У прасторнай і светлай кватэры сям’і Веры Лысюк і Сяргея Зубкова ў новым мікрараёне Барысава з раніцы да вечара звіняць дзіцячыя галасы. Два гады таму тут зноў з’явіліся ложкі для малых.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 снежня 2024 года падпісаў Указ № 470 аб узнагароджанні ордэнам Маці. Сярод тых, хто ўдастоены гэтай высокай узнагароды, — паштальён аддзялення паштовай сувязі № 12 г. Барысава Барысаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Вера Лысюк.
— Атрымаць ордэн Маці — вялікі гонар! — кажа маці шасцярых дзяцей.
Вера і Сяргей з самага пачатку не планавалі абмежавацца адным дзіцем: абое са шматдзетных сем’яў. Вера Васільеўна ўраджэнка Барысава, яе муж — з вёскі Будагова, што пад Жодзіна.
— Па прафесіі я закройшчык-кравец, — расказвае Вера Лысюк. — Маё юнацтва выпала на час татальнага дэфіцыту пачатку дзевяностых, а апрануцца прыгожа хацелася. Таму і вырашыла вывучыцца на краўца. Цяпер наша лёгкая прамысловасць на ўздыме, а тады складана было ўладкавацца. Працавала на прадпрыемстве «Швейнік» у Барысаве, затым прадаўцом у краме падарункаў і сувеніраў. У 2006-м сустрэла свой лёс — Сяргея. Пазнаёміў нас агульны сябар. Праз два гады мы з Сяргеем пажаніліся.
І вучоба, і творчасць
Старэйшы сын Веры Васільеўны Уладзіслаў хутка вылеціць з бацькоўскага гнязда. Самастойны малады чалавек працуе на пілараме.
Малодшыя дзеці вучацца ў сярэдняй школе № 20 Барысава. Аддаюць належнае ўрокам і паспяваюць усебакова развівацца. Васьмікласніца Надзея з захапленнем танцуе ва ўзорным харэаграфічным ансамблі «Шарм», іграе на гітары. Летась папрасіла ў бацькоў на дзень нараджэння курс навучання нарошчванню пазногцяў, цяпер з задавальненнем робіць манікюр сабе і сяброўкам. Будучую прафесію марыць звязаць са стаматалогіяй.
У 2012 годзе ў сям’і нарадзіўся Канстанцін. Старанны і сур’ёзны хлопчык наведвае басейн і актыўна займаецца каратэ. Юны спартсмен ужо адзначаны ўзнагародамі спаборніцтваў і рыхтуецца заваёўваць новыя вышыні. Усяго на тры гады маладзейшая за брата Сафія. Як і старэйшая сястра, яна танцуе ў школьным ансамблі «Шарм», а ў цэнтры дзіцячай творчасці асвойвае танцы з элементамі акрабатыкі.
— Усе дзеці самі знайшлі сабе занятак па душы, а наша з мужам задача — падтрымаць іх захапленні і развіць здольнасці, — кажа Вера Васільеўна. — Косцю купілі кімано для каратэ, Надзеі — прыстасаванні і матэрыялы для манікюру.
Нараджэнне блізнят Любавы і Забавы Вера Лысюк называе цудоўным сюрпрызам.
— Калі доктар сказаў, што будуць блізняты, я адразу ж патэлефанавала мужу, — успамінае кранальныя хвіліны жанчына. — Гэта падвоеная радасць для нас!
Гаваркія і дапытлівыя малыя нядаўна пайшлі ў дзіцячы садок, з задавальненнем гуляюць з аднагодкамі, малююць, лепяць. Старэйшыя дзеці рады папаўненню ў сям’і.
— Мне падабаецца гуляць з сястрычкамі, — усміхаецца Сафія.
— Калі нарадзілася Сафія, я сама была яшчэ маленькая, а цяпер з цікавасцю назіраю за тым, як Любава і Забава растуць і развіваюцца, — заўважае Надзея.
— Старэйшыя, вядома, дапамагаюць з малодшымі, але ўсе занятыя ў школе і гуртках па інтарэсах, таму клопатаў у мяне, канечне, хапае, — адзначае Вера Васільеўна. — Пакарміць сняданкам, праводзіць на працу, у школу, прыгатаваць абед... Бачыце, расклад вісіць? Гэта каб не забыць, каму час ісці на рэпетыцыю, каму — на трэніроўку.
Муж Веры Васільеўны Сяргей Сяргеевіч працуе загадчыкам гаспадаркі ў Барысаўскай раённай ветэрынарнай станцыі. Нягледзячы на загружанасць на працы, шматдзетны бацька паспявае дапамагаць жонцы.
