Ва ўсіх сусветных медыя асноўнай тэмай практычна ўсіх публікацый застаецца пошук адказу на пытанне: што будзе з амерыканскім доларам?
Колькасць меркаванняў не такая ўжо і вялікая. Усе сыходзяцца ў адным — амерыканская валюта губляе давер у яе трымальнікаў. На сёння не адкрыццё, а аксіёма для ўсіх. У пошуках альтэрнатывы ўсе задаюцца пытаннем: ці ёсць замена амерыканскаму долару ў найбліжэйшай будучыні, і калі яна ёсць, то якая? У чым сёння лепш і больш бяспечна захоўваць свае зберажэнні?
«Сякера пад лаўкай»
Аб прычынах нестабільнасці амерыканскага долара сёння напісана шмат. Практычна ўсе аналітыкі прычыну гэтага бачаць у рашэннях, прынятых прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у лютым гэтага года. Некаторыя з іх, падводзячы папярэдні вынік гэтым рашэнням, называюць тое, што адбываецца, Лютаўскай рэвалюцыяй у ЗША або амерыканскай Перабудовай па аналогіі з савецкай Перабудовай Міхаіла Гарбачова, 40-годдзе якой будзе адзначацца ў красавіку гэтага года.
У большасці сваёй мы ўсе так уладкаваныя, што на складаныя пытанні, датычныя ўсіх нас, мы спрабуем знайсці просты, а не правільны адказ. Заўсёды прасцей знайсці канкрэтнага вінаватага, персаналізаваць праблему, не паглыбляючыся ў яе крыніцы. У народзе гэта называецца «знайсці сякеру пад лаўкай».
У шматгалосым хоры «экспертнай супольнасці» я знайшоў меркаванне толькі аднаго з іх (да гэтага меркавання варта прыслухацца), які сказаў, што новавыбраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп публічна агучыў тое, пра што ведаюць усе. Не толькі сусветная фінансавая сістэма, але і ўсё сусветнае пасляваеннае ўладкаванне перажываюць глыбокі крызіс і патрабуюць змен.
Якія прэтэнзіі прад’яўляе Трамп еўрапейцам? Ніякіх. Ён кажа ім аб тым, што надышоў час, калі Еўропа павінна жыць па сродках. Ён кажа аб тым, што пра той еўрапейскі сацыялізм, які да нядаўняга часу аплачваўся за кошт таго, што еўрапейцы не траціліся на ўтрыманне агульнай ваеннай інфраструктуры (за ўсё плацілі амерыканцы), амерыканцы і марыць не могуць. Другім складнікам еўрапейскага дабрабыту да нядаўняга часу былі танныя расійскія энерганосьбіты.
Усё гэта давала магчымасць утрымліваць велізарную колькасць мігрантаў, якія рвуцца ў Еўропу, якія гадамі жывуць на значныя выплаты дапамогі, што дазваляюць «новым беспрацоўным» не проста жыць, але і падарожнічаць, і адпачываць па ўсёй Еўропе. Час гэтага «салодкага жыцця» заканчваецца. Амерыка пачынае лічыць свае грошы.
Сваіх прарокаў мы не ведаем
На маю думку, сёння мы ўсе перажываем ментальны пералом і сур’ёзную пераацэнку саміх сябе і ўсёй нашай гісторыі. На ўзроўні светапогляду шмат у каго адбываецца канчатковае расставанне з культам, калі ўсё заходняе ўспрымалася як ісціна ў апошняй інстанцыі, але баімся самім сабе ў гэтым прызнацца.
Цяперашні сістэмны сусветны крызіс быў прадказаны не на Захадзе Фрэнсісам Фукуямай або Самюэлам Хангтынгтанам у іх разрэкламаваных трактатах, а выбітным савецкім і расійскім філосафам Аляксандрам Панарыным. У другой палове 90-х гадоў у сваёй працы «Спакуса глабалізмам» ён выразна абгрунтаваў, што для ЗША перамога ў халоднай вайне над СССР акажацца піравай. Амерыка не вытрымае поўнага дамінавання ў свеце — яна падарвецца. У другой сваёй працы, апублікаванай у пачатку «нулявых» гадоў, «Стратэгічная нестабільнасць у ХХI стагоддзі» Панарын прадказаў сусветны фінансавы крызіс, як вынік супярэчнасцяў паміж высокапрыбытковай эканомікай штучнага інтэлекту (лічбавай эканомікай) і нізкапрыбытковай эканомікай рэальнага сектара.
Каб камп’ютар запрацаваў, яго трэба падключыць да крыніцы сілкавання, а работнік павінен быць накормлены, абуты і апрануты. Яго нехта павінен даставіць да месца працы і гэтак далей. Гэта не адмяняе важнасці лічбавай эканомікі, якая поўнасцю ўвайшла ў наша жыццё. Сама сутнасць эканамічнага канфлікту паміж рэальным (тое, што мы можам убачыць, выкарыстоўваць ці пакаштаваць), заключаецца ў пошуку балансу, калі лічбавая эканоміка не падмяняе, а дапаўняе эканоміку рэальнага сектара і не вядзе да яе разбурэння.
Канфліктная сітуацыя на Мюнхенскай канферэнцыі паміж віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і еўрапейскімі палітыкамі звязана не са славутай свабодай слова і іншымі яркімі медыйнымі атрыбутамі, а з розніцай падыходаў амерыканцаў і еўрапейцаў да пытанняў штучнага інтэлекту.
Вэнс паставіў гэта пытанне вельмі проста: для вас штучны інтэлект — гэта пагроза або выклік? Еўрапейцы ўспрымаюць гэта як пагрозу і ўсе меры, якія прымаюцца ў еўрапейскіх краінах, зыходзяць з гэтага пасылу. Пазіцыя амерыканцаў у гэтым пытанні, апроч эканамічнага складніка (яны на гэтым зарабляюць велізарныя грошы), іншая. Без штучнага інтэлекту сёння ніхто ў свеце абысціся не можа. Але абмежаваць штучны інтэлект, які пры адсутнасці кантролю можа разбурыць усё, неабходна. Сёння гэта галоўны парадак дня ва ўсім свеце для ўсіх і кожнага.
Як захаваць свае зберажэнні?
Чытач можа слушна заўважыць — нам бы гэтыя праблемы! Як і ў чым сёння захаваць свае кроўныя зберажэнні? Аб прыярытэце захаванасці сродкаў у золаце сёння пішуць усе. Калі паглядзець табліцу сусветных цэн на золата за апошнія 200 гадоў (яна ёсць у інтэрнэце), то мы ўбачым, што высокая цана на золата заўсёды адпавядала падзенню асноўных сусветных валют — англійскага фунта стэрлінга і амерыканскага долара. Усе перыяды высокіх цэн на золата характарызаваліся міжнароднымі вайсковымі канфліктамі. Тысячагоддзямі золата заставалася надзейным сродкам захавання зберажэнняў.
Навамоднай тэмай захавання грошай сёння стала крыптавалюта. Многія мае калегі прытрымліваюцца меркавання, што гэта адзіна надзейная (!) валюта, за якой будучыня. Але ніхто толкам не можа растлумачыць, што гэта такое. Калі гэта электронная валюта, што будзе ў выпадку, калі нехта падыдзе і адключыць сістэму ад электрасілкавання? У гэтым пытанні ў мяне спрацоўвае ўзроставы кансерватызм — для мяне крыптавалюта, што «абед па тэлефоне». Але маё асабістае перакананне не адмяняе права іншых думаць інакш.
Амерыканскі долар для ўсіх нас сёння застаецца сродкам камунікацыі падчас паездак у іншыя краіны па асабістых пытаннях — іншых варыянтаў у бліжэйшай перспектыве пакуль няма. Хоць усе разумеюць, што доларавы «шторм», які пацягне за сабой усю зону еўра — гэта надоўга.
Што да пытання захавання грошай, то акрамя золата, надзейным гарантам захавання нашых сродкаў застаецца адзіны неаднаўляемы ў свеце тавар — зямля. Калі ў кагосьці ёсць сваюлдныя сродкі, то варта было б прыгледзецца да куплі загараднай нерухомасці. Тых самых закінутых хатак на сяле, якія сёння можна купіць за адну базавую велічыню. У кожнага ў гэтым пытанні свой выбар — давярайце свайму жыццёваму вопыту і інтуіцыі.