Усяго за чатыры месяцы бягучага года на біржавых таргах ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» праведзена больш за 1,1 тысячы гандлёвых сесій, заключана здзелак на суму больш за 5,4 мільёна рублёў, расказалі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Агульная сума экспартных біржавых здзелак склала каля 2,1 мільёна рублёў і вырасла ў параўнанні з аналагічным перыя-
дам 2025 года на 28 %.
Самымі запатрабаванымі беларускімі таварамі за мяжой сталі піламатэрыялы, мяса-малочная прадукцыя, амінакіслоты і іншыя. На ўнутраным рынку — шрот алейны, кармавыя дабаўкі, круглыя лесаматэрыялы, чорныя металы і вырабы з іх, вугаль, дранка і іншыя тавары.
Эканамічны эфект для беларускіх удзельнікаў пры ажыццяўленні закупак на біржавых таргах (зэканомленыя сродкі ў выніку набыцця тавару па больш нізкай цане ў параўнанні з цаной пачатку таргоў) і продажы тавараў на экспарт (дадатковая выручка ад рэалізацыі тавару па больш высокай цане ў параўнанні з цаной пачатку таргоў) склаў каля 209 мільёнаў рублёў.
Дарэчы, у красавіку 2026-га для ўдзелу ў біржавых таргах акрэдытаваныя 284 новыя кампаніі (203 рэзідэнты і 81 нерэзідэнт). Усяго па стане на канец красавіка было акрэдытавана больш за 39 тысяч кампаній.
Акрамя таго, што БУТБ замацавала за сабой рэпутацыю сучаснага рынкавага інструмента, здольнага вырашаць задачы дыверсіфікацыі экспарту, падтрымкі прадпрымальніцтва, лічбавізацыі закупак і аперацый з маёмасцю, пляцоўка таксама ўдзельнічае ў барацьбе з ценявым абаротам.
Так, на днях біржу наведалі прадстаўнікі МАРГ і Дэпартамента фінансавага маніторынгу КДК на чале з дырэктарам дэпартамента Дзмітрыем Захаравым, азнаёміліся з яе дзейнасцю, абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў рамках нацыянальнай ацэнкі рызык прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння, а таксама павышэння эфектыўнасці ўдзелу біржы ў нацыянальнай «антыадмывачнай» сістэме.