У Ляхавічах пачалі будаўніцтва шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу, паведамляе БелТА.
Праект уключаны ў інвестыцыйную праграму Брэсцкай вобласці. Спарткомплекс узводзяць у паўднёва-ўсходняй частцы райцэнтра на тэрыторыі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. «У Ляхавічах няма басейна. Мясцовыя жыхары звярталіся ў райвыканкам, аблвыканкам, да дэпутатаў з просьбай, каб у горадзе з’явіўся такі аб’ект», — звярнулі ўвагу ў Ляхавіцкім райвыканкаме.
Будаўніцтва пачалося вясной. За гэты час ужо вымалёўваюцца абрысы будынка. Спецыялісты, у прыватнасці, займаюцца вертыкальнай планіроўкай, уладкаваннем падмурка і падлог, сцен. У спарткомплексе размесцяцца 25-метровы басейн з месцам для размінкі, дзіцячы басейн, трэнажорная зала, пакой медперсаналу, трэнерская. У распараджэнні наведвальнікаў будуць камфартабельныя распранальні і душавыя. Завяршыць работы намечана ў 2027 годзе.
У Брэсцкай вобласці спартыўныя аб’екты ўзводзяць у шэрагу рэгіёнаў. Так, у горадзе Высокае Камянецкага раёна з’явіцца спарткомплекс з трэнажорнай залай, дарослым і дзіцячым басейнамі. У Ганцавічах чакаюць адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У Брэсце да канца гэтага года плануюць завяршыць будаўніцтва спецыялізаванай залы для індор-хакея. Акрамя гэтага, сфарміравана праграма на перспектыву. Напрыклад, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя шматфункцыянальнага спарткомплексу ў Драгічыне. Прыступіць да работ там намечана ў 2027 годзе. Таксама ў наступным годзе плануюць капітальна адрамантаваць лёгкаатлетычны манеж у абласным цэнтры.