Зусім хутка пачнецца другі семестр навучальнага года ў ВНУ. А значыць, прыйшоў час даведацца, як учарашнія школьнікі адаптаваліся да студэнцкіх будняў. Пра адкрыцці, цяжкасці і радасці вучобы ва ўніверсітэце нам расказалі першакурснікі сталіцы.
«Ёсць плюсы ў студэнцкіх буднях»
Анастасія Паберская, энергетычны факультэт БНТУ:
— Мае чаканні амаль супалі з рэальнасцю. Першыя тыдні былі няпростымі, але паступова я прывыкла да новых патрабаванняў. Вялікі аб’ём самастойнай працы і неабходнасць планаваць свой час стваралі пэўныя цяжкасці, як і падрыхтоўка да семінараў. Каб спраўляцца з нагрузкай, пачала выкарыстоўваць мабільныя праграмы для арганізацыі задач. Яны дапамагаюць іх размяркоўваць, не пакідаць усё на апошні момант. А калі нешта не атрымліваецца, я звяртаюся па параду да старшакурснікаў і выкладчыкаў.
Самым складаным аказалася сумяшчэнне вучобы і асабістага жыцця. Вольнага часу застаецца вельмі мала, але стараюся знаходзіць яго для заняткаў спортам і чытання. Часам выбіраюся на прагулку або на сустрэчу з сябрамі. І інтэрнат, як аказалася, многаму вучыць. У першую чаргу адказнасці і ўменню планаваць бюджэт. Давялося змяніць некаторыя прывычкі, навучыцца гатаваць і сачыць за парадкам у пакоі. Але ёсць і больш відавочныя плюсы ў студэнцкіх буднях. Мне, напрыклад, спадабалася ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. А яшчэ там прасцей абзавесціся новымі знаёмствамі. Так у мяне за гэтыя месяцы і з’явіліся добрыя сябры. З аднагрупнікамі агульную мову я таксама знайшла даволі хутка — паспрыялі вучэбныя праекты і зладжаная калектыўная праца над імі. Дарэчы, сумесныя заняткі выдатна дапамагаюць у падрыхтоўцы да экзаменаў. А тым, каму прасцей вучыцца ў адзіноце, раю выкарыстоўваць усе магчымыя крыніцы інфармацыі. У мяне ў ход ідуць не толькі канспекты, але і падручнікі, і іншыя матэрыялы з бібліятэкі. І не бойцеся задаваць пытанні, звяртацца да іншых па дапамогу. Ну і, вядома, вельмі важна не забывацца на адпачынак.
«Калі не старацца — нічога не атрымаецца»
Таццяна Арцёмава, факультэт права БДЭУ:
— Мне адразу паказаўся незвычайным расклад заняткаў. Але спадабалася тое, што на курсе лекцый засвойваеш тэарэтычны матэрыял, а пасля, ужо на семінарскіх занятках, асвяжаеш усё ў памяці і замацоўваеш веды. Дзякуючы такой сістэме галоўны страх усіх студэнтаў — сесія — мяне ўжо амаль не палохае.
Праўда, калі я толькі-толькі паступіла, да яе, здавалася, было яшчэ вельмі далёка. Таму мае перажыванні засяродзіліся на іншым: як знайсці агульную мову з аднагрупнікамі? На шчасце, неўзабаве ўсё склалася само сабой. Мы хутка пасябравалі, і сёння ў нашай групе пануе максімальна ўтульная атмасфера.
Універсітэт — не школа. Тут уся адказнасць за навучанне поўнасцю ляжыць на табе. Мусіць, гэта першае, што давялося засвоіць пасля паступлення. Так, выкладчыкі спагадлівыя, старшакурснікі заўсёды гатовы дапамагчы. Але калі ты сам не будеш старацца — нічога не атрымаецца. Бо нагрузка ўсё ж такі ў разы вышэй, чым была ў школе, няхай да яе і прывыкаеш з часам. Відавочна, з гэтай прычыны вольнага часу не так шмат. Рыхтавацца да заняткаў часам трэба вельмі грунтоўна. Каб паспяваць за праграмай, даводзіцца іншы раз мяняць свае планы. Але я кожны вечар стараюся знайсці магчымасць для заняткаў музыкай. Ігра на музычных інструментах прыносіць мне не толькі задавальненне, але і зараджае энергіяй на ўвесь дзень.
«Складанасці робяць нас мацнейшымі»
Анастасія Макарэвіч, факультэт журналістыкі БДУ:
— У параўнанні са школай усё па-іншаму. На факультэце мы вучымся па такой сістэме: спачатку ідуць лекцыі, і толькі праз паўтара-два месяцы пачынаюцца практычныя заняткі. Спачатку гэтая схема здавалася мне заблытанай, незразумелай. Тое ж магу сказаць і пра першыя семінары. Што, як і калі вучыць — напачатку незразумела. Памятаю, як моцна перажывала перад заняткам, хоць і прачытала ўсю-ўсю інфармацыю па зададзенай тэме.
І часу ў пачатку года катастрафічна не хапала, бо, акрамя вучобы, было яшчэ мноства мерапрыемстваў. Але я ні на секунду не пашкадавала, што з першага дня пачала актыўна ў іх удзельнічаць. Дзень першакурсніка, напрыклад, назаўжды застанецца ў маёй памяці. Падчас падрыхтоўкі да яго наша група вельмі згуртавалася, а эмоцыі, атрыманыя падчас самога мерапрыемства, наўрад ці з чымсьці параўнаюцца.
Мець дружны калектыў заўсёды вельмі важна, а ва ўніверсітэце тым больш. Аднагрупнікі і з заданнем калі што дапамогуць, і сумесныя праекты значна весялей рабіць разам. Праўда, нагрузка першы час усё роўна здавалася мне празмернай. Таму давялося паставіць на паўзу свае хобі і забавы. Але час ішоў, паступова я навучылася сумяшчаць вучобу і адпачынак, і цяпер лёгка паспяваю гуляць вечарамі з сябрамі і займацца любімай справай — фатаграфаваннем.
Паступаючы ва ўніверсітэт, я разумела, што далёка не ўсё будзе лёгка і проста. Але складанасці робяць нас мацнейшымі. У хуткім часе я таксама перастала рамантызаваць сваю будучую спецыяльнасць. Затое прыйшло ўсведамленне: без стараннай працы над сабой не стаць майстрам сваёй справы, у тым ліку прафесійным журналістам. І абітурыентам я раю выключна самастойна выбіраць, куды паступаць. Вядома, варта прыслухоўвацца да парад, але найперш важна давяраць свайму выбару. Тады пакарацца любыя вяршыні, а шлях да ведаў не пакажацца такім ужо доўгім.
Аліна НАЗАРАВА
Фота БелТА