Top.Mail.Ru

Што ў канверце — паведамленне аб праблемах ці адлюстраванне асабістага ўспрымання рэчаіснасці?

Як падкідваюцца галавешкі

Папяровыя лісты ў цяперашні час электронных зносін — вялікая рэдкасць, яны самі па сабе прыцягваюць увагу. Калі ж у такіх зваротах у рэдакцыю ўздымаюцца праблемныя пытанні, яны разглядаюцца асабліва пільна.

На адрас газеты «Звязда» прыйшоў якраз такі ліст з гарадскога пасёлка Асвея Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Аўтар, Ірына Ігнацьеўна, пералічвала праблемы, з якімі сутыкаюцца асвейцы, — і карэспандэнту было даручана разабрацца па выкладзеных фактах. Атрымалася, што наша рубрыка «Tіk-tok: ці так?» вельмі нават тут дарэчы: хоць праблемы ўзнятыя і не ў віртуальнай прасторы, але алгарытм высвятлення журналістам «ці так?» фактычна той жа.

Найперш выклікала пытанне паведамленне, што прадстаўнікі мясцовай улады і абслугоўваючых арганізацый «не хочуць сустракацца з простымі людзьмі, гаварыць з імі». Таму першы званок мы зрабілі ў сельвыканкам. На тлумачэнне падставы тэлефанавання старшыня Асвейскага сельвыканкама Сяргей НАВІЦКІ шчыра здзівіўся.

— Што-што, а зносіны з насельніцтвам у нас наладжаны вельмі добрыя, — запэўніў кіраўнік сельсавета. — Я сам жыву ў Асвеі, ніколі не цураюся выслухаць тое, што турбуе пасялкоўцаў, нават у нерабочы час ці ў непрыёмныя гадзіны. Дзверы майго кабінета заўжды адкрытыя, і людзі гэта ведаюць. Ніколі не чуў, каб хтосьці з мясцовага начальства адмовіўся выслухаць чалавека, які хоча не проста языком пачасаць, а расказвае аб сапраўды грамадска значнай праблеме, дзеліцца поглядам, як яе можна вырашыць.

У пацвярджэнне сваіх слоў старшыня сельвыканкама прывёў афіцыйную статыстыку. Сёлета асабісты прыём грамадзян у Асвеі правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Стома, старшыня райвыканкама Віталь Лаўрынаў і яго намеснік Дзмітрый Рэут, старшыня райсавета Ірына Козел, іншыя адказныя асобы. Акрамя асабістых зваротаў і тэлефанаванняў на «прамыя лініі» грамадзяне могуць скарыстацца магчымасцю зносін з прадстаўнікамі ўлады падчас дзён інфармавання, што праходзяць у кожны трэці чацвер месяца (сёлета — восем разоў) у сельвыканкаме, дзіцячым садку, Доме культуры.

Мы рушылі па спісе прэтэнзій аўтаркі пісьма далей. Наступная з іх тычылася якасці пітной вады, маўляў, яна брудная, з прымесямі, дрэнна пахне.

Настала чарга здзіўляцца старшаму майстру ўчастка УВКГ Верхнядзвінскага раёна філіяла «Наваполацкводаканал» Юрыю ПАПЛАЎСКАМУ.

— У 2009 і 2023 годзе ў Асвеі, згодна з Дзяржпраграмай «Чыстая вада», былі ўстаноўлены дзве станцыі абезжалезвання вады, — паведаміў спецыяліст. — Адначасова на цэнтральных вуліцах старыя водаправодныя трубы былі заменены на новыя пластыкавыя. Абсталяванне знаходзіцца на абслугоўванні філіяла «Віцебскбудсэрвіс» УП «Віцебскаблводаканал». Па рэгламенце мы замяняем фільтры, праводзім штомесячны лабараторны кантроль якасці вады са свідравіны і той, што падаецца ў водаправодную сетку. Апошнія гады мы не маем скаргаў на якасць вады — людзі п’юць яе проста з-пад крана, без дадатковай апрацоўкі.

Адначасова Юрый Паплаўскі дапусціў, што пры ўзнікненні форс-мажораў, як то адключэнне святла, калі прыпыняюць работу станцыі, правядзенні рамонтных ці прафілактычных работ, якасць вады можа часова пагаршацца. Каб ухіліць такія наступствы, яе праліваюць, даюць сцячы. Прычым, для папярэджвання насельніцтва аб магчымых нязручнасцях створаны інфармацыйны чат у Vіber.

Звярнуліся мы і ў Верхнядзвінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб даведацца іх пункт гледжання.

— Вядома, мы пастаянна трымаем на кантролі якасць вады ў населеных пунктах раёна, — пацвердзіў галоўны ўрач установы аховы здароўя Анатоль ВАЛАЧКОВІЧ. — Так, пробы вады ў Асвеі бралі ў красавіку гэтага года, апошні раз — 17 жніўня. Яны адпавядаюць патрабаванням гігіенічнага нарматыву, вада якасная і бяспечная.

Яшчэ Ірына Ігнацьеўна бедавала, што асвейцаў «хутка прымусяць хадзіць пешшу ў райцэнтр». Прычына, на яе погляд, крыецца ў тым, што «ніхто не хоча працаваць на аўтобусах і маршрутках». Да таго ж перавозяць людзей стоячы, а вадзіцелі пастаянна адцягваюцца на размовы з пасажырамі.

Наяўнасць кадравай праблемы начальнік Верхнядзвінскага ўчастка філіяла «Аўтапарк № 2 г. Полацка» Віталь АСТРОЎСКІ прызнаў. Для арганізацыі бесперабойных прыгарадных маршрутаў Асвея — Верхнядзвінск і назад у штаце павінна быць шэсць кіроўцаў, прычым тры з іх павінны жыць у гарпасёлку, а не ў райцэнтры. Такія мужчыны пакуль ёсць, праўда, адзін працуе, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту і намераны пакінуць арганізацыю. Праблема абвастраецца падчас знаходжання кіроўцаў у працоўных адпачынках ці на бальнічных.

— Мы шукаем патэнцыяльных работнікаў, але знайсці ў Асвеі надзейнага вадзіцеля з пасведчаннем катэгорыі «D» складана, — адзначыў Віталь Астроўскі. — І ўсё ж я параіў бы не рабіць заяў умоўнага ладу, таму што грамадскі транспарт ходзіць. Аб неабходнасці захавання правіл перавозкі пасажыраў супрацоўнікам нагадаем.

Апошняя прэтэнзія нашага адрасанта датычылася таго, што ў розныя гарады Беларусі не даходзяць яе лісты.

— Я неаднаразова асабіста сустракалася з Ірынай Ігнацьеўнай паводле яе скаргаў на тое, што губляюцца яе пісьмы, — паведаміла начальнік Верхнядзвінскага ўчастка паштовай сувязі Жанна ПАРШУТА. — Але на самой справе нічога не губляецца. З мэтай найбольш поўнага задавальнення патрэб кліента ёй прапанавана адпраўляць асабліва важную карэспандэнцыю заказным лістом з паведамленнем аб уручэнні.

І як не паверыць запэўніванням прадстаўніка Белпошты, калі наша рэдакцыя ўсё ж атрымала адасланае жанчынай пісьмо?

Выснова з журналісцкага расследавання напрошваецца наступная: не кожны ліст, як і далёка не кожны пост у інтэрнэт-прасторы, поўнасцю праўдзівыя. Перш чым падкідваць галавешкі, штучна распальваць незадавальненне, варта падумаць: а ці так ужо дрэнна наўкола, ці справядлівыя прэтэнзіі да тых, хто працуе побач для нашай жа зручнасці?

Святлана ЯКАЎЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю