Топ-5 цытат мінулага тыдня з першых вуснаў.
Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім Кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы тыдзень кіраўнік дзяржавы прысвяціў актуальным пытанням, якія патрабуюць узважанага рашэння. Пасля камандзіровак у Мінскую і Гомельскую вобласці Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на Брэсцкі рэгіён — заслухаў даклад старшыні аблвыканкама Пятра Пархомчыка і акрэсліў задачы для вобласці. На нарадзе з абноўленым кіраўніцтвам Савета Міністраў разглядалі разнастайныя пытанні: арэнднае жыллё, стварэнне касмічнага агенцтва, гульнявы бізнес. Сярод самых вострых — падзеж жывёлы. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы гаварылі і аб нашай будучыні — Прэзідэнт заслухаў даклад аб ходзе ўступнай кампаніі. Таксама на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонную размову са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным.
1. «Што-што, а бульбу мы вырошчваць умеем. Трэба вырасціць столькі, каб хапіла нам і Расіі. Цэны будуць прыстойныя. За год ні мы, ні яны сітуацыю не зможам паправіць, хоць, быццам бы, у нас сітуацыя нядрэнная — насення хапала. А ў нашых суседзяў наўрад ці хопіць насення. У іх падмарозіла на поўдні прыстойна, і бульбу ў тым ліку, таму трэба дапамагчы братам-расіянам» — паставіў задачу перад аграрыямі Брэстчыны (але прыслухацца варта і іншым рэгіёнам) Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, што, па яго словах, гэта не дабрачыннасць, а прыстойныя грошы. Аналагічныя задачы пастаўлены і па вырошчванні ў дастатковым аб’ёме буракоў, капусты, морквы, цыбулі. А вось наконт яблыкаў трэба падумаць, дзе іх закупляць, бо сёлета вялікага яблычнага ўраджаю чакаць не прыйдзецца, на гэта таксама звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
2. «Па-першае, пры наяўнасці віртуальных устаноў патрабуецца страхоўка, каб не дапусціць удзелу ў гульні дзяцей і недзеяздольных грамадзян, — канкрэтызаваў Прэзідэнт, кажучы пра рэгуляванне гульнявога бізнесу ў краіне. — Па-другое, такія забавы павінны быць даступныя толькі для плацежаздольных людзей. Дарэчы, мы ж не першы раз ужо сутыкаемся з дадзеным пытаннем. А ў Беларусі ўсё гэта „квітнее“. „Квітнее і пахне“, як у народзе кажуць». Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вопыт работы па гульнявым бізнесе ў краіне ёсць, таму неабходна, выкарыстоўваючы яго, канчаткова адрэгуляваць усе правілы.
3. «Калі ў Віцебскай, Магілёўскай або іншых абласцях у нас прыстойны падзеж, мы дамаўляліся, што гэтых цялят, калі малозівам іх адпаілі, першую вакцынацыю зрабілі, забіраем і пераводзім у нармальныя гаспадаркі для таго, каб ажыццявіць дарошчванне, адкорм, а цёлачак перадаць на ўзнаўленне. Але калі ты гробіш маладняк, яго трэба проста забраць і перавезці туды, дзе з ім добра абыходзяцца, утрыманне добрае, ветурачы працуюць. Не проста забраць, а заплаціць тым, хто перадае гэты маладняк узросту 21 дзень, добрыя грошы. Гэта ўсё роўна будзе плюс, інакш загіне жывёла», — выказаўся кіраўнік дзяржавы наконт вялікай праблемы — падзяжу жывёлы. Сёлета яго паказчыкі дасягнулі гістарычнага максімуму, што, зразумела, ні ў якім разе нельга пакідаць без увагі. Прэзідэнт заўважыў, што ён як чалавек вясковы, які працаваў у сельскай гаспадарцы, увогуле не разумее, «як можна дапусціць гібель маленькіх гэтых дзетак, цялят». «Ну як гэта можна? — спытаў ён. — І самае галоўнае, што мяне да глыбіні душы абурае: аператыўна мы правялі кантроль па краіне. Асабліва па Віцебскай вобласці да нарады».
4. «Самае галоўнае — наша размова павінна прадэманстраваць людзям, насельніцтву, што мы трымаем у полі зроку на самым высокім узроўні працэс арганізацыі ўступных экзаменаў у ВНУ і экзаменаў па заканчэнні сярэдняга і базавага ўзроўню адукацыі. Асабліва паступленне ў ВНУ. Мы выдатна ведаем, якое значэнне мае гэта падзея ў сям’і, у адказнай сям’і. Самі праз гэта практычна ўсе праходзілі. Таму вельмі важна забяспечыць такую сістэму, якая б пераконвала нашых людзей у справядлівасці правядзення гэтай кампаніі», — падкрэсліў Прэзідэнт, гаворачы чы аб арганізацыі ўступнай кампаніі. Сёлета крок у новае жыццё праз экзамены робяць больш за 56 тысяч маладых беларусаў. Таму пытанне ўступнай кампаніі — найважнейшае для краіны і знаходзіцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы.
5. «Проста трэба бацькам і абітурыентам разумець, што ўсё будзе справядліва. Не трэба ісці ні на якія хітрыкі. Прыходзіць у аўдыторыю для здачы экзаменаў трэба са сваімі ведамі. Але ведаў замала, трэба яшчэ, і каб удача была. Вось веды плюс удача і будзеш вучыцца ў ВНУ», — параіў Аляксандр Лукашэнка абітурыентам. Словы аб тым, што ўсё будзе справядліва — найважнейшая задача для адказных асоб, якія арганізоўваюць уступную кампанію. І тут таксама не павінна быць ніякіх хітрыкаў.
Валерыя СЦЯЦКО