Top.Mail.Ru
76

Шматдзетная маці выцягнула суседа з пажару ў Пінскім раёне

Любоў ратуе

Яна — звычайная сціплая жанчына, але апынулася ў цэнтры ўвагі. Шмат працуе, вельмі любіць дзяцей і жыццё, бо востра адчувае яго каштоўнасць. Але не толькі таму, што працуе санітаркай у бальніцы аграгарадка Ахова Пінскага раёна і бачыць тых, каму неабходна дапамога. Перажыўшы асабістую драму, жанчына ведае каштоўнасць кожнага імгнення, за якім можа стаяць гора альбо радасць — у залежнасці ад чалавечага выбару ці нейкага рашэння. Любоў Даўгій разам з мужам неаднойчы прымалі важныя рашэнні, адно з іх — аб пераездзе з Казахстана ў Беларусь — саспела і ажыццявілася вельмі хутка. Так і ў адзін з апошніх дзён сёлетняга сакавіка Любові хапіла некалькі хвілін, каб уратаваць чалавека, які ляжаў непрытомны ў доме, запоўненым чорным дымам...

Момант рашучасці

Я запытваюся пра выбар, а яна ўдакладняе: не, на той момант наогул было не да разважанняў, дзейнічала па сітуацыі. Гэта цяпер з цягам часу з’яўляюцца ўмоўныя катэгорыі кшталту «магла», «вырашыла», развагі пра прычыны (незатушаная цыгарэта?) ды магчымыя рызыкі. А тады яна проста рушыла ўнутр задымленай хаты, у якой мог загінуць сусед.

Нядобрае адчуў муж Любові, калі праязджаў па вуліцы: у Фёдара, што жыве насупраць, з-пад даху ішоў дым. Працоўны дзень быў у разгары, а ў трактарыстаў гаспадаркі шмат спраў, і Мікалай патэлефанаваў жонцы, якая вярнулася з начной змены: трэба тэрмінова выклікаць ратавальнікаў. Яна кінулася да суседскага дома і амаль адразу зразумела: там чалавек! Як жа можна проста стаяць і глядзець? А калі не паспеюць?.. Жудасны густы чорны дым вырываўся вонкі, у ім патаналі імгненні, ператвараючыся ў бясконцасць. «Мае значэнне кожная хвіліна», — зразумела жанчына і рушыла ўнутр гэтага змроку. Глыбока ўдыхнула — і папаўзла, навобмацак імкнучыся знайсці чалавека. Ён ляжаў беспрытомны. Падчапіла, пасунула — так спяшалася выцягнуць яго хоць бы на паветра, бо ўжо і сама адчувала, што пачынае задыхацца... Тыя некалькі хвілін, пакуль ехалі ратавальнікі, былі крытычнымі. Падышлі яшчэ людзі, дапамаглі і пацярпеламу, і Любові. Імкнуліся як мага хутчэй зачыніць дзверы, каб з-за доступу кіслароду не здарыўся выбух. Паспелі!..

Момант выбару

У сельскай мясцовасці людзі добра ведаюць адзін аднаго: з якой сям’і, як вучыўся, дзе працуе — усё навідавоку. Таму, як правіла, тут не бывае чужых. Але сям’я Даўгій у Ахове жыве 15 гадоў. Любоў і Мікалай нашчадкі тых, хто калісьці з Расіі паехаў у Казахстан пакараць цаліну. Яны там нарадзіліся, раслі, пачалі працаваць, стварылі сям’ю, нарадзілі двух дзетак — дачку Карыну і сына Аляксея. Але брат Мікалая ўвесь час клікаў пераязджаць бліжэй да яго: яшчэ у савецкія часы ён адбываў вайсковую службу ў Беларусі, застаўся ў Пінску. Яму вельмі падабаўся горад і людзі. Аднойчы і яны рашыліся на пераезд. Абодвум было па 28, сарваліся з месца ў 2010 годзе — фактычна з аднымі сумкамі і двума дзеткамі шасці і трох гадоў паехалі ў невядомасць. Не расчараваліся.

Спачатку месяц пажылі ў Пінску, каб набыць сваё жыллё, грошай не хапала. Працу шукалі па аб’явах, дзе патрабаваліся работнікі для сельскагаспадарчага прадпрыемства. Сёе-тое паспрабаваўшы, 

вырашылі паехаць у аграгарадок Ахова. Так і замацаваліся. Тут усё добра і зручна, кажа Любоў: побач садок і школа, пошта, банк (цяпер выязны, але ён ёсць). Муж працуе трактарыстам, Любоў спачатку ўладкавалася кухонным работнікам у дзіцячы садок. Ім далі жыллё, яго трэба было нечым запаўняць. Дапамаглі пінскія сваякі. Мясцовыя жыхары падтрымлівалі маладых аднавяскоўцаў — хто рэчамі, хто бульбай ды морквай (але ж як гэта было дарэчы!). Харошыя людзі, чаму тут не жыць?

Праз якія паўгода Даўгій аформілі беларускае грамадзянства. Праз некалькі гадоў жыцця на Брэстчыне Любоў паехала ў Казахстан наведаць бацьку, і ўжо была ўпэўненая, што яны туды не вернуцца. Вёскі там і тут вельмі адрозніваюцца. Магчымасці для жыцця вельмі розныя. І перспектывы, будучыня для дзяцей.

Момант адчаю

Сям’я папаўнялася, шматдзетныя бацькі атрымалі права пабудаваць свой дом дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Ажыццяўляліся мары і планы, увасабленнем якіх стаў новы дом — толькі жыць!.. Якраз тады , у 2020 годзе, да іх прыйшла бяда.

Сынок... Яму назаўсёды застанецца 11 гадоў. Пабеглі на рэчку купацца з іншым хлопчыкам. Той выйшаў на бераг, клікаў Алёшку, а ён не выплываў. Непадалёк прагульвалася бабуля з унукамі, паклікалі на дапамогу спецыялістаў.

— Было адчуванне, што яны вельмі марудна едуць, але гэта было не так. Я прыбегла на рэчку, мяне спыніў муж... Калі вадалазы выносілі на бераг майго хлопчыка, ён быццам бы цягнуў да мяне руку, здавалася, трэба толькі дакрануцца да яе — і ён ажыве... — жанчыну душаць слёзы, час не загойвае такія раны.

У роспачы і пахавальнай мітусні яна не адразу ўсвядоміла, што цяжарная пятым дзіцем. Нарадзілася дзяўчынка, цяпер ёй пяць гадоў, расце на радасць бацькам. Пасля дэкрэту мама ўладкавалася санітаркай у тэрапеўтычнае аддзяленне бальніцы. Няпроста, бываюць людзі цяжкія, старэнькія, маларухомыя, нямоглыя, якім патрэбны адмысловы догляд і дапамога, дадатковая сіла. Працуе Любоў па зменах: гэта зручна, каб больш часу праводзіць з дзеткамі. Таму і была яна ў той дзень дома, калі здарыўся пажар. А ў галаве стаяла толькі адно: трэба ратаваць.

Момант гонару

Фёдар працаваў у адной гаспадарцы з мужам Любові, жыў на той жа вуліцы, спачатку з маці, апошнім часам адзін. Добры чалавек, ніколі не адмаўляў у дапамозе. Ды справа ж не ў гэтым — а ў тым, што каштоўнасць жыцця іншага чалавека вартая таго, каб за яго змагацца. Нават калі ў гэты момант зусім не думаеш, што рызыкуеш сваім.

— У мяне пыталіся, ці здагадалася я мокрую анучку накінуць на твар? А як мне было пра гэта клапаціцца, нешта шукаць? Як наогул можна было стаяць і думаць пра тэхніку бяспекі, калі там — чалавек, а я — побач?

У той час за падзеямі на адваротным баку вуліцы праз вакно назіралі дзяўчаткі. А там — шмат людзей, ратавальнікі, хуткая, што забрала суседа ў гарадскую бальніцу. Дзе ж мама?.. Яна прыйшла, паглядзела на іх заплаканыя спалоханыя тварыкі — і ні на хвіліну не засумнявалася ў сваіх дзеяннях, таму што рабіла, як падказвала сэрца. У выніку ўсё ж добра!..

Цяпер у сям’і Даўгій чацвёра дачушак: Ксенія, Варвара і Альбіна яшчэ непаўналетнія, старэйшай Карыне ўжо 21 год, яна атрымала прафесію бухгалтара, працуе ў Гродзенскай вобласці, завочна вучыцца ў Палескім дзяржаўным універсітэце ў Пінску. Жанчынай ганарацца ўсе — нават сваякі ў Казахстане, якія даведаліся пра здарэнне, і мясцовыя жыхары. За гады жыцця ў Беларусі Даўгій «абраслі» блізкімі, якія таксама пераехалі з Казахстана. 

У Ахове цяпер жыве сястра Любові з сям’ёй. Наогул, у іх тут утварылася сваё кола: 4 кума, 4 кумы. Ды цяпер і аднавяскоўцы, калі бачаць Любоў на вуліцы, паціскаюць руку, абдымаюць. Як родную.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю