Top.Mail.Ru

Што адбываецца ў Польшчы на фоне прэзідэнцкіх выбараў?

Да выбараў прэзiдэнта ў Польшчы застаецца ўсяго месяц, i вiдавочна, што запал ў гэтай сувязi толькi ўзрастае. Вось i нядаўнiя дэбаты паказалi — польскае палiтычнае жыццё становiцца ўсё больш вострым: кандыдаты абяцаюць залатыя горы, а выбаршчыкi з недаверам глядзяць на гэты цырк i... купляюць генератары.


Ветлiвасць каралёў? Не, не чулi!

Днямi прайшлi прэзiдэнцкiя дэбаты ў Коньску, якiя транслявалi польскiя тэлеканалы. Праўда, пачалiся яны з невялiкай непрыемнасцi — з затрымкi крыху больш за 10 хвiлiн. Дробязь, але непрыемная, пагадзiцеся. Асаблiва, калi гаворка тычыцца палiтыкi, дзе пунктуальнасць — падобна ветлiвасцi каралёў. Цi так вы паважаеце свой электарат, панове?!

Арганiзатарам дэбатаў выступiў выбарчы штаб Рафала Тшаскоўскага, якi, паводле апытанняў, з’яўляецца лiдарам прэзiдэнцкай гонкi i выступае кандыдатам ад Грамадзянскай каалiцыi. Першапачаткова Тшаскоўскi павiнен быў дэбатаваць толькi з Каралем Наўроцкiм (падтрыманым партыяй «Закон i справядлiвасць»), якi зараз займае 2-е месца ў рэйтынгу. Але ў вынiку ў славесных баталiях акрамя Тшаскоўскага i Наўроцкага ўдзельнiчалi Магдалена Бiят, маршал сейма Шымон Галаўня, Марэк Якубяк, Кшыштаф Станаўскi, Ёана Сенiшын i Мацей Мацьяк. Праўда, па-за славеснай сутычкай апынулiся Славамiр Ментцэн, еўрадэпутат Гжэгаж Браўн i Адрыян Зандберг.

Дэбаты вiравалi вакол самых актуальных цяпер тэм у краiне — кульгаючай эканомiкi, бяспекi (у тым лiку i вар’яцкай мiлiтарызацыi) i знешняй палiтыкi.

— Мы ўжо трацiм дастаткова грошай на абарону, каб пакрыць нашы абавязацельствы. Нам трэба выдзяляць больш грошай на даследчыя iнстытуты. Абсалютна нiчога не павiнна стаяць на шляху пабудовы салiдарнай дзяржавы, справядлiвай дзяржавы, — прыводзiць словы Магдалены Бiят iнфармагенцтва БелТА.

— Аб павышэннi падаткаў у Польшчы сёння наогул не варта казаць. Людзi ў краіне сёння i так жывуць на мяжы, таму няма сэнсу гэта рабiць, — адзначыў з веданнем справы цяперашнi маршал сейма i кандыдат у прэзiдэнты Шымон Галаўня.

Як кажуць, яму лепш вiдаць. Дарэчы, што тычыцца яго iнiцыятыў, то не так даўно ён заявiў, што ў якасцi прэзiдэнта забаронiць смартфоны ў пачатковых класах i прызнаў для Польшчы галоўнай праблемай — вялiкую колькасць суiцыдаў.

Машын чыноўнiкаў больш, чым хуткай дапамогi

Што да дэбатаў, то яшчэ адзiн кандыдат Марэк Якубяк запэўнiў, што не падпiша нiводнага закона аб павышэннi падаткаў:

— Давайце менш выдаткоўваць на чыноўнiкаў, на польскую дзяржаву. Вы разумееце, што ў iх больш службовых машын, чым машын хуткай дапамогi?

Што да тэмы мiлiтарызацыi i адносiн з суседзямi, Ёанна Сенiшын заўважыла:

— З аднаго боку, мы павiнны спадзявацца на нацыянальную армiю, а з другога — гэта павiнна быць еўрапейская армiя. Адно не выключае другога... Вайны з Расiяй не будзе, бо Расiя не зацiкаўленая ў тым, каб увайсцi ў Польшчу. Мы павiнны ўзбройвацца ў разумных межах.

Дарэчы, паводле даных Цэнтра аналiзу сусветнага гандлю зброяй, Польшча ўзначалiла сусветны рэйтынг iмпарцёраў зброi ў 2024 годзе.

З гэтай нагоды яшчэ адзiн кандытат Мацей Мацьяк адзначае:

— Я не хачу падтрымлiваць любую форму мiлiтарызацыi, таму што гэта прычына ўсiх войнаў... Калi хтосьцi слабы ў дыпламатыi, узбраенне не дапаможа... Не — мiлiтарызацыi, гэта цяжар для бюджэту.

Цiкава, куды знiкаюць усе гэтыя перакананнi, калi статус кандыдата змяняецца на жаданае крэсла?! Бо па сутнасцi, усе гэтыя разумныя думкi — адлюстраванне спадзяванняў простага народа, якi хоча не так ужо i шмат: спакойнага i сытага жыцця. Пакуль так не атрымлiваецца…

Цэны растуць як велiкоднае цеста

— Палякi жывуць усё горш i горш. Кошты ў крамах завышаныя. Я выступаю за тое, каб выдаткоўваць на абарону 5% ВУП Польшчы. Але для таго, каб мець фiнансавыя сродкi, неабходна без урада Дональда Туска правесцi тонкую настройку гэтай сiстэмы праз Рафала Тшаскоўскага, — сказаў падчас дэбатаў Караль Наўроцкi.

Што да коштаў у крамах, палiтык мае рацыю — яны растуць у Польшчы, як дражджавое велiкоднае цеста.

Паводле справаздачы UCE Research i Унiверсiтэта WSB Merito: у сакавiку 2025 года кошты ў крамах выраслi ў сярэднiм на 6,7% у гадавым выражэннi — гэта вiдавочнае паскарэнне iнфляцыi ў краiне ў параўнаннi з папярэднiмi месяцамi: лютым (5,8%) i студзенем (5,9%).

Усё гэта не дадае аптымiзму польскiм грамадзянам. А тут яшчэ нядаўняе адключэнне краiн Балтыi ад БРЭЛЛ дае аб сабе ведаць. Таму палякi ўсё часцей сталi купляць электрагенератары ў сувязi з ростам занепакоенасцi з нагоды стабiльнасцi паставак электраэнергii, паведамляе БелТА са спасылкай на медыягрупу Lega Artis.

Адзначаецца, што ўжо на працягу некалькiх месяцаў у Польшчы назiраецца дынамiчны рост продажаў электрагенератараў. Крамы заяўляюць аб павелiчэннi колькасцi запытаў i заказаў, а клiенты часта ў якасцi матывацыi пакупкi называюць страх перад магчымым адключэннем электраэнергii i напружаную геапалiтычную, рыначную сiтуацыю.

Эксперты прагназуюць, што адключэннi электраэнергii могуць адбыцца ўжо сёлета. Паводле iх ацэнак, да 2030 года дадаткова патрабуецца ад 8 да 10 тысяч МВт генерыруючых магутнасцяў для забеспячэння энергетычнай бяспекi краiны.

На фоне гэтага эксперты рэкамендуюць абсталяваць дамы базавымi прыладамi, якiя спатрэбяцца падчас адключэння электраэнергii, у прыватнасцi, электрагенератарамi.

А што да будучых выбараў... да развязкi iнтрыгi засталося няшмат.

Апытанне Opinia24, праведзенае для польскага радыё RMF FM, паказала, што 69% рэспандэнтаў выказалi гатоўнасць прыняць удзел у галасаваннi на прэзiдэнцкiх выбарах у маi. Лiдарам застаецца кандыдат ад Грамадзянскай каалiцыi Рафал Тшаскоўскi (31,5%), 2-е месца за Каралем Наўроцкiм (20,1%), следам за iмi — Славамiр Ментцэн (14,7%), прадстаўнiк трэцяга шляху Шымон Галаўня — 5,8%, Гжэгаж Браўн — 3,5%, Адрыян Зандберг — 2,7%, Кшыштаф Станоўскi — 2,4%, Магдалена Бiят — 1,5% i Марэк Якубяк — 1%.

Цiкава, што 14,5% рэспандэнтаў не ведаюць, за каго галасаваць наогул. Вось за гэтых невызначыўшыхся палякаў кандыдатам давядзецца яшчэ пазмагацца. Часу на гэта засталося няшмат. Як кажуць, запасаемся папкорнам i назiраем…

У тэму

Польшча стала сусветным лiдарам па закупках зброi ў 2024 годзе

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на цэнтр аналiзу сусветнага гандлю зброяй (ЦАСГЗ).

Так, паводле даных цэнтра, у 2024 годзе Польшча закупiла ўзбраення на суму $15,6 млрд. Эксперты ЦАСГЗ адзначылi, што лiдарства Польшчы ў дадзеным рэйтынгу з’яўляецца вынiкам яе высокай мiлiтарызацыi.

«Агулам за апошнi чатырохгадовы перыяд Польшча заключыла кантракты на iмпарт прадукцыi вайсковага прызначэння на суму $68,261 млрд (13,38 % сусветнага рынку) i выйшла на першае месца ў свеце, нашмат апярэдзiўшы iншых буйных пакупнiкоў узбраенняў», — гаворыцца ў артыкуле.

Адзначаецца, што рост штогадовых выдаткаў Варшавы ўзрос з $618,4 млн у 2021 годзе да $15,6 млрд у 2024-м. Цэнтрам прагназуецца, што ў наступныя чатыры гады сума iмпарту зброi ў Польшчы будзе складаць каля $51,452 млрд.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю