Top.Mail.Ru
179

Шкодныя выкіды ў атмасферу ў Мінску скарачаюцца

Колькасць шкодных выкідаў ад мабільных крыніц у сталіцы ўстойліва скарачаецца, а доля электратранспарту, які ўдзельнічае ў пасажырскіх перавозках, складае ўжо 56,6 %, заявіў старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка на выніковай калегіі ведамства.


Узровень забруджвання паветра ў мінулым годзе ацэньваўся ў асноўным як вельмі добры, добры і ўмераны. Перыяды, калі паказчык апускаўся да адзнакі «здавальняюча», нязначныя і рэгістраваліся ў двух раёнах (вул. Каржанеўскага і мікрараён «Уручча»). Яны былі выкліканы дэфіцытам ападкаў. Асноўнай крыніцай забруджвання атмасфернага паветра па-ранейшаму з’яўляецца транспарт, на які прыпадае 80 % выкідаў. Хоць Мінск з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, доля выкідаў ад стацыянарных крыніц прадпрыемстваў невялікая — усяго 20 %.

Актуальнае пытанне, якое знаходзіцца ў цэнтры ўвагі гарадскіх улад — рэканструкцыя палігона ЦКА «Трасцянецкі». Цяпер ён запоўнены на 96 % і дасягненне гранічных разліковых аб’ёмаў прагназуецца ў 3 квартале 2025 года. У рамках праекта плануецца будаўніцтва больш як 20 аб’ектаў, што дасць магчымасць значна павялічыць магутнасці прадпрыемства па перапрацоўцы ЦКА са 100 да 600 тыс. т у год. У вытворчым корпусе размесцяцца лініі па сартаванні ЦКА і лініі па вытворчасці RDF-паліва. Да ліпеня гэтага года плануецца завяршыць узвядзенне 3-й чаргі палігона, будзе створана сістэма збору і ачысткі фільтрата, які ўтвараецца на ўсіх чэргах будаўніцтва палігона.

Адной з умоў забеспячэння спрыяльнага гарадскога асяроддзя з’яўляецца якаснае азеляненне тэрыторый. За мінулы год, як расказаў Валянцін Шатраўка, у сталіцы высадзілі звыш 59 тыс. дрэў і 342 тыс. кустоў і ўладкавалі 289 га газонаў. У рамках кампенсацыйных пасадак наўзамен выдаляных высадзілі 22 тыс. дрэў і 28 тыс. кустоў. Пры гэтым выдаленне разглядаецца як крайняя мера, ужыванне якой дапушчальна толькі тады, калі варыянтаў захавання аб’ектаў расліннага свету не застаецца.

Важным мерапрыемствам па захаванні біялагічнай разнастайнасці з’яўляецца рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці інвазіўных раслін, такіх як баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі. Плошча росту баршчэўніка Сасноўскага ў горадзе паступова зніжаецца і ў 2024 годзе склала 14,2 га. Барацьба з сумнікам таксама пазітыўная, але скарачэнне ідзе больш маруднымі тэмпамі. Гэта выклікана недастатковымі і несвоечасовымі мерамі, якія прымаюцца землекарыстальнікамі. У мэтах павышэння эфектыўнасці барацьбы з інвазіўнымі раслінамі ў 2025 годзе будзе ў 2,5 раза павялічана фінансаванне такіх мерапрыемстваў, а таксама ўзмоцнены патрабаванні і кантроль іх выканання.

Пад ахову сталічным карыстальнікам зямельных участкаў перададзена 4 месцы пасялення дзікіх жывёл і 110 месцаў вырастання дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Пад асаблівай увагай спецыялістаў прыродаахоўнага ведамства таксама знаходзіцца рэдкі біятоп на правым беразе старыцы ракі Свіслач у парку Чырвоная Слабада і тыповы біятоп каля скрыжавання МКАД і трасы Мінск-Брэст. Першы — стараўзроставая дуброва (2,7 га) з ліпамі, клёнамі, ясенямі на стромкім схіле берага ракі, а другі — пераходнае балота, дзе сустракаюцца 2 чырвонакніжныя расліны і 4 віды раслін, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун акцэнтаваў увагу на сітуацыі з мадэрнізацыяй чыгуналіцейнай вытворчасці на ААТ «МТЗ». З запланаваных на 2024 год 15 мерапрыемстваў выкананы ўсяго тры. Пры гэтым за парушэнне ўмоў ажыццяўлення выкідаў ААТ «МТЗ» двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Прадстаўнік адміністрацыі горада упэўнены, што неабходна больш жорстка падыходзіць да пытанняў парушэння экалагічных норм, тым больш калі гэта датычыцца здароўя і дабрабыту людзей. Сталіца павінна быць чыстым, прыгожым і ўтульным горадам.

Андрэй САКАЛОЎ

Фота аўтара, з архіва Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю