— Я вельмі даўно гару авіяцыяй, таму, калі з’явілася такая магчымасць, адразу вырашыла скарыстацца ёю. Занятак па англійскай мове мне вельмі спадабаўся: усё было выразна структуравана і цікава.
Наступным этапам стала практычнае знаёмства з беспілотнай авіяцыяй. Школьнікам таксама паказалі матэрыяльна-тэхнічную базу акадэміі, у тым ліку лётна-навігацыйны працэдурны трэнажор Diamond DA-42 NG і віртуальны працэдурны трэнажор Boeing 737NG. Акрамя таго, удзельнікі паспрабавалі сябе ў адпрацоўцы базавых навыкаў кіравання паветраным рухам у спецыялізаваных аўдыторыях.
Як адзначыў інжынер лабараторыі беспілотных авіяцыйных сістэм АНТЦ Данііл Шпілеўскі, адна з галоўных задач праекта — сабраць у акадэміі матываваных школьнікаў і даць ім магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём курсантаў і грамадзянскай авіяцыяй. Важную ролю ў праграме адыгрывае і прафарыентацыйная экскурсія, якая дазваляе не толькі атрымаць інфармацыю, але і ўбачыць работу авіяцыйных арганізацый на практыцы.
Фінальнай часткай дня стала наведванне Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» МНС Беларусі. На аэрадроме базіравання ўдзельнікі агледзелі верталёты, самалёты і беспілотныя авіяцыйныя комплексы, а таксама даведаліся, як авіяцыйная тэхніка выкарыстоўваецца для папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Для вучня 11-га класа Халопеніцкай сярэдняй школы імя М. Багдановіча Максіма Глінніка, які плануе паступаць на пілота, удзел у праекце стаў дадатковым стымулам на шляху да мэты. Паводле яго слоў, атрыманы досвед яшчэ больш умацаваў жаданне звязаць будучыню з авіяцыяй.
Завяршыўся сезон узнагароджаннем школьнікаў і адказамі на іх пытанні. Вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Хількевіч звярнула ўвагу, што праект праводзіцца ўжо пяты год і дапамагае ўдзельнікам больш абгрунтавана вызначыцца з прафесійным выбарам. Яна таксама адзначыла, што некаторыя школьнікі пасля ўдзелу ў ініцыятыве прыходзяць у акадэмію ўжо ў якасці абітурыентаў.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД