Як паведамілі ў прэс-службе Мінэкананомікі, былі вызначаны прыярытэтныя кірункі сумеснай работы дзяржорганаў, мясцовай улады, навуковай і бізнес-супольнасці, накіраванай на ўстойлівае эканамічнае развіццё Беларусі ў 2025 годзе і ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Найперш гэта стратэгічнае планаванне.
— Ключавы дакумент — НСУР-2040 — ужо адобраны ўрадам, — нагадаў міністр эканомікі Юрый Чабатар.
Ён адзначыў, што рэгулятарамі завяршаецца распрацоўка галіновых стратэгій на найбліжэйшыя 10 гадоў.
— На іх, у сваю чаргу, павінна быць заснавана Канцэпцыя праграмы будучай пяцігодкі. Ужо вызначаны дзесяць нацыянальных прыярытэтаў, якія ў далейшым будуць вертыкалізаваны ў канкрэтныя дзяржпраграмы. За кожны прыярытэт і праграму прызначым адказнага выканаўца — персаналізуем адказнасць.
Другі найважнейшы кірунак — інвестыцыйная палітыка.
— Тут асноўная задача рэгіёнаў і дзяржорганаў — знайсці прарыўныя праекты. Для іх рэалізацыі будзем удасканальваць інстытуцыйныя ўмовы і прапаноўваць даступнае фінансаванне. У прыярытэце — грынфілд-праекты і высокатэхналагічныя вытворчасці, здольныя даць магутны эфект для эканомікі, — адзначыў кіраўнік міністэрства.
Трэці кірунак работы — стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы і нарошчванне ўкладу малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміку.
— Ключавая задача — дэбюракратызацыя, спрашчэнне рэгулятарных патрабаванняў, скарачэнне залішняй адміністрацыйнай нагрузкі і максімальны перавод «у лічбу» ўзаемадзеяння па лініі «дзяржорганы — бізнес», — падкрэсліў міністр эканомікі.
Ён таксама агучыў канкрэтныя задачы ў частцы работы над праграмай-2030 і праграмай дзейнасці ўрада, выпрацоўкі сістэмных мер падтрымкі эканомікі, дыверсіфікацыі экспарту і ўмацавання інвестыцыйнага супрацоўніцтва з дружалюбнымі дзяржавамі, далейшага развіцця эканамічнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС.
Напрыканцы адзначым, што ў пасяджэнні ўзялі ўдзел кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іх намеснікі, намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, сенатары і дэпутаты, кіраўнікі адміністрацый свабодных эканамічных зон і індустрыяльнага парка «Вялікі камень», кіраўнікі найбуйнейшых бізнес-саюзаў і асацыяцый.