Top.Mail.Ru
73

Што людзі пішуць

Вернасць Орліка


Успомніўся снежань пачатку 80-х мінулага стагоддзя. Я тады працавала брыгадзірам трэцяй палявой брыгады. Трэба было ехаць у Суботава на балота, адтуль нашы механізатары вазілі на палі ўчастка тарфакрошку, і мой абавязак — весці ўлік вывезеных тон. Мароз быў моцны, але каля бурта гарэла вогнішча, а для паездкі ў мяне былі кажухі.

Зімовы дзень кароткі. Трактарысты рабілі апошнія рэйсы. Адзін кажух я апранула на куртку, на другі села, а трэцім накрылася. Трэба сказаць, мне заставаліся апошнія дні да водпуску па цяжарнасці. Ехала ў кантору падаць звесткі аб вывезеных тонах. Трактары ўжо нядрэнна ўтрамбавалі снег, і конь амаль не правальваўся, бег жвава... Балота скончылася, дарога, віхляючы, пабегла па полі, да вёскі. Побач з дарогай заўважыла сляды: карміліся насеннем пустазелля, што тырчыць з-пад снегу, шэрыя курапаткі. Раптам перад канём яны гуртам са своеасаблівым трэскам узняліся ў паветра. Орлік спалохаўся, рэзка рвануў убок, я ад нечаканасці вывалілася разам з кажухамі на дарогу ў снег. А конь рвануў — нібы жару пад хвост насыпалі.

Што зробіш? Пасядзела хвіліну, паднялася ды не ведаю: смяяцца ці плакаць. Узяла кажухі, не адчуваю ні рук, ні ног, сунуся — ледзь ногі пераступаюць... Колькі часу мінула — бачу: ідзе насустрач мой конік. Што я адчувала — не перадаць... І ўдзячнасць, і радасць. Пакуль еду, назіраю за слядамі: гляджу, вядуць да нашага доміка, што саўгас выдзеліў як маладым спецыялістам, а каля яго — разварот.

Гэта ж мой конік убачыў, што гаспадыні няма, і вярнуўся, не кінуў у бядзе. Многія, каму пасля пераказвала гісторыю, не верылі, толькі муж не сумняваўся, а свёкар нават сам расказаў пра некалькі незвычайных выпадкаў са свайго жыцця.

Раніца. Двор. Са стайні данеслася лёгкае ржанне Орліка (зразумела, ужо не таго). Пачуў, пазнаў. Многія пытаюцца, чаму трымаем каня, не здаём: усё ж узрост і здароўе не тыя... Жартуем: «Мы на пенсіі, ён — таксама. Заслужыў!» А калі шчыра, дык па-іншаму і быць не павінна...

Ніна Залеская, Глыбоцкі раён

Як вы маглі заўважыць, «звяздоўская» пошта часам дазваляе зазірнуць у той свет, які пакаленні нашых дзяцей ды ўнукаў ужо не заспелі. Ці мог раней хто падумаць, што нават тое, як гаспадары ставіліся да каня ці кароўкі, што рабілі, каб уберагчы іх ад хвароб, чаму ўпрыгожвалі «конікамі» стрэхі хат, у ХХІ стагодзі будуць вывучаць даследчыкі, называць «гісторыяй паўсядзённасці», элементам народнай культуры. Але хочацца верыць, што цёплыя гісторыі нашых чытачоў — гэта не проста масток у мінулае, але і падказка ў будучае, як жыць, што цаніць, у што верыць.

Пошту чытае Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю