Марына Ходак — прыгожая маладая мама (інакш не скажаш, пабачыўшы яе). І мала хто адразу паверыць у тое, што ў гэтай вытанчанай жанчыны пяцёра дзяцей. У 2022 годзе яна была ўзнагароджана ордэнам Маці, вельмі хвалявалася, калі атрымлівала яго з рук Прэзідэнта — гэта высокая адзнака вялікай часткі яе жыцця. Але ўжо тады, падчас урачыстасцяў, калі стаяла на сцэне Палаца Рэспублікі, яна адчувала, што жадае вярнуцца на любімую працу. На сцэну! Таму што яна прафесійная артыстка, вельмі хоча, умее і можа паказваць хараство беларускіх танцаў. Здавалася б, гэта дзве часткі яе жыцця, але ж ёсць у іх невідавочнае супадзенне: у нашай культуры (у тым ліку танцавальнай) значны вобраз жанчыны — прыгажуні, каханай, маці, працаўніцы, гаспадыні... Гэта вобраз, на якім трымаецца сям’я.
Жыццёвы выбар
Кар’ера ці сям’я і дзеці? Вось выбар, якія звычайна стаяў перад прадстаўніцамі харэаграфічнага мастацтва — балерынамі, танцоркамі. Марына адна з тых, хто не падуладны стэрэатыпам, і пры выбары давала сабе адназначны адказ: і тое, і тое! Прайшлі часы, калі трэба нечым ахвяраваць, пры жаданні можна паспець усё. Шматдзетныя мамы, напрыклад, паспяхова танцуюць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, нават з’яўляюцца прымамі-балерынамі — на іх паспяхова трымаецца вялікая частка рэпертуару. Яны, дарэчы, вучыліся на паралельным патоку з Марынай, але асвойвалі класічны танец. Яна ж у Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж паступіла ў эксперыментальны клас, калі толькі адкрывалася народнае аддзяленне. Абрала яго свядома, таму што ў сталічнай школе № 168 ёй прывіла танцавальную культуру выкладчыца Жанна Міхайлаўна Тарасава, якая захапіла менавіта народнымі танцамі. Наогул, дзяўчынка танцавала з чатырох гадоў, іншага шляху для сябе не бачыла. Пры тым што яе бацькі былі вельмі далёкія ад творчых прафесій, яны разумелі: дачцэ гэта патрэбна і, галоўнае, у яе атрымліваецца.
Яшчэ падчас вучобы ў каледжы Марына праходзіла практыку ў Беларускім дзяржаўным ансамблі танца, сюды ж прыйшла працаваць па размеркаванні, нейкі час нават атрымлівала прэзідэнцкую стыпендыю.
Працаваць у дадзеным выпадку — значыць танцаваць. І нібыта ўсё проста, але ці часта мы задумваемся пра тое, што фактычна гэта цяжкая фізічная праца? Але ж якое ў ёй хараство!.. І дзяўчаты-прыгажуні на сцэне — само ўвасабленне кахання і жыццялюбства. Марына стала мамай упершыню ў 20 гадоў. Пасля нараджэння сыночка Ільі хутка аднавілася і вярнулася на працу: рэпетыцыі, танцы, канцэрты, гастролі...
— Мне дзіўна чуць, што хтосьці штосьці не паспявае з адным дзіцем, — гаворыць Марына Мікалаеўна. — Асабліва цяпер, калі іх у мяне пяцёра. Але калі любіш, то пастараешся арганізаваць сваё жыццё так, каб на ўсё хапала часу. І каб пра сябе як асобу не забываць. У мяне атрымалася так, што другое дзіця — дачушку Сашку — я нарадзіла ў 33 гады, пасля хутка з’явілася Сафія, а чацвёрты раз з радзільні мы прывезлі двайнят Настассю і Рыгорку. За час дэкрэту я вельмі засумавала па працы — вярталася ў ансамбль з задавальненнем. У мяне з’явіўся танцавальны голад. Скажу больш: мой жаночы досвед, пачуцці, якія дае мацярынства, адкрылі больш глыбокае разуменне нейкіх рухаў і беларускіх танцаў. Бо на сцэне трэба ўвасабляць вялікую палітру самых розных эмоцый — а я ведаю, што за імі стаіць.
Да сямейнага шчасця Марына і Сяргей ішлі праз няпросты выбар. Так бывае, калі, знайшоўшы жанчыну, з якой хочаш пражыць жыццё, выбіраеш і краіну, дзе жыць разам і нараджаць дзяцей. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, доўгі час працаваў у Парыжы, меў намер з’язджаць. Але нарадзілася дзіця — і Сяргей зразумеў: трэба быць побач з каханай. Адсек сувязі там, а тут знайшоў сабе новы занятак, каб забяспечваць сям’ю — паставіў яе на першае месца. Тады яшчэ яны нават не думалі, што сям’я так разрасцецца. Але адразу вырашылі, што адным дзіцем не абмяжуюцца: муж Марыны сам вырас у шматдзетнай сям’і. І ён вельмі хацеў мець сыночка Рыгора...
