Тое, што наша краіна займае першае месца ў свеце па аб’ёме вытворчасці брыкетаў, ужо ні для каго не сакрэт. Справа ў тым, што на тэрыторыі Беларусі запасы торфу ацэньваюцца ў 2,4 мільярда тон, расказаў начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі тарфяной прадукцыі ўпраўлення тарфяной прамысловасці ДВА «Белпалівагаз» Сяргей Дзмітрыеў. З гэтых запасаў на перыяд да 2030 года для прамысловай распрацоўкі вызначана 302,1 мільёна тон торфу, або 12 % ад названых запасаў.
Сыравіны хопіць на 100 гадоў
А разведаных запасаў у нас сапраўды шмат. З 9 тысяч тарфяных радовішчаў краіны арганізацыямі тарфяной прамысловасці Мінэнерга распрацоўваецца толькі 37. Сёння адведзена 9,5 тысячы гектараў плошчаў для здабычы торфу з запасамі паліва ў 33,2 мільёна тон. Спецыялісты ведамства цяпер распрацоўваюць каля 11 % ад усяго аб’ёму прамысловых запасаў, або 1,3 % ад агульнага аб’ёму запасаў тарфяной сыравіны.
Пры дасягненні ўстаноўленых праграмай комплекснай мадэрнізацыі тарфяных вытворчасцяў на 2021–2025 гады аб’ёмаў здабычы запасаў торфу ў краіне дастаткова для распрацоўкі і выкарыстання яго ў эканоміцы на найбліжэйшыя 100 гадоў.
Штогод у Беларусі здабываецца каля 2 мільёнаў тон торфу. З яго вырабляецца 1,2 мільёна тон тарфяной прадукцыі, у тым ліку каля мільёна тон — паліўнай групы, што дазваляе штогод замяшчаць больш за 450 мільёнаў кубічных метраў імпартнага прыроднага газу. Вырабляецца звыш 100 тысяч тон прадукцыі непаліўнага прызначэння (грунты пажыўныя, торф верхавы кіпаваны).
Летась арганізацыі тарфяной прамысловасці здабылі 1,9 мільёна тон торфу, што дазваляе цалкам забяспечыць унутраныя патрэбы краіны. Пры гэтым доля нашай дзяржавы ў агульным аб’ёме сусветнай торфаздабычы складае каля 15 %, а ў аб’ёме вытворчасці тарфяной паліўнай прадукцыі — каля 35 %.
Прадукцыя торфабрыкетных заводаў пастаўляецца арганізацыям ЖКГ, цэментнай прамысловасці, насельніцтву, яна запатрабавана ў сельскай гаспадарцы, а таксама экспартуецца на знешнія рынкі.
Асноўнымі спажыўцамі тарфяной паліўнай прадукцыі з’яўляюцца цэментавыя заводы і палівазабяспечвальныя арганізацыі. У структуры рэалізацыі яны займаюць 51,9 % і 27 % адпаведна.
Пажыўныя грунты і натуральная падкормка
Як адзначыў Сяргей Дзмітрыеў, асаблівая ўвага ўдзяляецца непаліўнай групе ў сегменце паставак прафесійных пажыўных грунтоў на ўнутраны рынак і экспарт. А апошнім часам сталі распрацоўваць такую тарфяную прадукцыю, што адпавядае характарыстыкам, якія неабходныя вытворцам грыбоў.
У гэтым кірунку арганізацыямі аб’яднання пастаянна вядзецца работа па пашырэнні асартыментнага пераліку такіх грунтоў. Сумесна з НАН Беларусі распрацавана больш за 50 рэцэптур тарфяных субстратаў, якія могуць быць спакаваныя ў розную тару ад пяці да 250 літраў і выкарыстаны як для патрэб хобі-рынку, так і ў прамысловых цяплічных камбінатах.
Праводзіцца работа па пашырэнні наменклатуры выпуску прадукцыі на аснове торфу з высокай дабаўленай вартасцю, створана рабочая група з Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі.
«Ядомыя» гелі і ласункі для грыбоў
Па гэтых кірунках спецыялісты ўжо выйшлі на практычнае прымяненне. Напрыклад, летась арганізавана вытворчасць вадкіх і сухіх гуматаў на аснове торфу. Выпушчана доследная партыя і апрабавана ў якасці стымулятара росту раслін на сельгаспрадпрыемствах аб’яднання. У 2025 годзе тэхналогіі вытворчасці гуматаў будуць удасканальвацца ў бок павышэння якасці, а таксама атрымання новых відаў экспартна арыентаванай прадукцыі (сухія гуматы, гуматы ў выглядзе гелю).
Значным імпартазамяшчальным праектам стала адкрыццё ў 2022 годзе цэха па вытворчасці покрыўных грунтоў для вырошчвання шампіньёнаў. Вытворчая магутнасць цэха — 40 тысяч тон грунтоў у год. Аб’ёмы рэалізацыі асноўным вытворцам грыбоў у нашай краіне (13 арганізацый) выраслі за два гады з 18 да 24 тысяч тон (у 1,3 раза), прагноз рэалізацыі ў 2025 годзе складзе 25 тысяч тон.
Летась распачата рэалізацыя праекта па будаўніцтве цэха па кіпаванні торфу і вытворчасці тарфяных субстратаў праектнай магутнасцю 32,5 тысячы тон у год, у рамках якога будзе рэалізаваны выпуск шырокага спектра пажыўных грунтоў. Арганізацыямі аб’яднання вядзецца работа па нарошчванні экспартных рынкаў збыту.
Зацікавілі Кітай, В’етнам і Турцыю
Усяго за мінулы год на знешнія рынкі было пастаўлена 121,4 тысячы тон тарфяной прадукцыі паліўнага і непаліўнага прызначэння. У вартасным выражэнні наша краіна выручыла амаль 10 мільёнаў долараў.
Сяргей Дзмітрыеў адзначыў, што для захавання і павелічэння аб’ёмаў экспартных паставак «Белпалівагазам» прымаюцца меры па дыверсіфікацыі экспарту. Сёння гэта арганізацыя актыўна займаецца выхадам на рынак Кітая, павялічвае пастаўкі расійскім спажыўцам, прапрацоўваюцца сувязі з новымі кліентамі (В’етнам, Узбекістан, Турцыя). Па стане на сярэдзіну сакавіка акрэдытацыю на пастаўкі ў Кітай маюць тры торфазаводы нашай краіны («Глінка», «Віцебскторф», «Туршоўка»).
Вядзецца работа па выхадзе на новыя знешнія рынкі краін Цэнтральнай Азіі, Блізкага і Далёкага Усходу шляхам удзелу ў міжнародных спецыялізаваных выставах. У ходзе выставачных мерапрыемстваў арганізацыямі тарфяной галіны ДВА «Белпалівагаз» прадстаўляецца экспазіцыя з узорамі прафесійных тарфяных субстратаў беларускай вытворчасці, іх складнікаў і спосабаў прымянення.
Па выніках удзелу ў выстаўках па заключаных кантрактах было пастаўлена тарфяной прадукцыі на суму больш чым 400 тысяч долараў.