— Ці можа наш тата прыгатаваць абед? Канечне! — усміхаецца Вера Лысюк. — Калі трэба, і касічкі дзяўчаткам запляце! А ўвогуле, Сяргей мая моцная апора і падтрымка ва ўсім.
— Тата гатуе выдатна! — уступае ў гутарку Косця. — Асабліва люблю яго макароны па-флоцку, пячонку са смятанным соўсам. Маміну любімую страву назваць складаней — яна гатуе шмат і заўсёды смачна.
Праца мары
Паштовае аддзяленне № 12, у якім да дэкрэтнага водпуску працавала Вера Лысюк, знаходзіцца літаральна побач з домам.
— Для шматдзетнай мамы гэта проста праца мары! — дзеліцца барысаўчанка. — Калі Соні споўнілася тры гады, шукала працу паблізу і са зручным графікам. Прыйшла ў паштовае аддзяленне № 16 плаціць за нешта і ўбачыла аб’яву — патрабуецца паштальён. Пагаварыла з загадчыцай. Яна сказала: давайце паспрабуем.
Калі пабудавалі новае паштовае аддзяленне побач з домам, Вера Васільеўна з радасцю перайшла туды. Графік для шматдзетнай матулі — лепш не прыдумаеш. Пасля ранішняга сартавання паштальён складвае ў сумку простыя і заказныя лісты і іншую карэспандэнцыю, бярэ газеты і часопісы і адпраўляецца па сваім маршруце.
— Ён у мяне дакладна разлічаны! — кажа Вера Лысюк. — Часам за некалькі гадзін усё разношу, а бывае, спатрэбіцца больш часу — напрыклад, у дні выхаду мясцовай штотыднёвай газеты. Тады пачак атрымліваецца аб’ёмны, але ў такія дні ў нас ёсць дапамога — падвозка газет вадзіцелем на аўтамабілі. Акрамя гэтага, пошта аказвае паслугі па дастаўцы дадому пасылак і розных тавараў. Калі камусьці з пенсіянераў спатрэбяцца, напрыклад, мука, цукар і іншыя прадукты, можам прынесці.
Працу сваю Вера Васільеўна любіць і па заканчэнні дэкрэтнага водпуску рыхтуецца да яе прыступіць. Шпацыруючы з дзецьмі па мікрараёне, часта сустракае жыхароў, якім насіла газеты і лісты:
— Цікавяцца, калі я выйду на працу. Прыемна, калі людзі паважаюць і цэняць!
Жыццёвая пазіцыя — актыўная
— Кватэру мы пабудавалі як шматдзетная сям’я з падтрымкай дзяржавы, — распавядае Вера Лысюк. — І паколькі ў ёй стала цеснавата — усё ж такі нас цяпер восем — усталі на пашырэнне. Выкарыстаўшы мацярынскі капітал, пабудавалі яшчэ адну. Неўзабаве ў новае жыллё пераедзе Уладзік. Дзяржава наша вельмі дапамагае шматдзетным сем’ям, але і самім трэба старанна працаваць, не сядзець на месцы. Жыццёвая пазіцыя павінна быць актыўнай!
Улетку сям’я шмат часу праводзіць на дачы: Вера Васільеўна хоча, каб у дзяцей былі клубніцы і гародніна з градкі. Застаецца час і на адпачынак. Шмат падарожнічалі на сваёй машыне па Беларусі, пабывалі ў Нясвіжы, Міры, Дукоры.
— Нічога не робіць чалавека шчаслівейшым, чым сям’я, — лічыць Вера Лысюк. — У маёй бабулі па матчынай лініі было 9 дзяцей — у яе таксама быў ордэн Маці! Некаторыя ў наш час баяцца цяжкасцей, таму і не заводзяць шмат дзяцей. Вядома, мацярынскую працу не назавеш лёгкай, але складанасці можна пераадолець, калі сямейны саюз будуецца на каханні, узаемным даверы і агульных мэтах.
— Наш цёплы хатні агмень, каля якога ўсім утульна, створаны маёй жонкай, — дапаўняе Сяргей Сяргеевіч. — Сапраўды, я шчаслівы чалавек.
У гэтыя вясновыя дні Вера Васільеўна жадае ўсім жанчынам Беларусі любові, сямейнага цяпла і моцнага здароўя.
— Каб вочы гарэлі і сэрца радавалася! Для жанчыны мае вялікае значэнне стабільнасць у грамадстве, каб можна было спакойна гадаваць дзяцей. У нас у краіне гэта, на шчасце, ёсць.
Фота аўтара і прадастаўлена В. В. Лысюк