Уладзімір Гладкоў на мінулым тыдні прадставіў у галерэі «Універсітэт культуры» выстаўку «Сувязная ніць». У сваім жывапісе, апроч іншага, мастак дэманструе сувязь паміж рознымі народамі, распавядае пра іх культурныя здабыткі як пра адзін — усеагульны, сусветны. Пазнаёміцца з творчасцю аўтара можна да 22 красавіка.
— Гэтая выстаўка філасофская. Нітка, якая нябачна ляжыць у аснове, сапраўды звязвае ўсе народы. Усё пачалося з Кітая, з Вялікага Шаўковага шляху, і гэты шлях «абвіў» увесь кантынент. Я падзяліўся з гледачамі тым, што мяне заўсёды захапляла, — адзначыў падчас адкрыцця Уладзімір Гладкоў.
Экспазіцыя знаёміць з жывапіснымі работамі, у якіх даследуецца тэма ткацтва, — лад жыцця і самабытнасць традыцый розных народаў мастак выявіў менавіта праз зварот да найстаражытнейшага рамяства. Афганістан, Грэцыя, Італія, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыя, Узбекістан — Уладзімір Гладкоў прысвяціў гэтым ды іншым краінам мноства твораў, фіксаваў свае назіранні і ўражанні цягам цэлых дзесяцігоддзяў, але тэма невычарпальная — столькі новых дарог, нязведаных мясцін, дзіўных краёў... Мастак паклапаціўся аб тым, каб гледачы не заблыталіся ў яго «справаздачах»: красамоўныя работы звычайна маюць вычарпальныя назвы і да таго ж суправаджаюцца пазнакай аб месцы нараджэння карцін.
Часцей за ўсё жывапісец перадае тое, як майстры працуюць над стварэннем прыгожых вырабаў, і ў гэтым працэсе, безумоўна, адлюстраваныя і вялікае майстэрства, і старажытныя традыцыі, і звычаі, і лад жыцця народа. Між тым у большасці сюжэтаў аўтар выступае як дабрадушны назіральнік, стрыманы ў сваіх выказваннях, нібыта трымае пэўную дыстанцыю, каб не парушыць няпісаныя законы і вечныя правілы. Нягледзячы на відавочную прыхільнасць да рэалізму, Уладзімір Гладкоў паўстае найперш як лірычны апавядальнік. Сведчаць пра гэта таксама архітэктурны, гарадскі і прыродны пейзажы, што дапаўняе тэматычную выстаўку «Сувязная ніць». Жывапісец з вялікай любасцю і замілаваннем сочыць за ледзь прыкметнымі зменамі ў прыродзе, ён уважлівы да таго, чым жыве жыхар таго ці іншага горада.
А больш за ўсё яго вабіць заліты цёплым сонцам дзень — пара стварэння, час, калі чалавеку падораны вялікія сілы.
Імі таксама ахоплены Уладзімір Гладкоў, які працягвае сваё падарожжа, што, верагодна, не мае канцавога пункта. Мастак крочыць дарогамі і сцежкамі розных краін і атрымлівае асалоду ад выбранага шляху. А галоўнае на гэтым шляху, як бачна па карцінах на выстаўцы, — сустрэча з чалавекам. Прадстаўнікам розных народаў прысвечаны і шэраг партрэтаў — у вобразах мужчын і жанчын, апранутых, вядома ж, у нацыянальныя ўборы, адлюстраваны складаныя лёсы... Ды ўся выстаўка «Сувязная ніць» — даніна павагі і ўдзячнасці працаўнікам — продкам і сучаснікам.