З года ў год расце прэстыж сельскагаспадарчых прафесій, і нездарма, бо сёння краіна будуе сучасныя малочнатаварныя комплексы, аўтаматызуе вытворчыя працэсы на прадпрыемствах, а сучасныя камбайны па ўзроўні камфорту ўвогуле могуць паспаборнічаць з навінкамі легкавога аўтапрама. Тым не менш, любоў да працы на зямлі і ўсведамленне важнасці аграрнай галіны ў развіцці Беларусі трэба прывіваць з дзяцінства. Гэтым паспяхова займаюцца педагогі Параф’янаўскай сярэдняй школы, што ў Докшыцкім раёне.
Цяпер у невялікай сельскай школе вучацца каля 100 школьнікаў. Факультатывы і гадзіны грамадскай карыснай працы дзеці разам з настаўнікамі праводзяць за вывучэннем агратэхналогій, сельскагаспадарчай тэхнікі. А своеасаблівы школьны гарод радуе не толькі класічнымі бульбай-морквай-капустай, але і паласатымі гарбузамі, і лекавымі раслінамі. У дзвюх цяпліцах школьнікі вучацца вырошчваць памідоры, у мінулым сезоне пасеялі 1,5 гектара збожжа, у планах на наступны — пасадзіць каля пяці кілаграмаў фасолі.
Як расказала настаўнік працоўнага навучання Вольга Сазановіч, «брэндам» установы адукацыі, без сумнення, з’яўляецца цыбуля. Здаўна на школьным гародзе вырошчвалі сорт «Штутгартэр», пазней прыйшлі і да модных «Алонса», «Эксібішэн», «Рэд барон». Тэхналогіі вырошчвання і сакрэты высокіх ураджаяў дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка апісваюць у даследчых работах. Адна з іх, напрыклад, нядаўна ўзяла «бронзу» на рэспубліканскім узроўні.
Прычым хімічным угнаенням тут катэгарычна кажуць «не», бо гародніна, вырашчаная ў школе, ідзе ў першую чаргу на харчаванне для дзяцей, у другую — на сельскагаспадарчыя кірмашы ўстаноў адукацыі. Прадукцыю Параф’янаўскай СШ ужо добра ведаюць у раёне, а на атрыманыя сродкі школа самастойна праводзіць рамонт, умацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу. Пасля таго, як цыбулю сабралі з поля, участак засейваюць жытам, а па перыметры высаджваюць аксаміткі, бо гэтых кветак баіцца галоўны вораг гэтай гародніны — цыбульная муха.
Профільныя класы аграрнага кірунку з’явіліся на Віцебшчыне ў 2018 годзе, з года ў год іх колькасць расце. Сёння магчымасць навучацца ў такіх класах і групах у Докшыцкім раёне маюць навучэнцы Сітцаўскай, Парплішчанскай, Крулеўшчынскай, Глінскай і Параф’янаўскай школ. У чатырох агракласах і трох аграгрупах навучаюцца 34 школьнікі, адметнасць такой спецыялізацыі — наведванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, аграсуботы і прафарыентацыйныя злёты моладзі.
Праз год трое дзесяцікласнікаў Параф’янаўскай школы скончаць установу адукацыі і свой аграрны клас. На тое, каб абраць менавіта гэты кірунак для вывучэння ў выглядзе факультатываў, у кожнага школьніка былі свае прычыны. Напрыклад, у Івана Мароза бацька працуе трактарыстам-машыністам у Докшыцкім райаграсэрвісе, а бабуля займаецца развядзеннем цялят. Бацькі Карыны Галавашка таксама працуюць у галіне сельскай гаспадаркі, а Насця Шаўчэнка ўжо вызначылася з будучай прафесіяй: дзяўчына плануе паступаць у аграрную ВНУ. Будучыя выпускнікі ўпэўнены: тое, што яны змаглі вывучыць з пятага класа аб працы на зямлі, абавязкова ім спатрэбіцца не толькі ў прафесіі, але і ў паўсядзённым дарослым жыцці.
Фота «Витебские вести»