Top.Mail.Ru

«Школа юнага бусляняці»: БДУ запускае курсы беларускай мовы для вучняў 5–7-х класаў

У Беларускім дзяржаўным універсітэце 28 лістапада ўпершыню стартуе адукацыйны праект па вывучэнні беларускай мовы для навучэнцаў 5–7-х класаў «Школа юнага бусляняці». Пра гэта паведамілі карэспандэнту БелТА ў прэс-службе ВНУ.


Ініцыятарам праекта выступіў філалагічны факультэт БДУ. Сярод галоўных мэт школы — папулярызацыя роднай мовы, павышэнне ўзроўню пісьменнасці дзяцей, а таксама іх знаёмства з факультэтам для ўсвядомленага выбару будучай прафесіі.

«Заняткі для навучэнцаў такога ўзросту да гэтага часу ў БДУ не праводзіліся. Рост інтарэсу да мовы і запыт ад школьнікаў на дадатковае вывучэнне яе асаблівасцяў і спецыфікі падштурхнулі філолагаў БДУ адкрыць курсы для 5–7-х класаў», — праінфармавалі ў прэс-службе.

Праводзіць адукацыйныя сустрэчы будуць выкладчыкі кафедры беларускага мовазнаўства. Фармат навучання адаптаваны спецыяльна пад узрост удзельнікаў і максімальна адрозніваецца ад звыклай школьнай праграмы.

«У першую чаргу мы імкнуліся адысці ад фармату класічнага ўрока. Нам важна, каб кожнае дзіця адчувала сябе спакойна і знаходзілася ў атмасферы падтрымкі, сяброўства і зацікаўленасці. Менавіта таму аснову навучання складуць гульні, віктарыны, інтэрактыўныя заняткі з акцэнтам на пашырэнне слоўнікавага запасу і павышэнне ўзроўню пісьменнасці. Таксама вялікую ўвагу нададзім перакладу і разбору частых памылак. Самае галоўнае — даць магчымасць выхаванцам вучыцца без адзнак і страху зрабіць памылку», — расказала загадчыца кафедры беларускага мовазнаўства БДУ Наталля Чарнаброўкіна.


Навучанне ў «Школе юнага бусляняці» бясплатнае. Заняткі плануюць праводзіць раз на два тыдні, але пры высокай запатрабаванасці графік могуць скарэктаваць. Рэгістрацыя ўжо адкрыта, пры гэтым далучыцца да праекта школьнікі змогуць на любым этапе. «Школа юнага бусляняці» арганізавана ў рамках традыцыйнай Школы юнага філолага БДУ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю