Top.Mail.Ru

Што дае Беларусі статус назіральніка пры Азіяцкай парламенцкай асамблеі?

Адной з галоўных падзей у знешнепалітычным парадку дня мінулага тыдня стаў візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Азербайджан. Нашы парламентарыі ўзялі ўдзел у пасяджэнні Азіяцкай парламенцкай асамблеі, на яе пленарным пасяджэнні Наталля Качанава выступіла з прамовай. Таксама кіраўнік беларускай дэлегацыі правяла шэраг двухбаковых сустрэч, у тым ліку з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і прэм’ер-міністрам Алі Асадавым.


Па выніках візіту Беларусь атрымала статус назіральніка пры Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Што гэта дае нашай краіне — разважаюць парламентарыі — члены Савета Рэспублікі.

Сяргей Алейнік, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

«Атрыманне Беларуссю статусу назіральніка ў Азіяцкай парламенцкай асамблеі фактычна завяршае цыкл нашага далучэння да ўсіх найбуйнейшых рэгіянальных міжпарламенцкіх структур. Мы ў кастрычніку падалі афіцыйную заяўку на атрыманне статусу назіральніка ў гэтай паважанай арганізацыі. Наша заяўка была станоўча разгледжана ўсімі дзяржавамі — членамі гэтай арганізацыі і атрымала афіцыйнае адабрэнне асамблеі. Асамблея ў Баку праходзіла пад дэвізам „Роля парламенцкай дыпламатыі ва ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва“, і гэта якраз адлюстроўвае імкненне ўсіх краін-членаў і краін-назіральнікаў гэтай арганізацыі — а іх сёння каля 60 — развіваць і ўмацоўваць шматбаковае супрацоўніцтва, садзейнічаць умацаванню рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, забяспечваць устойлівае развіццё».

Ігар Сяргееў, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

«Азіяцкая парламенцкая асамблея сёння заклікана вырашаць многія пытанні, адно з якіх — забеспячэнне міру ў Азіі. Таму невыпадкова Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь атрымаў статус назіральніка ў АПА. Бо для нашай краіны мірнае неба — бясспрэчная каштоўнасць, за якую заплаціў беларускі народ. У пытаннях бяспекі і стабільнасці важна выпрацоўваць шляхі вырашэння задач калектыўна і не менш важна — з надзейнымі саюзнікамі».

Наталля Глінская, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

«Атрыманне статусу назіральніка ў АПА адкрывае перад Беларуссю шырокія перспектывы інтэграцыі ў азіяцкую прастору. Гэта дасць нашай краіне магчымасць умацаваць гандлёва-эканамічныя сувязі, пашырыць дыялог з дзяржавамі-членамі і ўдзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праектаў у самых розных галінах. Гэта не толькі эканоміка, але і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, абмен досведам у сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры і турызму. Азіяцкі рэгіён — велізарны рынак з эканомікай, якая дынамічна развіваецца, багаты на прыродныя рэсурсы і валодае высокім тэхналагічным патэнцыялам. Супрацоўніцтва з Азіяй дазволіць Беларусі дыверсіфікаваць свае знешнеэканамічныя сувязі, прыцягнуць інвестыцыі, атрымаць доступ да новых тэхналогій і рынкаў збыту».

Таццяна Ігнацюк, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

«Удзел дэлегацыі ў мерапрыемствах Азіяцкай парламенцкай асамблеі і атрыманне Беларуссю статусу назіральніка ў гэтай структуры — не проста фармальнасць. Гэта прызнанне нашай краіны як адказнага ўдзельніка міжнародных працэсаў, які выступае за мір, стабільнасць і справядлівы светапарадак. Падтрымка з боку калег з азіяцкіх дзяржаў пацвярджае, што нашы каштоўнасці — павага да суверэнітэту, сацыяльная справядлівасць, увага да патрэб чалавека — знаходзяць водгук на глабальным узроўні. Асобна хацелася б адзначыць важнасць міжпарламенцкага дыялогу. Заканадаўчыя органы, як люстэрка грамадства, павінны працаваць над стварэннем прававых умоў супрацоўніцтва ў такіх ключавых сферах, як адукацыя і ахова здароўя».

Фота з прэс-службы Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю