Двое вучняў з Беларусі прадставілі свае распрацоўкі на анлайн-этапе Міжнароднага конкурсу экалагічных праектаў і вынаходак International Science and Invention Fair (ISIF) 2026 у Інданезіі. Яны абодва занялі прызавыя месцы, а праект Антона Куляшова і зусім выбралі лепшым. На конкурс сёлета было заяўлена больш за 1,5 тыс. каманд з 25 краін, але нашы хлопцы аказаліся наперадзе ўсіх, перадае БелТА.
Бактэрыі з Інданезіі для беларускіх раслін
Для перамогі Антон Куляшоў з Мінска вывучыў мікробны склад глеб вострава Ява і знайшоў каштоўныя бактэрыі, якія можна выкарыстоўваць у айчынным раслінаводстве.
«Асабліва цікава было вывучаць незвычайныя вулканічныя глебы і мікробы з падножжа вулкана Брома. Многія з іх аказаліся карыснымі для вырошчвання раслін. З глебы, сабранай з поля цукровага трыснягу, мы вылучылі моцныя стымулятары росту раслін, а з вулканічнай глебы — наймацнейшых антаганістаў шкодных грыбоў, якія выклікаюць хваробы ў нашых беларускіх раслін. Цяпер іх трэба дэталёва вывучаць і, магчыма, атрымаецца стварыць мікробнае ўгнаенне або біяфунгіцыд, якія будуць бяспечныя для навакольнага асяроддзя», — расказаў уладальнік першага месца.
Медаліст займаецца ў цэнтры «Экаінавацыя». Ён адзначыў, што яны ўвесь час вывучаюць мікраарганізмы на занятках, асабліва глебавыя, карысныя для раслін. «Таму сама ідэя праекта ляжала на паверхні. Але вось магчымасць даследаваць глебы вострава Ява ў Інданезіі не часта выпадае. Таму я ўхапіўся за гэтую тэму і не пралічыўся. На жаль, я сам не адбіраў ўзоры на месцы, але нават проста даследаваць іх мікробны склад было вельмі займальна. Самым складаным было аформіць вынікі ў выглядзе справаздачы. Хоць гэта і вельмі патрэбная праца, усё ж працаваць у лабараторыі значна цікавей», — мяркуе пераможца.
Летась даследчык ужо ўдзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе навуковых праектаў і бачыў, як стараюцца хлопцы і дзяўчаты, якія хочуць трапіць на міжнародны конкурс. «Я адчуў у сабе сілы таксама пазмагацца за такую магчымасць і як вынік — перамога», — дадаў ён.
Антон даведаўся пра залаты медаль, калі знаходзіўся на занятках. Ён спадзяваўся на першае месца, але не разлічваў. «У конкурсе прымалі ўдзел вельмі моцныя вучні з розных краін з цікавымі праектамі. Таму эмоцыі мяне захліснулі, і я некаторы час проста не мог паверыць. Калі ўсвядоміў вынік у поўнай меры, зразумеў, што наша навука наперадзе ўсіх, што мы робім усё на вельмі высокім узроўні», — запэўніў юнак.
Падоўжыць жыццё любімых прадуктаў
Старшакласніца Ксенія Корнева з Новалукомля са сваім праектам заняла другое месца. Дзяўчына высветліла, як з дапамогай мікробаў можна падоўжыць тэрмін прыдатнасці садавіны і агародніны — быў створаны спецыяльны прэпарат.
«Сёння траціна ўсёй ежы, якая вырабляецца ў свеце, ідзе ў адходы. Псаванне гародніны і садавіны пры захоўванні складае большую частку страт сельгаспрадукцыі. Але выкінутая ежа — гэта не проста сацыяльная і гуманітарная праблема. Калі мы ўтылізуем ежу, разам з ёй выходзіць уся энергія і вада, выдаткаваныя для вырошчвання, збору, транспарціроўкі і ўпакоўкі. Да таго ж, калі прадукты гніюць, то выдзяляюць парніковыя газы, якія адмоўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе і здароўе жывых арганізмаў. Калі мы будзем менш адпраўляць ва ўтыль, то скароцім і выкіды», — патлумачыла даследчыца.
Для барацьбы з хваробамі садавіны і агародніны ў асноўным выкарыстоўваюцца сінтэтычныя фунгіцыды. Але глабальная тэндэнцыя ссоўваецца ў бок скарачэння іх выкарыстання. Актуальней становіцца пошук больш бяспечных і экалагічна чыстых альтэрнатыў для паляпшэння захоўвання гародніны і садавіны.
«Таму мы вырашылі вывучыць бактэрыі, якія здольныя знізіць псаванне гародніны і садавіны пры захоўванні для стварэння мікробнага прэпарату. Улік біяпашкоджанняў агародніны і садавіны вялі на 7-я, 14-я і 21-я суткі ад пачатку эксперыменту. Рабілі яго візуальна, падлічвалі колькасць і памер ачагоў пашкоджанняў. І ў ходзе эксперыменту іх колькасць у вопыце была ў 12 разоў меншая, чым у кантролі», — падзялілася прызёр.
Ксенія расказала і пра сам дослед. «Высейвалі на пажыўнае асяроддзе пробы раствору глебы. Затым адбіралі ізаляваныя калоніі і кожнаму прысвойвалі імя, напрыклад, КПС1, КПС2. З дапамогай адбору стварылі калекцыю бактэрый з 24 ізалятаў. Потым выявілі, які з іх з’яўляецца найбольш прыдатным для асновы біялагічнага прэпарату. Бактэрыя адносіцца да роду Bacillus, як мяркуецца Bacillus subtilis, якія з’яўляюцца бяспечнай для жывых арганізмаў», — расказала яна.
Па словах канкурсанткі, самым складаным было адабраць ізаляваныя калоніі бактэрый з глебавага раствору і захаваць стэрыльнасць, каб не было забруджванняў. «Вельмі хацелася б, каб прадукцыя выйшла ў вытворчасць. Праект развіваўся на працягу двух-трох гадоў, думаю, новыя ідэі з’явяцца з развіццём сельскай гаспадаркі», — дадала дзяўчына.