Top.Mail.Ru

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла прыём

Пытанні з аліментамі, увекавечанне памяці лётчыка.


Мерапрыемства адбылося ў рамках адзінага дня прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі ў Брэсцкай вобласці. Людзі ішлі туды з самымі рознымі пытаннямі: ад асабістых да грамадска значных. Некаторыя прыехалі з іншых гарадоў, нават іншых абласцей. Кожны імкнуўся данесці сваю праблему, атрымаць адказ альбо параду, спадзяванне на вырашэнне пытання.

Георгій Іванавіч жыве ў аграгарадку Брэсцкага раёна. Некалькі гадоў мужчына працаваў у Расіі, у тым ліку на Крайняй Поўначы, але не ўвесь гэты стаж быў улічаны пры налічэнні пенсіі. Пра работу ў суседняй краіне ёсць запісы ў працоўнай кніжцы, але няма пацвярджальных дакументаў. Наталля Качанава тут жа звязалася з міністрам працы і сацыяльнай абароны Наталляй Паўлючэнка. Міністр паабяцала накіраваць афіцыйны запыт у Расію і, у выпадку станоўчага адказу, выправіць сітуацыю. «Гэта вельмі важна, каб уся праца была ўлічана. У нас жа з Расіяй брацкія адносіны, няма ніякіх перашкод, каб аднавіць справядлівасць і скарэкціраваць памер пенсіі», — заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі.

Таццяна Уладзіміраўна прыехала з Баранавічаў. Заяўніца патлумачыла, што з мужам у свой час яны заключылі шлюбны дагавор, які прадугледжваў у выпадку скасавання шлюбу выплату мужам акрамя аліментаў штомесячнай матэрыяльнай дапамогі. Але пасля разводу ён не стаў выконваць пункт дагавора па выплаце дапамогі. Выходзіць, што шлюбны дагавор складаецца ў разліку на добрасумленнасць кожнага з бакоў. А прымусіць некага выконваць узятыя абавязацельствы немагчыма. Гэта ўжо справа сумлення. І гэта адзін бок медаля. Другі ж заключаецца ў тым, што і ад аліментаў можна ўхіліцца. У прыватнасці, былы муж заяўніцы плаціць мінімальныя аліменты як беспрацоўны. Але ён мае рабочую візу і, паводле яе звестак, перыядычна працуе ў Польшчы. Жыхарка Баранавічаў прапаноўвае замацаваць заканадаўча норму, якая прадугледжвае спаганяць аліменты ў разліку ад сярэдняй зарплаты нашай краіны альбо нават ад сярэдняй зарплаты той краіны, дзе знаходзіцца адказчык некалькі месяцаў у год.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што падобныя праблемы ўздымаюць жанчыны амаль на кожным прыёме. Заканадаўца ведае праблему, работа ў гэтым кірунку вядзецца. «Вельмі важна вырашаць па справядлівасці — апошняе заўсёды падкрэслівае наш кіраўнік дзяржавы. А па справядлівасці будзе ўтрымліваць дзіця годна, у адпаведнасці з даходамі, якія атрымліваеш», — пракаментавала Наталля Качанава

Заяўнікі з Чэрняў прыйшлі скардзіцца на частыя праверкі дзейнасці іх асабістай падсобнай гаспадаркі. Гэта гісторыя мае нават крымінальны складнік і не толькі. У 2023 годзе ў іх на сядзібе здарыўся пажар, прычынай узгарання стала кінутая суседам петарда. У агні загінулі 34 свінні і 17 парасят. Праваахоўныя органы вынеслі сваю ацэнку, вінаватыя былі пакараны. Гаспадары тым часам аднавілі гаспадарчыя пабудовы і пагалоўе свіней. Цяпер сусед піша скаргі на смурод, на парушэнне санітарных і ветэрынарных норм, да гаспадароў кожны тыдзень ездзяць камісіі. Муж і жонка скардзяцца, што праверкі ім перашкаджаюць працаваць.

Але ж варта ўлічваць, што свінарнік знаходзіцца побач з жылымі дамамі. Апошнія змяненні заканадаўства дазваляюць так размяшчаць пабудовы. І суседзі вымушаны жыць ва ўмовах гэтага паху. Дзмітрый Гарадзецкі, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, выязджаў на месца. Ён перакананы, што ранейшыя нормы, якія рэгулявалі адлегласць жывёлагадоўчых памяшканняў ад жылля, а таксама нормы плошчы ўчастка на адну галаву жывёлы трэба вярнуць. Чэрні — гэта прыгарад Брэста, фактычна прыватны сектар, і трымаць на ўчастку ў 15 сотак дзясяткі галоў жывёлы азначае ствараць не проста нязручнасці, а ўмовы, складаныя для пражывання суседзяў.

Наталля Качанава падкрэсліла, што людзей-працаўнікоў трэба ўсяляк падтрымліваць, але прапанавала сужэнцам прадумаць магчымасць пераносу гаспадарчых пабудоў, а калі пагодзяцца на пераезд, то ў іншым рэгіёне краіны ім прапануюць вельмі выгаднае месца.

Быў гэтым разам на прыёме і зусім юны наведвальнік. Баранавіцкі школьнік распрацаваў адукацыйную платформу, якой ужо карыстаюцца студэнты. Максім Парыпа працуе яшчэ над адным праектам, што датычыцца сельскай гаспадаркі. Школьнік прапаноўвае праграму па аптымальным выкарыстанні ўгнаенняў: сканіруецца поле, выбіраюцца віды ўгнаенняў, ідзе поўны разлік. Хлопец хоча, каб праграмы знайшлі практычнае прымяненне ў краіне, з гэтым і прыйшоў. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі атрымалі даручэнне азнаёміцца з напрацоўкамі дзевяцікласніка і прыняць адпаведнае рашэнне

А вось бацькі салдата тэрміновай службы з Гомеля надзвычай заклапочаны станам здароўя сына. Сын быў прызваны на службу год таму. У перыяд службы яму правялі аперацыю на калене. Пасля лячэння і рэабілітацыі хлопца адправілі на даабследаванне ў шпіталь. Паводле апошняга заключэння, ён прызнаны годным да службы з абмежаваннямі. Бацькі непакояцца, што за апошнія восем месяцаў службы сын амаль кожны месяц бывае ў шпіталі, яму баліць нага, ён кульгае. Яны лічаць, што яму не забяспечылі належны ўзровень лячэння першы раз альбо былі дапушчаны ўрачэбныя памылкі. Наталля Іванаўна ўзяла пад асабісты кантроль праблему сям’і і паабяцала, што будзе праведзена ўсебаковая праверка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю