Top.Mail.Ru

Што чакае беларускіх школ і вучняў у новым навучальным годзе?

Колькі школ адчыняць свае дзверы для вучняў у новым навучальным годзе, як шмат сярод іх першакласнікаў, а таксама якія новаўвядзенні прадугледжаны сёлета ва ўстановах адукацыі?


Пытанні падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да 2025/2026 навучальнага года разгледзелі ва ўрадзе.

У прыватнасці, у новым навучальным годзе ў Беларусі будуць працаваць 3,6 тысячы ўстаноў дашкольнай адукацыі, якія будуць наведваць 327,1 тысячы выхаванцаў. Таксама будуць функцыянаваць 2627 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, вучэбныя заняткі ў якіх будуць наведваць каля 1,05 мільёна навучэнцаў, у тым ліку 90 тысяч першакласнікаў.

Як паведамілі ў прэс-службе Саўміна, на нарадзе было адзначана, што ў краіне вядзецца мэтанакіраваная работа па комплекснай падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Пашпарты гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года павінны быць зацверджаны не пазней за 20 жніўня.

У цэлым па краіне завершана работа камісій па ацэнцы стану гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года, кіраўнікам устаноў перададзены акты. Дзяржаўным органам даручана пракантраляваць правядзенне ва ўстановах адукацыі рамонтных работ згодна са складзенымі планамі-графікамі.

Акрамя таго, выканкамамі праводзіцца мэтанакіраваная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школьных харчаблокаў і сталовых, у тым ліку з улікам арганізацыі харчавання з 1 верасня 2024 года па новых прынцыпах.

На нарадзе таксама была падкрэслена неабходнасць арганізацыі бясплатнай перавозкі навучэнцаў да ўстаноў адукацыі. У гэтых мэтах плануецца задзейнічаць каля 1,6 тысячы школьных аўтобусаў. У цэлым у 2025 годзе запланавана набыццё 238 школьных аўтобусаў.

Была абмеркавана на нарадзе яшчэ адна навацыя, якая мае пэўны рэзананс у грамадстве: з 1 верасня школьнікі павінны прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі.

Абмяркоўвалася таксама дзейнасць школьных кірмашоў, якія па ўсёй краіне традыцыйна адкрываюцца ў сярэдзіне ліпеня.

Штогод у арганізацыях гандлю прапаноўваецца шырокі асартымент школьнага адзення, абутку, галантарэйных тавараў і школьна-пісьмовых прылад. Да новага 2025/2026 навучальнага года прадпрыемствамі швейнай і трыкатажнай галін плануецца вырабіць каля 400 тысяч вырабаў і паставіць у гандлёвыя арганізацыі 575 тысяч вырабаў. Прадпрыемствы гарбарна-абутковай галіны канцэрна «Беллегпрам» плануюць да пачатку навучальнага года вырабіць 20 тысяч пар абутку і 10 тысяч адзінак галантарэйнай прадукцыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю