Top.Mail.Ru

Што Беларусь прапаноўвае Эфіопіі, як пашырыць супрацоўніцтва з Расіяй і чаму пасол — не толькі палітык

Топ-5 цытат мінулага тыдня з першых вуснаў.


Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.

На мінулым тыдні Беларусь у чарговы раз прадэманстравала сваю адкрытасць і накіраванасць на плённае супрацоўніцтва з суседзямі і больш далёкімі партнёрамі. Рабочы тыдзень Прэзідэнта быў цалкам прысвечаны знешняй палітыцы. Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з губернатарам Цюменскай вобласці, міністрам замежных спраў Эфіопіі. Кіраўнік дзяржавы ацаніў і беларускую прысутнасць амаль ва ўсіх краінах свету — на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў актуалізавалі задачы і акрэслівалі перспектывы. А скончыўся насычаны тыдзень за мяжой — Аляксандр Лукашэнка здзейсніў візіт у Расію і правёў перагаворы са сваім калегам Уладзімірам Пуціным у святым месцы — на востраве Валаам. 

1. «Цяпер тавараабарот паміж Беларуссю і Цюменскай вобласцю складае каля чатырох мільярдаў долараў. Але ёсць адно „але“ ў нашым супрацоўніцтве. Мы ў вас у асноўным купляем вуглевадародную сыравіну. Гэта добра. Дзякуй за тое, што вы робіце ўсё, каб забяспечыць сыравінай гэтай беларускія прадпрыемствы. Нам хацелася б, каб мы ў вас куплялі вялікую наменклатуру. Вы ў гэтым будзеце, вядома ж, зацікаўленыя. Гэта значыць, нам трэба пашыраць па наменклатуры наша супрацоўніцтва», — заявіў беларускі лідар на сустрэчы з губернатарам Цюменскай вобласці Аляксандрам Маорам. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, гэта нябедны расійскі рэгіён з развітай прамысловасцю, з вялікім досведам здабычы вуглевадароднай сыравіны. І з выкарыстаннем беларускай тэхнікі, тэхналогій і кампетэнцый супрацоўніцтва можна вывесці на яшчэ больш высокі ўзровень. У рэшце рэшт, не чужыя ж людзі. 

2. «Мы гатовыя пастаўляць вам увесь комплекс машынабудаўнічай прадукцыі, неабходнай для Эфіопіі. Мы гатовыя пастаўляць вам увесь комплекс сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Але, акрамя гэтага, мы гатовыя перадаваць вам адпаведныя тэхналогіі і навучаць вашых людзей», — прапанаваў Прэзідэнт міністру замежных спраў Эфіопіі Гедыёну Тыматэвасу. Супрацоўніцтва з гэтай краінай, якую называюць «варотамі ў Афрыку» — яскравы прыклад таго, як павага і міралюбная палітыка даюць эканамічны эфект і новых сяброў.

3. «Выкарыстоўвайце кожную магчымасць, каб данесці праўду пра Беларусь да заходніх экспертных і аналітычных цэнтраў, сродкаў масавай інфармацыі. Стратэгія „дэмакратызацыі санкцыямі“ правалілася. Убачыце, што неўзабаве пачнуцца канкурэнцыя сярод новых канцэпцый. Там павінны загучаць разумныя галасы тых, з кім вы папрацуеце», — з такім пасылам Прэзідэнт звярнуўся да паслоў Беларусі ў розных краінах на вялікай нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў. А яшчэ кіраўнік дзяржавы заклікаў дыпламатаў, якія жывуць у вельмі складаны мірны час, па-ваеннаму мабілізавацца. І заўсёды памятаць, што на чале ўсяго — эканоміка. 

4. «За гэтыя 4 гады, знаходзячыся на адным з самых небяспечных разломаў глабальнага супрацьстаяння, Беларусь змагла захаваць галоўнае — мірнае неба над галавой. Нягледзячы на вельмі жорсткі эканамічны ціск, удалося забяспечыць людзей працай, даць рост даходаў і надзею на заўтрашні дзень», — адзначыў беларускі лідар на той жа нарадзе з пасламі. І ці варта казаць, што агульная задача ўсіх — прыкласці максімум намаганняў, каб гэта захаваць.

5. «Мы ўжо ўсё памянялі, што нам трэба было. Калі перад намі зачыніў хтосьці дзверы — у свеце вельмі шмат адчыненых дзвярэй. І Расія, і Беларусь сёння зрабілі вельмі сур’ёзны разварот. Думаю, час пройдзе, і свет яшчэ ацэніць тое, што зроблена намі. Гэта было проста немагчыма ўявіць у пачатку 2020-х гадоў. Тым не менш зрабілі. Жывём і будзем жыць. У нашым свеце нікому не ўдасца паставіць нас на калені. Мы поўныя рашучасці адстаяць свае інтарэсы» — заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналістаў падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Валааме. Беларускі лідар звярнуў увагу, што Расія — гэта скарбніца карысных выкапняў і тэхналогій. Але патрэбны час, каб канчаткова ўсім, хто сумняваецца, даказаць, што краіны разам здольныя на многае.

Валерыя СЦЯЦКО.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю