Top.Mail.Ru

Што дазволіць правесці школьныя канікулы бяспечна

З надыходам доўгачаканых канікул дзецям і іх бацькам не варта забываць аб правілах бяспекі. Крадзяжы, распіццё спіртнога і знаходжанне на вуліцы ноччу без суправаджэння дарослых — гэта толькі самая малая частка правапарушэнняў, якія здзяйсняюць непаўналетнія. Акрамя таго, у перыяд канікул адзначаецца найбольшая цікавасць зламыснікаў да ўключэння дзяцей у злачынствы, у тым ліку ў распаўсюджванне наркотыкаў. На што неабходна звярнуць увагу, каб дзіця не трапіла ў бяду, абмеркавалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры падчас «тэматычнай» прэс-канферэнцыі.


Па выніках мінулага года склалася неспрыяльная сітуацыя, звязаная з павелічэннем колькасці злачынстваў з удзелам непаўналетніх. Аб гэтым расказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы ІСН галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Васіль Дземідовіч: «Разам з тым, калі прасочым дынаміку дзіцячай злачыннасці за апошнія 10 гадоў, мы адзначым яе істотнае зніжэнне. Калі ў 2015 годзе рэгістравалася 2,8 тысячы злачынстваў, якія здзяйсняюцца дзецьмі, то ў мінулым годзе намі было зарэгістравана 1,4 тысячы такіх злачынстваў. Адпаведна, за 10 гадоў дзіцячая злачыннасць знізілася ў два разы. Структура злачынстваў таксама зведала шэраг змен. У тым жа 2015 годзе каля 60 % злачынстваў, якія здзяйсняліся дзецьмі, — крадзяжы. У колькасных суадносінах — гэта 1,5 тысячы такога роду злачынстваў. Летась непаўналетнімі было здзейснена 1,4 тысячы такіх злачынстваў. Усплёск дзіцячай злачыннасці адбыўся з-за двух фактараў. Першы — рост незаконнага абароту наркотыкаў. Колькасць такіх злачынстваў павялічылася на 33 %. Другім фактарам сталі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам банкаўскіх плацежных картак».

Паводле яго слоў, асноўнымі прычынамі спажывання наркотыкаў непаўналетнімі з’яўляюцца, у першую чаргу, жаданне самасцвердзіцца, дрэнны прыклад дарослых, пошук новых адчуванняў, унутраныя праблемы: альбо ў сям’і, альбо ў блізкім асяроддзі. «Прычына ўдзелу ў незаконным збыце наркотыкаў заўсёды застаецца нязменнай: жаданне зарабіць хуткіх і, самае галоўнае, лёгкіх, на думку непаўналетніх, грошай. Каб не дапусціць удзелу дзяцей у незаконным абароце наркотыкаў, мы выбудоўваем нашу работу ў двух кірунках. Першы — інфармацыйны, калі супрацоўнікі міліцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх усімі даступнымі спосабамі распавядаюць дзецям, іх бацькам і педагогам аб праблемах спажывання наркотыкаў, наркаманіі, аб адказнасці і магчымых наступствах. Формы давядзення такой інфармацыі самыя розныя. Гэта, у першую чаргу, выступленні ў навучальных установах, на бацькоўскіх сходах, у СМІ, дзе мы пазначаем гэту праблему. Дэманструем таксама відэаролікі з рэальнымі гісторыямі як затрыманых дзяцей, так і іх бацькоў, арганізоўваем стрым-семінары з асобамі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Яны на сваім прыкладзе расказваюць дзецям, што прывяло іх на гэты нялёгкі шлях, як ім жывецца ў зняволенні. Акрамя таго, мы арганізоўваем круглыя сталы з былымі наркаманамі, якія знаходзяцца ў стойкай рэмісіі. Якраз гэтыя формы з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі».

Васіль Дземідовіч падкрэсліў, што МУС актыўна садзейнічае ў арганізацыі занятасці непаўналетніх. «Гэта робіцца для таго, каб у дзяцей нават і думак не было паспрабаваць наркотыкі або заняцца іх збытам. Каб прадухіліць уцягванне падлетка ў крымінальную схему, яго, у першую чаргу, трэба заняць. Гэта, напрыклад, элементарныя заняткі па інтарэсах, наведванне розных секцый, заняткі ў клубах, працаўладкаванне падчас канікул».

У мінулым годзе рэгістраваўся значны рост павелічэння хуліганстваў, рабаванняў і разбояў. У якасці прадмета злачыннага замаху ў гэтых правапарушэннях выступалі электронныя сістэмы курэння, або вэйпы. «Вынікі работы і прафілактычных мерапрыемстваў сведчаць аб тым, што лёгкая даступнасць гэтых парагенератараў для дзяцей з’яўляецца ключавой прычынай іх спажывання». Васіль Дземідовіч нагадаў, што электронныя сістэмы курэння прыраўноўваюцца да курэння тытунёвых вырабаў. За іх спажыванне ў неўстаноўленых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Санкцыя прадугледжвае штраф да чатырох базавых велічынь. «У лютым мы правялі комплекс мер па давядзенні дзецям прававых і медыцынскіх наступстваў спажывання вэйпаў. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх правялі прафілактычныя мерапрыемствы. Разам з урачамі-нарколагамі падлеткам былі растлумачаны наступствы спажывання электронных сістэм курэння».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю