Галоўны мастак-мадэльер дызайн-цэнтра ААТ «Камволь» і адна з самых вядомых дызайнераў нашай краіны Эльвіра Жвікава расказала пра тое, што будзе ў трэндзе гэтай вясной.
Незалежна ад узросту
— Калі параўноўваць сучасныя модныя настроі з тымі, што былі 20 гадоў таму, то яшчэ нават у нулявых прысутнічала нейкая выразнасць: 5-6 канкрэтных трэндаў. Потым трэндаў стала 10, 12, усё больш і больш, — адзначае Эльвіра Жвікава. — З лічбавізацыяй, са з’яўленнем ТікТок паняцце «трэнд» змяніла паняцце «кор». З англійскай мовы core перакладаецца як «ядро», то-бок аснова нейкага моднага кірунку. Калі казаць спрошчана, то «барбікор», напрыклад, мае на ўвазе ружовы колер у вобразах, а «нармкор» — стыль для тых, хто стаміўся ад засілля модных трэндаў і не хоча выдзяляцца. «Коры» сталі драбніцца і памнажацца ў залежнасці ад таго, як інфлюэнсеры падаюць той ці іншы брэнд. У процівагу з’явіўся стыль «норміс» як пратэст супраць імгненных тэндэнцый, што жывуць не больш за 3-4 месяцы. Нічога дрэннага ў такой разнастайнасці я не бачу. Наша грамадства складаецца з вельмі розных людзей, і мы хочам па-рознаму выглядаць. Высокі ў нашай краіне працэнт «дарослага» насельніцтва, людзей псіхалагічна сталых і самадастатковых, якія ўмеюць выглядаць стыльна, не кідаючыся на імгненныя трэнды. Калі я пачынала сваю кар’еру як дызайнер, адно з заданняў гучала так: «Распрацоўка калекцыі для асоб пажылога ўзросту», і гэта быў узрост 50–50+. Сёння такая фармуліроўка выклікае ўсмешку. Мы кажам, што мода не залежыць ад узросту — толькі ад нагледжанасці, уцягнутасці ў гэты працэс.
— Атрымліваецца, няма сэнсу пытацца, што будзе модна ў маючым адбыцца веснавым сезоне?
— Нейкія тэндэнцыі вылучыць усё ж можна. Напрыклад, актуальны вялікі трэнд «боха-шык» — багемны стыль, які ўключае ў сябе таксама настроі вестэрна, што з’явіліся ў калекцыях ужо гэтай зімой. Актуальны нармкор, або падкрэсленая прастата ў вобразах: простыя формы, мінімум рэчаў і аксесуараў. Адна з сур’ёзных тэм — усвядомленае спажыванне, якое пазіцыяніруецца і ў сярэднім сегменце, і тым больш у люксе. Калі мы будзем казаць пра мас-маркет, то і тут гэта гісторыя досыць актыўная, але кожны выбірае сам. Хтосьці гоніцца за імгненнымі моднымі «лукамі». Часта такія мадэлі губляюць у якасці тэкстылю і пашыву — затое ты ў гэтым сезоне носіш спадніцу з аборкамі і клінамі (як было мінулым летам). А потым без шкадавання аддасі яе на перапрацоўку — у крамах для гэтага прадугледжаны спецыяльныя скрыні. А хтосьці аддае перавагу рэчам, якія не будуць акцэнтнымі, але праслужаць некалькі сезонаў... Па-ранейшаму ў трэндзе мінімалізм. Аднак калі аналізаваць калекцыі вядучых сусветных брэндаў, намецілася і тэндэнцыя адмаўлення ад мінімалізму, напаўнення вобраза фактурамі, колерам, прынтамі: адмова ад аскетызму і лаканічнасці і вяртанне да дэкаратыўнасці і яркасці.
Мясцовы каларыт
— Глабальныя настроі, якія існуюць у фэшне, заўсёды «праламляюцца на мясцовасці». Якія трэнды выбіраюць беларускі з той разнастайнасці, што прапануе сучасная мода?
— Я сказала б, што нашы жанчыны да «гарачых трэндаў» нясхільныя. Беларускі ў большасці сваёй, як мне здаецца, досыць разважлівыя і да моды ставяцца ўдумліва — і гэта заслугоўвае павагі. Справа, вядома, і ва ўзроўні кошту: у апошні час усюды ў свеце цэны на моду рэзка выраслі. Але ў цэлым у нашай беларускай ментальнасці — набываць практычныя рэчы. Гэта не значыць, што на вуліцах Мінска, Брэста, Віцебска, Магілёва ці Гродна або на вечарынках не сустрэнеш модных дзяўчат. Але нашы жанчыны, нават набываючы культавыя, стыльныя, яркія рэчы, ставяцца да куплі прадумана. Шмат у нас дагледжаных маладых і сярэдняга ўзросту дзяўчат і жанчын, якія імкнуцца арганічна ўпісаць у свой гардэроб тыя ці іншыя навінкі. Таму нешта «выстрэльвае», а нешта — не. Для беларусак актуальныя функцыянальнасць і камфорт. Шматгадовая праца нашых стылістаў не прайшла дарэмна. І гэта радуе.
— Над чым цяпер працуеце?
— Запускаем у вытворчасць летнюю калекцыю, якая паступіць у продаж у сакавіку. Улетку мы традыцыйна супрацоўнічаем з Аршанскім ільнокамбінатам, ствараем калекцыю з лёну. Калі мінулы цёплы сезон быў больш графічным, з яркімі акцэнтамі (ружовы, зялёны яблык), то сёлета мы выбралі больш прыродную каляровую палітру. Базавымі ў нас будуць чорны і белы, дадаюцца колеры фанга (пыльны аліўкавы), мока-мус і светлы граніт. Як заўсёды, у нашых капсулах будуць прапанаваныя жакеты, камфортныя штаны, не адмаўляемся і ад камізэлькі. Мы прытрымліваемся выбранай стратэгіі: стыльны мінімалізм з акцэнтам на экалагічнасць, натуральныя тканіны, дарагія фактуры. Прапануем, з аднаго боку, аверсайз-жакеты з акцэнтнымі плячыма, з зашпількай або без, з камфортнымі палаца. З іншага — крыху больш кэжуальныя, расслабленыя жакеты, якія добра ўпішуцца ў стыль боха.
Свой фэшн
— А ў цэлым, што цяпер адбываецца ў беларускай модзе?
— Магу канстатаваць: мы не проста гаворым пра імпартазамяшчэнне, мы ўжо гэта актыўна робім. Яшчэ ў 2016–2017 гадах трэндсетары прадказвалі рост цікавасці да рэгіянальных брэндаў. Казалі, што хутка ўсе павернуцца да дызайнераў, якія жывуць побач. Сёння відавочна: яны мелі рацыю. Гэта адбываецца практычна ўсюды ў свеце, і Беларусь не выключэнне. У нашых гандлёвых цэнтрах адкрыліся вялікія шоўрумы з аўтарскімі калекцыямі. Людзям цікавыя свае дызайнеры, у якіх няма неабходнасці даваць вялікія аб’ёмы. Вядома, часам узнікаюць пытанні па якасці выканання, суадносінах цаны і якасці. Не заўсёды распрацоўкі адрозніваюцца аўтарскім дызайнам — часта гэта рэплікі вядомых брэндаў, але нямала і прыемных выключэнняў. Акрамя рэгіянальных брэндаў, радуюць і больш маштабныя вытворцы. Напрыклад, апошнім часам ёсць вельмі цікавыя прапановы такога прадпрыемства, як «Калінка», — і ў іх восеньскай, і ў летняй калекцыях. Словам, не заўсёды замежны мас-маркет можа перайграць айчыннага вытворцу, і людзі пачынаюць гэта разумець. Хоць на сёння вельмі актыўна заходзіць на нашы пляцоўкі Расія, і, напэўна, нам варта павучыцца ў расійскіх брэндаў стратэгіі пазіцыяніравання сябе на гандлёвых плошчах, у рытэйле, прапанове для пакупнікоў.