Прафесійная зацікаўленасць
Малодшыя — двайняткі Рыгор і Настасся — цяпер ходзяць у садок, а ўжо рыхтуюцца да школы. Цяпер удзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе даследчых прац дзяцей дашкольнага ўзросту «Я — даследчык». У нядзелю занятыя ў студыі малявання. Дзевяцігадовая Сафія займаецца ў секцыі «Лыжныя гонкі», удзельнічае ў спаборніцтвах. Акрамя таго, танцуе ў заслужаным дзіцячым калектыве «Гарэзлівыя агеньчыкі». Дванаццацігадовая Саша вучыцца ўжо ў сёмым класе і займаецца музыкай, з задавальненнем іграе на... саксафоне. Нават заняла другое месца на конкурсе «У рытме джаза». Творчым развіццём дзяцей займаецца мама. У той час як тата больш увагі ўдзяляе агульнаадукацыйным прадметам — матэматыцы, фізіцы, англійскай мове і знаходзіць час, каб дапамагчы з імі. А старэйшы сын Ілья заканчвае інстытут і цяпер жыве асобна — ён ужо мае сваю сям’ю.
Шматдзетным бацькам дапамагла дзяржава: атрымалі кватэру, скарыстаўшыся сямейным капіталам, узялі крэдыт. Харчаванне для школьнікаў бясплатнае, што таксама добрая падтрымка. Але мама далёкая ад думкі, што можа дазволіць сабе раскошу не працаваць. Дзяржава і ў гэтым жаданні падтрымлівае, нават афіцыйна прадугледжвае адзін дзень у тыдзень, калі мама можа займацца сямейнымі справамі, — гэта насамрэч цудоўна. Тым больш што пры добрай арганізацыі працы гэты «сямейны» дзень не адбіваецца на творчай форме Марыны. І ёсць яшчэ чатыры, калі яна можа выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Вядома, нараджэнне дзяцей адцягнула яе выхад на прафесійную пенсію — для гэтага трэба 20 гадоў канцэртнай дзейнасці. Таму Марына ў свае 46 гатовая працаваць яшчэ некалькі гадоў, стараецца трымаць сябе ў форме.
— Бывае, што і пасля нараджэння першага дзіцяці некаторыя дзяўчаты не могуць вярнуцца на сцэну і застацца ў калектыве. Мне пашчасціла з прыроднай канстытуцыяй. Добра, што я не надта схільная набіраць вагу, без праблем змагла аднавіць форму, тым больш што ёсць такое паняцце, як «мышачная памяць», што аблягчае вяртанне ў нашу прафесію. Мне не надта трэба сябе стрымліваць у харчаванні, я гатую на ўсю сям’ю адразу, не раблю для сябе нейкіх адмысловых страў. Проста, калі разумею, што трэба крыху стрымацца, магу звечара адмовіцца ад вячэры. Калі ведаеш, дзеля чаго, то гэта не праблема. Я люблю танцаваць і хачу быць на сцэне часцей.
Яна пералічвае танцы (найбольш падабаюцца меладычныя, як «Арэлі»), дзе яна працавала сола: «Церніца», «Каханачка», цікавы ігравы нумар «Кадрыля на зэдліках», а яшчэ вельмі прыгожы «Авэ Марыя» — як падзяка жанчыне-маці, праз якую будзе ўратаваны свет. І як жа хораша, што са сцэны Беларускі дзяржаўны ансамбль танца паказвае прыклад такой пашаны. Гонарам для калектыву, які сваімі творамі ўслаўляе жаноцкасць, напэўна, з’яўляецца праца ў ім артысткі, якая мае ордэн Маці. Вось вам і доказ, што сцэнічнае жыццё — не проста прыгожая мастацкая ідэя, але і адлюстраванне рэальных адносін і павагі да жанчыны-маці.
Так, танцавальная сфера няпростая, цяпер у калектыве шмат маладых артыстак, якія таксама хочуць сябе паказаць. Але ў наш час разуменне «маладосць жанчыны» адноснае. Тым больш што нараджэнне дзяцей абуджае жаночы арганізм, надае яму сілы і адначасова дзівосную пяшчоту. І мудрасць. Яна таксама патрэбна для добрага мастацтва. А гэта тое, што выспявае гадамі. І гэта тое, што не кожны мае і можа ўвасобіць адразу. Ці не такі вобраз жанчыны — прыгожай і неабыякавай, клапатлівай і разумнай — мы павінны паказваць як прыклад са сцэны?..
Ларыса ЦІМОШЫК