Top.Mail.Ru

Што адбылося ў другі дзень V Форума медыйнай супольнасці Беларусі

Форум — унікальная пляцоўка для абмену досведам, абмеркавання тэндэнцый і стратэгіі развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, магчымасць па заслугах ацаніць уменні майстроў друкаванага слова, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства. Яго на пленарным пасяджэнні агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.



Менавіта па даручэнні кіраўніка дзяржавы медыяфорум у Гомелі значна пашырыў фармат работы і стаў сапраўды маштабнай падзеяй, якая аб’яднала журналістаў, медыякіраўнікоў і экспертаў, дзяржслужачых, якія ўдзельнічаюць у рэгуляванні медыясферы краіны, а таксама блогераў, прэс-сакратароў дзяржорганаў і найбуйнейшых арганізацый.

— Падчас кожнага форуму мы паказваем, што мы не проста сіла, здольная згуртавацца, але здольныя ў сваіх моцных руках трымаць усю медыя-прастору, фарміраваць медыяландшафт Рэспублікі Беларусь, — дадаў ад сябе Уладзімір Пярцоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

255874-16.JPG

У размове з журналістамі Уладзімір Пярцоў таксама падкрэсліў, што медыяфорум у Гомельскай вобласці арганізаваны з яшчэ большым маштабам.

«Учора ў розных раёнах Гомельскай вобласці прайшлі панэльныя дыскусіі, дзе журналісты рэгіянальных рэдакцый і цэнтральных СМІ маглі абмяняцца досведам. Упершыню былі запрошаны прэс-сакратары дзяржаўных органаў і арганізацый. Гэта важна, паколькі ўказам Прэзідэнта прадугледжваецца вельмі дакладнае ўзаемадзеянне паміж прэс-службамі і сродкамі масавай інфармацыі. У дастаткова кароткія тэрміны яны змаглі абмеркаваць алгарытмы, наладзіць непасрэдную сувязь паміж канкрэтнымі кіраўнікамі рэдакцый і прэс-службамі дзяржаўных органаў. Усё маштабна арганізавана. Ёсць вялікія прадстаўнічыя дэлегацыі з рэгіёнаў. Пры гэтым прайшлі выступленні не толькі запрошаных спікераў з цэнтральных рэспубліканскіх СМІ або экспертаў з блізкага замежжа — актыўна дзяліліся сваім вопытам і кіраўнікі рэгіянальных рэдакцый», — звярнуў увагу Уладзімір Пярцоў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што за мінулы час узровень рэгіянальных СМІ значна падрос.

«Ёсць вельмі дастойныя напрацоўкі, якімі можна падзяліцца, у тым ліку і з цэнтральнымі СМІ, і са сваімі калегамі з рэгіёнаў. У прынцыпе яны працуюць у розных умовах, але ва ўсіх, па вялікім рахунку, адны і тыя ж праблемы і тэхналогіі. Важна максімальна эфектыўна іх прымяняць, каб і ў далейшым максімальна наладжваць і ўмацоўваць кантакт з аўдыторыяй гледачоў, слухачоў і чытачоў», — сказаў ён.

На задачах, важных для захавання стабільнасці ў краіне, засяродзіў увагу міністр інфармацыі Марат Маркаў:

— Самая галоўная мэта — забяспечыць інфармацыйную бяспеку краіны. Таму што, як неаднаразова казаў і Прэзідэнт, калі мы з вамі сёння не будзем перамагаць у інфармацыйнай вайне, нам давядзецца ўвайсці ў гарачую фазу, у сапраўдную вайну. І гэта не пустыя словы.

255874-31 (1).jpg

Міністр адзначыў, што для перамогі на інфармацыйным фронце ў СМІ павінны быць усе віды зброі і інструментаў.

— У нас сёння новыя віды інфармацыйных інструментаў. Прыходзіць штучны інтэлект, блогеры, якія дапаўняюць СМІ, гэта ўжо іншы від інфармацыйнай зброі. Таму краіне, міністэрству абавязкова варта ўсе гэтыя віды культываваць, — лічыць Марат Маркаў.

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко адзначыў:

— Разумеем, што журналісты — тавар штучны, таму робім стаўку на пошук і раскрыццё маладых талентаў. У рэгіёне 23 клубы юных журналістаў. Больш за 220 школьнікаў навучаюцца асновам медыявытворчасці, робяць першыя блогі. Галоўнае — навучыць не «перапісваць» навіны, а з разуменнем ставіцца да фактаў і падзей, улічваць экспертныя меркаванні, — перакананы губернатар.

krupko.jpg

Форум традыцыйна — не толькі свята айчыннай медыяпрасторы, але і жывы працоўны працэс. У абласным грамадска-культурным цэнтры разгарнуліся выязныя тэлестудыі, удзельнікі ў прамым эфіры дзяліліся ўражаннямі. Можна было ацаніць таксама выставачныя праекты СМІ краіны, прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі, у тым ліку праект Выдавецкага дома «Звязда».

У рамках форуму ў абласной бібліятэцы прайшоў фестываль кнігі «#Чытай, Гомель». Яго тэма — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Канешне, былі прадстаўлены на ім і кнігі Выдавецкага дома «Звязда».

— Для нас, прадстаўнікоў аднаго з найстарэйшых выданняў краіны з больш як стагадовай гісторыяй, асабліва важна захоўваць сувязь пакаленняў і традыцыі якаснай журналістыкі. Форум — гэта пляцоўка, дзе мы абмяркоўваем не толькі фарматы і платформы, але і сэнсы: дзеля чаго працуем, што пакідаем пасля сябе, — адзначыла дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Вольга Ануфрыева.


Завяршыўся медыяфорум урачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў ХХІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара». Сёлета да ўдзелу ў 25 намінацыях было пададзена больш за 440 работ, а гэта на 100 работ больш, чым летась. Больш як 300 заявак на конкурс паступіла з рэгіёнаў. У знакавай намінацыі гэтага года «Найлепшыя матэрыялы па тэматыцы 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне» пераможцам сярод рэспубліканскіх выданняў прызнаны Алег Усачоў з Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», праект газеты «Звязда» «Шляхамі вызвалення» стаў лаўрэатам. Сярод рэгіянальных выданняў перамагла — рэдакцыя газеты «Перспектыва» (Гродзенскі раён) з праектам «Жаночы твар вайны», сярод ведамасных (карпаратыўных) СМІ, сеткавых выданняў — рэдакцыя газеты «Культура» (РВУ «Культура і мастацтва») з праектам «Векапомнае праз кінакадр».

Гран-пры конкурсу сярод рэспубліканскіх выданняў атрымаў спецыяльны праект «Суперпазіцыя. Паралельныя сусветы» РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва», сярод рэгіянальных выданняў — праект «Побач з ПЕРШЫМ: 30 гадоў дзень за днём» рэдакцыі газеты «Зара над Сожам» (Кармянскі раён Гомельскай вобласці).

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю