Top.Mail.Ru

Шклаўчане расказалі пра славутага земляка на прэзентацыі кнігі «Наш Прэзідэнт»

«Яго словы ніколі не разыходзяцца са справай»

Дакументальна-біяграфічны нарыс «Наш Прэзідэнт» прэзентавалі на радзіме кіраўніка дзяржавы ў Шклове. Размова сярод землякоў атрымалася цёплай і душэўнай: было шмат аповедаў і добрых успамінаў, усмешак і авацый у адрас аўтарскага калектыву кнігі, перадае БелТА.

Выданне прэзентавалі ў розных гарадах, але ўпершыню — на шклоўскай зямлі, дзе Прэзідэнта ведаюць і адчуваюць як нідзе, бо менавіта тут ён пачынаў свой жыццёвы і працоўны шлях. Ён запомніўся сваім землякам строгім, але справядлівым, а яшчэ — працавітым і мэтанакіраваным. Так, калі Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў саўгас «Гарадзец» Шклоўскага раёна, гаспадарка была ў сумным стане: ні дарог, ні добрых ферм, ні 

кармоў, ні надояў. Зарплату людзі атрымлівалі праз раз, а моладзь нават і не думала заставацца тут працаваць.

Намаганнямі будучага Прэзідэнта ўсё змянілася, і справы ў саўгасе пайшлі ўгару. Сведкам гэтага быў даяр Віктар Петакоў, які адпрацаваў тут 45 гадоў. На прэзентацыі ён з непадробнай цікавасцю гартаў старонкі новай кнігі і ўсміхаўся, успамінаючы

ранейшыя часы і ўбачыўшы знакавыя твары на здымках.

«Аляксандр Рыгоравіч адразу прыйшоў да нас як гаспадар, і ўсё стала мяняцца: падсыпалі дарогі, пачалі рамантаваць хлявы, бідоны з малаком перасталі насіць на сабе і сталі вазіць на калясках. 

Ужо ў першую зіму хапіла кармоў, а сянаж застаўся нават на лета. Да ўсіх пытанняў ён падыходзіў з веданнем справы, і ўсе яго шанавалі: ён сам быў рабацяга, шмат працаваў і ад іншых гэтага патрабаваў», — успамінае ён.

Віктар Аляксеевіч успамінае, што нават склаў прыпеўку пра новага кіраўніка і выканаў на адным са свят: «Лукашэнка да нас прыехаў з калгаса Леніна, і саўгас ён наш павёў па запаветах Леніна». «Аляксандр Рыгоравіч добра рэагаваў на маю творчасць, я ж спяваў і выступаў заўсёды, — усміхаецца працаўнік сельскай гаспадаркі. — Пазней, калі ён ужо быў дэпутатам, прыходзіў нават мяне паслухаць у Дом культуры імя Дзяржынскага».

Віктар Петакоў глядзіць на кнігу аб Прэзідэнце, якую трымае ў руках, і дадае: «Годны кіраўнік, такія Богам даюцца толькі раз. Ён не забывае сваю малую радзіму, імкнецца падтрымліваць і развіваць, каб людзі тут працягвалі жыць, каб моладзь не з’язджала. Яго землякі гэта бачаць і любяць яго за гэта. Мая маці, якой ужо 89 гадоў, кажа: «Беражыце Лукашэнку, калі яго не будзе — і толку не будзе».

Кніга выклікала непадробную цікавасць у мясцовых жыхароў: яшчэ за гадзіну да прэзентацыі выстраіліся вялізныя чэргі — кожны хацеў набыць яе для працоўнага калектыву, асабіста для сябе ці для бацькоў. Сярод першых пакупнікоў — Кацярына Пятроўская, дырэктар Александрыйскай сярэдняй школы, дзе вучыўся будучы кіраўнік дзяржавы. «У нашай школе знаходзіцца экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Прэзідэнта, — адзначыла яна. — Дзякуючы гэтай кнізе мы можам удакладніць і зверыць пэўныя біяграфічныя моманты і дапоўніць свае экскурсіі. Лічу, што такая кніга павінна быць настольнай у кожнай установе адукацыі».

Кацярына Пятроўская падкрэсліла, што для беларускай моладзі важна расці на такіх прыкладах. 

«Прэзідэнт заслужыў усенародную любоў тым, што асабіста паказвае, як трэба любіць сваю зямлю і людзей, якія тут жывуць. 

Яго словы ніколі не разыходзяцца са справай, і гэта дарагога варта. Мы бачым, як шмат ім зроблена для таго, каб мы жылі ў міры і камфортных умовах», — сказала яна.

Размову падхоплівае дырэктар сярэдняй школы № 4 Шклова Ірына Цызаль. «Не магла прапусціць прэзентацыю, бо гэта магчымасць дакрануцца да гісторыі беларускай дзяржавы і біяграфіі нашага лідара, якога мы любім, паважаем і ганарымся тым, што мы — яго землякі, — падкрэсліла яна. — Ён вельмі моцны чалавек і лідар, які ў першую чаргу думае не аб сабе, а аб сваёй краіне і сваім народзе. А нам, простым людзям, важныя простыя каштоўнасці: каб быў мір, каб мы маглі бясплатна лячыцца, на працы плацілі заробак, а нашы дзеці вучыліся там, дзе хацелі»

Вера Феафанаўна Кастэнка 50 гадоў аддала кіруючай рабоце, з якіх 17 з паловай працавала ў Шклоўскім раёне. Яна з гонарам зазначае, што Магілёўская вобласць адыграла вызначальную ролю ў развіцці краіны. 

«У нас зараджалася дзяржаўнасць, таму што тут нарадзіўся першы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — чалавек асаблівай загартоўкі, з якім мне пашчасціла працаваць. Ён быў вельмі таленавітым і працавітым, быў увесь час у пошуку і мог мабілізаваць тых, хто знаходзіўся побач. 

Ён добра ведаў сяло, сялянскую працу, мог захапіць і скіраваць — гэтыя якасці ў яго былі заўсёды. У 33 гады ўзначаліць саўгас, тым больш у пераходны перыяд, — гэта вялікі дар кіраўніка».

Генадзь Лаўранкоў 14 гадоў адпрацаваў на пасадзе памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Магілёўскай вобласці. На прэзентацыі ён падкрэсліў, што гэтая кніга — не толькі 30-гадовая гісторыя прэзідэнцтва, але і праца, дзе можна прачытаць аб сваім земляку. «У яго заўсёды была пазіцыя: хто, калі не я, — успамінае суразмоўца.

— Чаму яго людзі паважаюць? Таму што заўсёды рабіў тое, што абяцаў. Ён заўсёды выказвае сваё меркаванне, да якога прыслухоўваюцца нават за мяжой, таму землякі яго падтрымліваюць і не пасмеюць падвесці. 

І на нас ляжыць адказнасць працаваць лепш за іншых, каб ніхто не сказаў, што нам патураюць».

Прэзентацыя кнігі на малой радзіме Прэзідэнта стала знакавай падзеяй як для ўсяго аўтарскага калектыву, так і для жыхароў 

Шклоўскага раёна. Сустрэча — добрая нагода абмяняцца ўспамінамі і падзяліцца ўражаннямі аб вядомым ураджэнцы шклоўскай зямлі. Адзін з аўтараў выдання — доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Аляксандр Радзькоў у свой час быў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, міністрам адукацыі, а таксама рэктарам МДУ імя А. А. Куляшова — альма-матар кіраўніка дзяржавы. У размове са шклаўчанамі ён звярнуў увагу, што лідарства ў нашага Прэзідэнта — прыроджаная якасць, менавіта такі дар яму дастаўся ад прыроды.

«Зрабіць кнігу аб Прэзідэнце, з аднаго боку, — проста, таму што ўсё яго жыццё ў нас перад вачыма, з другога — складана, таму што неабходна перадаць яго рысы характару і іншыя асаблівасці, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Наш Прэзідэнт — гэта наша дзяржава, таму кніга адлюстроўвае не толькі жыццёвы шлях, але і развіццё ўсёй краіны».

Анатоль Ісачанка адзначыў, што яму, як і кіраўніку дзяржавы, давялося ўзначальваць саўгас «Гарадзец» Шклоўскага раёна. І людзі, з якімі ён працаваў, гаварылі аб адным: Прэзідэнт строгі, але заўсёды справядлівы. «У яго заўсёды прасочвалася такое трапяткое стаўленне да людзей разам з жорсткім патрабаваннем, — працягнуў ён. — І гэтая загартоўка кіраўніка з ім на працягу ўсяго жыцця. Так і сёння: нараўне з патрабаваннем — вельмі трапяткое і беражлівае стаўленне да нашых людзей. Прасочваючы ўвесь яго жыццёвы шлях, разумееш: прэзідэнтамі не нараджаюцца — прэзідэнтамі становяцца. І гэтая кніга чарговы раз пацвярджае гэтую думку»

Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант падкрэсліла, што прэзентацыя кнігі «Наш Прэзідэнт» у Шклове асаблівая, бо сустрэча была ініцыіравана землякамі кіраўніка дзяржавы. Улічваючы, што ў раёне жыве шмат людзей, хто добра ведаў Аляксандра Лукашэнку асабіста і працаваў з ім, для творчага калектыву гэтым разам было важна не казаць, а менавіта слухаць. «У гэтых месцах мы заўсёды адчуваем Прэзідэнта па-асабліваму, — падкрэсліла яна. — На сваёй радзіме ён не такі, як у іншых кутках нашай краіны — з асаблівымі эмоцыямі і пачуццямі, адносінамі да гэтай зямлі. Уся гісторыя нашай краіны пачыналася адсюль, як і гэта кніга».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю