У гандлі студзень — «час штылю». Выдаткаваўшы грошы за пераднавагоднія тыдні, пакупнік пачынае эканоміць, а продажы падаюць. Гандаль рэагуе на сітуацыю зніжкамі, часам вельмі значнымі, пра што памятаюць вопытныя спажыўцы. Такім чынам, што можна набыць «з розумам» да канца студзеня?
Ёлачныя цацкі і навагоднюю атрыбутыку
Ужо праз 2-3 тыдні аддзелы навагодніх тавараў ва ўнівермагах і ГЦ спыняць работу, але пакуль што яны прапануюць ёлачныя цацкі, светлавыя гірлянды, мішуру і «дожджык», і нават штучныя ёлкі-сосны часам са зніжкамі да 80 %. Зразумела, настолькі значнае зніжэнне цэн вы знойдзеце далёка не ўсюды, але зніжкі будуць — гэта дакладна. Так што зазірнуць у навагодні будзе не лішняе. Часам тавары, набытыя тут у студзені за капейкі, здольныя радаваць вас кожную зіму на працягу многіх гадоў.
Навагодні посуд, тэкстыль і адзенне
Наборы посуду з Дзедам Марозам і Снягуркай, снегавікамі і іншымі навагоднімі малюнкамі (і асабліва — з сімвалам года па Усходнім гараскопе) таксама становяцца таннейшымі пасля 1 студзеня. А менш мілымі і ўтульнымі — не становяцца. Сюды ж адносіцца навагодні тэкстыль: абрусы, сурвэткі, кухонныя і махровыя ручнікі, пасцельная бялізна навагодняй тэматыкі. Можна карыстацца ўсім гэтым адразу пасля набыцця, можна (калі прынт не прывязаны да года Змяі) зберагчы на падарункі да наступнага навагодняга сезона.У катэгорыю распродажу трапляюць таксама шкарпэткі і майкі з навагодняй сімволікай, навагоднія піжамы для ўсёй сям’і (выдатная ідэя для фотасесіі ў стылі «фэмілі-лук» на наступны Новы год), шапкі і шалікі навагодняй тэматыкі. Вячэрнія вобразы і аксэсуары з навагодніх калекцый брэндаў мас-маркету, дарэчы, таксама прадаюцца часам за палову кошту.
Цацкі і дзіцячыя кніжкі
Як пасля 1 верасня сыходзіць ажыятаж на школьнае адзенне і «канцылярку», так і пасля Новага года ў аддзелах цацак надыходзіць зацішша, а цэны, адпаведна, ідуць уніз. І гэта — выдатная магчымасць «расцягнуць» для вашых дзяцей свята на ўвесь студзень. Або набыць дарагую цацку танней і «адкласці на потым»: надзейна схаваць да наступнага Новага года. Тое ж самае датычыцца прыгожых навагодніх кніжак: «Снежная каралева» або «12 месяцаў» не пастарэюць і праз год.
Салодкія наборы і наборы касметыкі
Калі вы ласун, салодкія навагоднія падарункі ў студзені-лютым — ваша тэма. Тое ж датычыцца падарункавых навагодніх набораў касметыкі. Яны стануць таннейшымі, таму што навагодні дызайн губляе актуальнасць, а да наступнага Новага года ў крэмаў-масак-шампуняў выйдзе тэрмін прыдатнасці. Але спачатку ўсё ж палічыце, наколькі даражэй (і ці даражэй) будзе купіць тыя ж сродкі паасобку. Часам бывае, што эканоміі пры набыцці набору не атрымліваецца нават са зніжкай.
Гаджэты і бытавую тэхніку
Перад Новым годам гаджэты прадаюцца па максімальнай цане. У студзені чакана продажы падаюць, а гандаль, адпаведна, вымушаны рабіць рэальныя зніжкі. І часам ноўтбук, тэлефон або планшэт у паслянавагоднія тыдні можна знайсці сапраўды па досыць прымальнай цане, асабліва калі не ленавацца маніторыць і параўноўваць цэны ў розных анлайн і афлайн-крамах. Тое ж самае датычыцца і бытавой тэхнікі, буйной і дробнай: аптымальны час купляць пральную машыну або халадзільнік якраз цяпер.