Беларус Андрэй Балбышаў заваяваў медаль чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў і моладзі, які праходзіць у албанскім Дурэсе, паведамляе БелТА.
Удзел у турніры ў катэгорыі да 85 кг сярод моладзі да 23 гадоў прынялі 14 атлетаў. У рыўку Балбышаў справіўся са штангай вагой 151, 154 і 157 кг, што прынесла яму малы сярэбраны медаль у гэтым практыкаванні. Выступленні ў штуршку беларус пачаў з паспяховага падыходу на 180 кг, але дзве спробы на 185 кг былі няўдачнымі. У дваябор’і Андрэй паказаў чацвёрты рэзультат (337 кг), уступіўшы бронзаваму прызёру па суме чатыры кілаграмы.
Раней на кантынентальным форуме ў Албаніі браты Артур і Раман Якушавы (U23) сталі пятым і сёмым адпаведна ў вазе да 75 кг, Алег Копа (U20) заняў шостае месца ў катэгорыі да 85 кг, а Дар’я Харланчук і Марыя Іванова (U20) размясціліся на пятым і шостым радках у вазе да 77 кг. Спаборніцтвы ў Албаніі завершацца 19 кастрычніка.