Сістэма штучнага інтэлекту змагла выявіць амаль траціну агрэсіўных пухлін малочнай залозы, якія не заўважылі ўрачы пры ручной дыягностыцы. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі Гарвардскага ўніверсітэта, паведамляе Smartpress. by.
Гаворка ідзе аб пухлінах, якія развіваюцца ў міжінтэрвальны перыяд — паміж планавымі мамаграфічнымі абследаваннямі. Такія новаўтварэнні лічацца найбольш небяспечнымі: яны хутка растуць, часта маскіруюцца пад шчыльныя тканіны і не заўсёды адрозныя на стандартных двухмерных здымках.
Гарвардскія вучоныя пратэставалі работу ШІ на масіве з 1,4 тысячы тамасінтэзаў — аб’ёмных рэнтгенаўскіх выяў малочнай залозы. У выбарцы было 224 выпадкі злаякасных пухлін, якія ўрачы не распазналі. Штучны інтэлект дакладна выявіў 73 з іх — гэта 32% ад усіх прапушчаных дыягназаў.
Дацэнт Гарвардскага універсітэта Маніша Баль падкрэсліла, што ШІ не толькі ідэнтыфікаваў пухліны, але і вызначыў іх межы з высокай дакладнасцю:
«Гэта падкрэслівае патэнцыял штучнага інтэлекту як інструмента другога меркавання ў дыягностыцы рака грудзей».
Аўтары даследавання ўпэўненыя, што ўкараненне ШІ ў працэдуры маммографіі можа павысіць дакладнасць выяўлення рака і адначасова скараціць колькасць абследаванняў, не зніжаючы іх эфектыўнасці. Асабліва гэта важна для дыягностыкі хуткарослых формаў рака, якія ўяўляюць найбольшую пагрозу для жыцця.