пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё міжнароднага гандлю і супрацоўніцтва з партнёрамі ЕАЭС, выкарыстанне штучнага інтэлекту, пытанні мытнага заканадаўства, рэалізацыі кааперацыйных праектаў і шэраг іншых.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта.