Top.Mail.Ru

Што чакае наведвальнікаў Велiкоднага фестывалю «Натхнёныя Перамогай»?

Ён пачнецца ўжо ў панядзелак на святочным тыднi дзеля таго, каб падкрэслiць пераемнасць духоўных i творчых традыцый, распавяла Алена Куракiна, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi.


— Iдэя ў тым, каб прыцягнуць моладзь да светлага свята Вялiкадня i да iдэалаў высокага мастацтва, перадаць iдэю сумеснай творчасцi розных пакаленняў i iдэю развiцця нацыянальнага мастацтва. Трэцi год фестываль атрымлiвае высокае благаславенне мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусi Венiямiна. З таго часу канцэрты фестывалю адбываюцца ў храмавай прасторы. Iдэя натхнёнай творчасцi паўстае ў Велiкодным фестывалi рознымi гранямi, што адлюстравана ў назвах канцэртаў. Адметнасць у тым, што сёлета фестываль прысвечаны тэме Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне.

Падкрэслiвае сiмвалiзм перамогi духу (толькi ў мiрным выяўленнi) конкурс маладых кампазiтараў, якi ўпершыню пройдзе ў межах фестывалю з удзелам беларускiх i расiйскiх творцаў.

— Спаборнiчаюць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi i Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыi, якiя выявiлi вялiкую цiкавасць да конкурсу. Таксама як i сябры журы — яны ў межах праграмы правядуць майстар-класы, — патлумачыў ад iмя аргкамiтэта конкурсу Iгар Комар, старшы выкладчык кафедры кампазiцыi Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi. — Папярэдне мы атрымалi 17 заявак, у наступны этап адабралi 12 твораў. Удзельнiкi пiсалi музыку паводле вершаў беларускiх i расiйскiх аўтараў на ваенную тэматыку. Разглядалiся творы, напiсаныя для харавых калектываў, i вакальныя нумары.

Найлепшых выберуць падчас фестывалю (адмысловая праграма адбудзецца 22 красавiка ў Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi). А iмёны пераможцаў назавуць ужо на наступны дзень падчас гала-канцэрта «Сiмфонiя ў iмя Перамогi» з удзелам студэнцкiх хароў нашай акадэмii музыкi i Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыi. Месца ўзнагароджання тых, хто пiсаў музыку, натхняючыся Перамогай, таксама сiмвалiчнае — Беларускi дзяржаўны музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны.

Наогул, iмпрэзы фестывалю сёлета пройдуць на розных вельмi знакавых пляцоўках. Так, адкрыццё 21 красавiка адбудзецца ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi, дзе выступiць студэнцкi камерны аркестр з праграмай «Сiмфонiя традыцый». На наступны дзень — «Сiмфонiя нашай Памяцi», складзеная з ваенных песень, іх можна будзе паслухаць у Культурным цэнтры «Каўчэг» пры СвятаЕлiзавецiнскiм манастыры. Гала-канцэрт духоўнай музыкi пад назвай «Сiмфонiя ўзнёслага духу» адбудзецца 25 красавiка ў Храме-помнiку ў гонар Усiх Святых i ў памяць аб ахвярах, якiя паслужылi выратаванню нашай Айчыны.

— Для нас вялiкi гонар прымаць фiнал Велiкоднага фестывалю, — падкрэслiў iерэй Мiкалай Поўны. — Радуемся магчымасцi дыялогу на тэму духоўнасцi i культуры, Вялiкай Перамогi, тэма якой праходзiць праз усе святы гэтага года. Запрашаем наведаць Нацыянальны мемарыяльны комплекс — Храм-помнiк у гонар Усiх Святых: уваход на канцэрт вольны для ўсiх.

Ахвотным патрапiць на iншыя канцэрты фестывалю трэба папярэдне запiсацца (бо колькасць месцаў у залах абмежаваная). Але за гады iснавання фестывалю (з 2017-га) людзi ведаюць яго асаблiвасцi i загадзя клапоцяцца пра тое, каб правесцi святочны тыдзень узнёсла.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю