Top.Mail.Ru

Шматразова памножаная любоў. Так характарызуе вялікую сям’ю Галіна Струнец з аграгарадка Макраны Маларыцкага раёна

Найлепшай узнагародай яна лічыць усмешкі дзяцей, а іх выхаванне — галоўнай каштоўнасцю.

Як і сямейныя традыцыі, радасць мацярынства. Тым не менш навіна аб узнагароджанні ордэнам Маці стала для яе асаблівай падзеяй:

— Калі я даведалася пра высокую дзяржаўную ўзнагароду, адчула прыемнае хваляванне, вялікую радасць і пачуццё гонару за сваю сям’ю.

Дзяржаве — асаблівая падзяка

Разам з мужам Юрыем яны выхоўваюць пяцярых дзяцей. Старэйшы сын Данііл, якому 13 гадоў, скончыў восьмы клас Макранскай сярэдняй школы, захапляецца маляваннем. 12-гадовая Дар’я перайшла ў сёмы клас, яна займаецца вакалам у мясцовым Доме культуры. Дзесяцігадовы Яўген — актыўны спартсмен: любіць футбол і цікавіцца баскетболам, наведвае секцыі, удзельнічае ў спаборніцтвах. Варвары — восем гадоў, яна скончыла другі клас, ёй падабаецца гурток малявання, ды і ўвогуле яна любіць творчасць. Самаму малодшаму сыну Арсенію — тры гады, ён пакуль наведвае дзіцячы садок.

Вялікую ролю ў сямейным жыцці адыгрывае падтрымка блізкіх. Як адзначае Галіна Струнец, у выхаванні дзяцей і вядзенні гаспадаркі ёй найперш дапамагае муж. Падтрымліваюць сям’ю і сваякі. Напрыклад, сястра мужа, якая жыве ў Брэсце, часта прыязджае ў Макраны, дапамагае па гаспадарцы.

Асобна жанчына адзначае падтрымку дзяржавы. Дзякуючы льготнаму крэдытаванню сям’я змагла пабудаваць вялікі прасторны дом. Для дзяцей у школе арганізавана бясплатнае харчаванне, прадугледжана матэрыяльная дапамога. Для шматдзетных сем’яў дзейнічаюць ільготы і на аплату харчавання ў дзіцячым садку.

Велізарная сіла

Важнае месца ў жыцці гэтай дружнай сям’і займаюць традыцыі. Кожны вечар усе збіраюцца за агульнай вячэрай, дзеляцца ўражаннямі ад пражытага дня, расказваюць пра поспехі ў школе і садку. Разам адзначаюць дні нараджэння і іншыя сямейныя святы. Любяць сумесныя паездкі. Напрыклад, нядаўна наведалі Брэст, дзе знаёміліся з мясцовымі славутасцямі і сямейнымі ўстановамі адпачынку.

Па словах Галіны Струнец, быць маці вялікай сям’і — гэта перш за ўсё клопат пра дзяцей, штодзённыя справы і бясконцая любоў:

— Сям’я — гэта шматразова памножаная любоў дзяцей і шчырая любоў да дзяцей. Гэта вялікі гонар — быць мамай пяцярых дзяцей.

Жанчына прызнаецца, што не мае асаблівага сакрэту, як знаходзіць час для ўсіх членаў сям’і. А галоўнай крыніцай сіл і натхнення лічыць дзіцячую любоў і радасць ад іх поспехаў.

— Любоў твайго сына ці дачкі — велізарная сіла. Вельмі прыемна бачыць, як яны развіваюцца, чаго дасягаюць. Гэта дае шмат энергіі і натхнення, — сцвярждае шматдзетная маці.

Вольны час Галіна прысвячае сваім захапленням. Любіць вырошчваць кветкі і займацца кулінарыяй:

— Догляд за раслінамі дапамагае адпачыць ад паўсядзённых клопатаў, а прыгатаванне ежы прыносіць задавальненне ўсёй сям’і.

Сакрэты сапраўднага шчасця

Асноўнымі жыццёвымі каштоўнасцямі, якія бацькі імкнуцца перадаць дзецям, з’яўляюцца павага да людзей, узаемадапамога, удзячнасць і падтрымка адзін аднаго ў цяжкія моманты.

Муж Галіны працуе трактарыстам на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Макранах. Юрый вельмі ганарыцца сваёй жонкай і дзецьмі:

— Я адчуваю вялікую радасць і павагу да жонкі. Вельмі ёю ганаруся. Для мяне яна — самая лепшая!

Са свайго боку, Юрый імкнецца выхоўваць у дзецях павагу да старэйшых і любоў да Радзімы:

— Хачу, каб мае дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны і сапраўднымі патрыётамі.

Старэйшы сын Данііл таксама з асаблівай цеплынёй гаворыць пра сям’ю. Ён любіць маляваць прыроду — кветкі, дрэвы, а таксама персанажаў відэагульняў. Падчас канікулаў дапамагае бацькам па гаспадарцы.

— Калі я даведаўся, што маму ўзнагародзілі ордэнам, адчуў радасць і гонар за яе і ўсю нашу сям’ю. Мне было вельмі прыемна ўсведамляць, што мая мама — такі добры чалавек і што яе ўшанавалі такой важнай узнагародай, — прызнаецца Данііл.

Для сям’і Струнец галоўным застаецца тое, што нельга вымераць узнагародамі. Як адзначае Галіна, сапраўднае шчасце маці — гэта ўсмешкі дзяцей, іх любоў, здароўе і магчымасць кожны дзень быць побач з імі.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота прадастаўлена Маларыцкім райвыканкамам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю