У Петрыкаўскім раёне прайшоў VI форум сельскай моладзі Гомельскай вобласці. Маладыя спецыялісты і работнікі аграпрамысловага комплексу сустрэліся са старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко і памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Гомельскай вобласці Юрыем Валяватым. У фармаце жывых зносін абмяркоўваліся прафесійныя планы маладых аграрыяў паўднёва-ўсходняга рэгіёна і магчымасці для развіцця сельскіх тэрыторый.
На сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці ўдзельнікі форуму расказвалі аб выбары спецыяльнасці, працоўных буднях, планах на будучыню, прафесійным росце. Закраналіся і тэмы сямейных каштоўнасцяў, сельскага турызму, развіцця рэгіёнаў. Асобную ўвагу надалі перавагам жыцця ў сельскай мясцовасці і магчымасцям рэалізаваць сябе ў прафесіі на вёсцы.
Падчас сустрэчы Іван Крупко і Юрый Валяваты ўручылі памятныя падарункі пераможцам анлайн-чэленджа «На вёсцы крута, таму што...». Імі сталі маладыя жывёлаводы Ігар Гайкевіч з саўгаса-камбіната «Зара» Мазырскага раёна і Анастасія Бельская з СВК «Дружба-Аўцюкі» Калінкавіцкага раёна.
Адна з удзельніц форуму звярнулася да старшыні аблвыканкама з пытаннем аб галоўных задачах, якія сёння стаяць перад маладымі працаўнікамі Гомельскай вобласці. У адказе Іван Крупко абазначыў арыенцір для развіцця ўсіх раёнаў:
— Самае важнае, каб ні адзін раён не быў у ліку адстаючых. Ніводны не павінен адставаць ні ў вытворчасці, ні ў сацыяльнай сферы, ні ў сельскай гаспадарцы, ні ў бізнесе. Моцныя рэгіёны — адна з прыярытэтных задач нашай краіны.
Як падкрэсліў Юрый Валяваты, маладым людзям не варта баяцца жыцця і работы ў вёсцы. Бо ў сельскай мясцовасці дастаткова магчымасцей для самарэалізацыі, запэўніў ён.
Удзельнікі VI форуму сельскай моладзі Гомельшчыны таксама наведалі выстаўкі, пабывалі на экскурсіі ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі», пазнаёміліся з вытворчай дзейнасцю ААТ «Агра-Ляскавічы». У працяг форуму маладыя аграрыі накіруюцца ў Калінкавічы на абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»