З 2 па 6 кастрычніка пройдзе патрыятычная акцыя «Адзінства пакаленняў: маршрут памяці» ў фармаце аўтацягніка. У ёй бяруць удзел 55 школьнікаў з усёй краіны. Гэта фіналісты рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны».
Хлопцы і дзяўчаты змагаліся за права прадставіць Беларусь у міжнародным праекце «Цягнік Памяці», дарэчы, сёлета жаданне праехаць патрыятычным маршрутам выказалі 12 тысяч беларускіх дзесяцікласнікаў. Упершыню для тых, хто не трапіў у асноўны састаў, арганізуецца дадатковае падарожжа.
Падчас асенніх канікул школьнікі праедуць па ўсіх абласцях Беларусі, наведаюць мемарыяльныя комплексы (сярод якіх — Хатынь, Чырвоны Бераг, Буйніцкае поле), пабываюць у навучальных установах і на прадпрыемствах. У гарадах для падлеткаў падрыхтаваны экскурсійныя і пазнавальныя праграмы.
Для хлопцаў і дзяўчат гэта выдатная магчымасць больш даведацца пра сваю краіну, убачыць, чым ганарацца нашы абласныя цэнтры. Таксама падчас вандроўкі старшакласнікі могуць знайсці новых сяброў, падзяліцца вопытам, намеціць новыя сумесныя праекты. Гэтыя падлеткі ўжо даказалі, што ім цікава мінулае краіны, захаванне гістарычнай праўды і што яны хочуць зрабіць унёсак у развіццё сваёй краіны. Яны актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных акцыях, форумах, праектах, развіваюць ініцыятывы ў сваіх навучальных установах і грамадскіх арганізацыях.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