Top.Mail.Ru

Што дапамагае захоўваць культурную аўтэнтычнасць?

Фестываль «ТэкСтыльны букет», які праходзіў з 17 да 21 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, па праве ўжо стаў пляцоўкай, дзе можна заявіць пра сябе, адсачыць сучасныя тэндэнцыі ў тэкстыльным мастацтве, а таксама знайсці кантакты для далейшага супрацоўніцтва. За час існавання форуму ўдзел у ім бралі мастакі з 12 краін свету. Штогод да яго далучаюцца новыя ўдзельнікі, на ім мацуецца міжнароднае сяброўства і, што не менш важна, адбываецца культурны абмен. Пра вынікі сёлетняга тэкстыльнага фэсту і творчае ўзаемадзеянне на перспектыву расказалі яго арганізатары і ўдзельнікі.



Мерапрыемствы форуму па мастацкім тэкстылі аб’ядналі каля 200 мастакоў і майстроў на шэрагу пляцовак. Вядома, пераважаюць у гэтай лічбе творцы з Беларусі і Расіі, далучыліся, напрыклад, прадстаўнікі Чалябінска, Набярэжных Чаўноў, Тамбова і іншых рэгіёнаў.

— Для міжнароднага фестывалю, які нараджаўся некалі з ініцыятывы майстроў па тэкстылі, якія хацелі аб’яднаць на адной выставачнай пляцоўцы аматараў, прафесіяналаў гэтага мастацтва і прадэманстраваць разнастайнасць кірункаў, матэрыялаў і тэхнік, яго цяперашнія маштабы — добры вынік. І сёмы «ТэкСтыльны букет» пацвярджае, што ідэя яго стварэння была і застаецца паспяховай, — адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Алеся ІНАЗЕМЦАВА. — Кожны раз знаходзяцца людзі, якія даведваюцца пра фестываль і далучаюцца да нас. Так, сёлета ўпершыню ў нас удзельнічалі прадстаўнікі з Арменіі і Кітая. А калі абагульніць геаграфію, то пра наш форум ведаюць ад Канады да Казахстана, ад Турцыі і Кіпра да Латвіі і Эстоніі. Спадзяюся, нашы ўдзельнікі вяртаюцца дадому з добрымі ўражаннямі і новымі кантактамі.

Галоўная мэта фестывалю — прэзентаваць усе напрацоўкі, шматлікую разнастайнасць творчых пошукаў, якія маюць мастакі і майстры па тэкстылі ў сучасным свеце. І такія пляцоўкі наглядна дэманструюць, што тэкстыльнае мастацтва і яго творы даўно ўжо жывуць па-за рамкамі ўтылітарнага значэння:

— Гэта не проста прыкладное мастацтва, а паўнавартасныя арт-аб’екты, музейныя экспанаты, якія прадстаўляюць галіну не толькі на нацыянальных, але і на міжнародных пляцоўках, — дадае Алеся Іназемцава. — Наш фестываль таксама паказвае розныя кірункі тэкстыльнага мастацтва: і дэфіле, і касцюмы, і лялькі, і традыцыйныя тэхнікі. І там разумееш, што гэта работа не толькі з ніткай і тэкстылем, але і з рознымі матэрыяламі ў розных інтэрпрэтацыях. Спадзяёмся, што пасля сёлетняга форуму яго ўдзельнікі вернуцца дадому з яскравымі ўспамінамі і новымі знаёмствамі.

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю