Другі абласны конкурс паходаў «Мой край Прыдняпроўскі: маршрутамі памяці» сабраў у рамках праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» восем каманд з Магілёва, Асіповіцкага, Крычаўскага і Быхаўскага раёнаў. Да вучняў Свіслацкай і Цэльскай сярэдніх школ Асіповіцкага краю і каманд сярэдніх школ № 8 і № 46 Магілёва далучыліся выхаванцы Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кречуць», магілёўскага Цэнтра творчасці «Эверэст», «Быхаўскага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі», а таксама навучэнцы «Магілёўскага тэхналагічнага каледжа». Мерапрыемства, якое прымеркавана да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, праходзіла па славутых мясцінах Быхаўскага раёна.
Перад тым, як адправіцца па маршруце, рабяты атрымалі ад прадстаўнікоў раённай улады пажаданні на дарогу і ўсклалі кветкі да помніка Героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны.
За два дні паходу ўдзельнікі пераадолелі 15 кіламетраў, завяршыў яго на мемарыяльным комплексе «Лудчыцкая вышыня». Час, праведзены разам, быў напоўнены цікавымі падзеямі, спаборніцтвамі, гульнямі. Падлеткі практыкаваліся ў пераадольванні спартыўна-краязнаўчай эстафеты, дэманстравалі зладжанасць і спрыт у спартыўна-турыстычных конкурсах, знаходзілі адказы на няпростыя пытанні краязнаўчага квэста.

Падчас мітынгу на мемарыяльным комплексе ўдзельнікі казалі аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці і супрацьстаяння пагрозам накшталт нацызму. На памяць аб паходзе рабяты атрымалі імянныя сертыфікаты.
— Асабліва важна, што хлопчыкі і дзяўчаты ўбачылі шмат прыгожых месцаў сваёй малой радзімы, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Наталля Стральцова. — Паходы карысныя тым, што знаёмяць падлеткаў з культурнай спадчынай Магілёўскай вобласці і здольныя пераканаць іх, што гэтыя стасункі больш цікавыя і захапляльныя, чым гаджэты. Сумеснае падарожжа дапамагае прасякнуцца не толькі прыгажосцю, а і гісторыяй нашага краю. Паходы па тых мясцінах, дзе «Радзімы нашай пачатак» здольныя накіраваць у рэчышча стварэння і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны радзімы нашы думкі, стварыць тую непаўторную атмасферу адзінства і дружбы, якая фарміруе сапраўдных грамадзян і патрыётаў краіны. Мы — адзіная каманда Магілёўскай вобласці

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці