Top.Mail.Ru

«Шлях да неўміручасці». Выстава да юбілею Кандрата Крапівы адкрылася ў Мінску

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася кніжна-дакументальная выстаўка «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, перадае БелТА.


Паводле слоў вядучага метадыста сектара арганізацыі кніжных выставак аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Надзеі Кірчанка, выстава складаецца з некалькіх тэматычных раздзелаў.

«Вельмі хацелася, каб на выставе была магчымасць не толькі ўбачыць унікальныя дакументы і зборнікі, а пачытаць творы Кандрата Крапівы. Таму ў кожным раздзеле ёсць паштоўкі з фрагментамі баек. Мэта выставы — натхніць наведвальнікаў, каб яны захацелі купіць і прачытаць творы майстра беларускага слова, каб мы ўсе разам успомнілі яго творы, усю тую спадчыну, якую ён нам пакінуў. Бо яна не страціла сваёй актуальнасці», — адзначыла Надзея Кірчанка.

У кожным з раздзелаў выставы ёсць свае ўнікальныя экспанаты. Так, у першым раздзеле «У пошуках сваёй дарогі» наведвальнікі змогуць убачыць унікальны здымак 1923 года, дзе Кандрат Крапіва разам са сваімі калегамі па пісьменніцкім цэху. На экспазіцыі размешчаны і першы нумар дзіцячага часопіса «Вожык» (1945) пад рэдакцыяй вялікага майстра слова. З ліку рэдкіх матэрыялаў — нарыс «Слова да малодшых» (1933), у якім Кандрат Крапіва звяртаецца да тых, хто толькі пачаў пісьменніцкую дзейнасць.

«У гэтым раздзеле размешчаны артыкул «Паэт-камандзір» 1920 года. Гэта толькі пачатак шляху пісьменніка, а аўтары артыкула ўжо адзначаюць, што Кандрат — прыродны самародак, у яго выдатна атрымліваецца пісаць фельетоны», — расказвае Надзея Кірчанка.

У раздзеле «Творы вялікай жыццёвай праўды» дэманструюцца прыжыццёвыя выданні народнага пісьменніка Беларусі. Самыя каштоўныя экспанаты — першыя зборнікі сатыры Кандрата Крапівы «Асцё» (1925) і «Крапіва» (1925) з алегарычным вершам «Крапіва» (1922), які даследчыкі называюць яго паэтычнай дэкларацыяй. Таксама прадстаўлены раман «Мядзведзічы» (1932). «Другую частку рамана Кандрат Крапіва так і не напісаў, але першая ўвайшла ў гісторыю літаратуры як прыклад выдатнай прозы», — падкрэсліла вядучы метадыст.

У экспазіцыі прадстаўлена і першае выданне драмы «Канец сяброўства» (1934). Гэты твор каштоўны тым, што пасля яго напісання Кандрат Крапіва нараджаецца як драматург. «Ніводны тэатральны сезон у Мінску ў той час не абыходзіўся без спектакляў паводле п’ес Кандрата Крапівы. Пра гэта мы можам меркаваць з праграм на старонках часопіса «Тэатральны Мінск», які таксама прадстаўлены на выставе». Яго камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939) лічыцца адной з найлепшых у еўрапейскай камедыяграфіі ХХ ст. «Наведвальнікі выставы змогуць убачыць унікальныя фотаздымкі са спектакля тых даўніх дзён», — расказала Надзея Кірчанка.

Раздзел «Плённасць перакладчыцкай працы» прадстаўляе Кандрата Крапіву як перакладчыка на беларускую мову.

Кандрат Крапіва быў не толькі сатырыкам, але і вучоным, стваральнікам слоўнікаў: руска-беларускага, беларуска-рускага, склаў дыялектычны атлас Беларусі. Яго рабоце ў Акадэміі навук прысвечаны раздзел экспазіцыі «Гартаванне беларускага слова».

Работы даследчыкаў Д. Бугаева, І. Казекі, В. Карабана, С. Лаўшука, А. Сабалеўскага, А. Сямёнавіча, Я. Усікава і іншых прадстаўлены ў раздзеле «Яшчэ раз пра Кандрата Крапіву: даследаванні».

Аб узнагародах і ўвекавечанні памяці народнага пісьменніка апавядаюць копіі дакументаў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У гэтым раздзеле наведвальнікі выставы змогуць убачыць і запіс у метрычнай кнізе аб нараджэнні будучага майстра беларускага слова.

«Кандрат Крапіва пражыў больш за сто гадоў. Гэта было доўгае і напоўненае жыццё. Ён — неверагодная фігура ў беларускай культуры і гісторыі. Кандрат Атраховіч (такое яго сапраўднае прозвішча. — Заўв. БелТА) вельмі шмат зрабіў для развіцця нашай роднай мовы. Ён сапраўды быў апантаны ўсёй той разнапланавай дзейнасцю, якой прысвяціў усё сваё жыццё. Гэта прыклад мэтанакіраванага чалавека, які знаходзіўся ў працы ад пачатку свайго жыцця і да самага яго канца. Неверагодна, колькі ўсяго асаблівага можна знайсці ў яго творчасці», — падсумавала Надзея Кірчанка.

Выстава працягнецца да 10 мая. Для ўсіх ахвочых у Нацыянальнай бібліятэцы змогуць правесці тэматычную экскурсію.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю