Top.Mail.Ru

Першыя залпы «Кацюш»... І апошнія... для капітана Івана Флёрава

Што людзі пішуць?  


Ён нарадзіўся 24 красавіка 1905 года ў сяле Двурэчкі Ліпецкай вобласці. Скончыўшы земскую і школу фабрычна-заводскага навучання, як адзін з найлепшых выпускнікоў, працаваў майстрам, потым праходзіў тэрміновую службу ў артылерыйскіх часцях Чырвонай Арміі, вучыўся на курсах па падрыхтоўцы афіцэраў, застаўся служыць... У 1939 годзе быў залічаны слухачом Ваеннай артылерыйскай акадэміі, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, вызначыўся ў баях пры «лініі Манергейма». За праяўлены гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

20-18 копия.jpg


...На сёмы дзень Вялікай Айчыннай вайны ў Маскоўскім артылерыйскім вучылішчы пачалося фарміраванне асобнай эксперыментальнай батарэі рэактыўнай артылерыі, на ўзбраенні якой мелася сем агнявых установак БМ-13 і адна 122-мм прыстрэлачная гаўбіца. Камандзірам батарэі быў прызначаны капітан Іван Флёраў. У ноч з 1 на 2 ліпеня байцы ў строгай сакрэтнасці адправіліся на Заходні фронт, пад Оршу.

Сюды ж, на буйны чыгуначны вузел, прыбывалі нямецкія эшалоны з гаручым, баявой тэхнікай і людзьмі для ўмацавання перадавых часцей, якія наступалі на Маскву. Днём 14 ліпеня 1941 года капітан Флёраў аддаў каманду: «Па фашысцкіх захопніках батарэяй — залп!». Праз некалькі імгненняў вогненная лавіна абрынулася на чыгуначны вузел...
Такі ж удар праз паўтары гадзіны быў нанесены на яшчэ адну занятую ворагам стратэгічную пазіцыю — пераправу цераз раку Аршыцу.

У сваіх успамінах «Салдацкі абавязак» Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі адзначаў: «Упершыню на нашым участку дзейнічала батарэя рэактыўнай артылерыі, так званыя «Кацюшы». Яна накрыла надыходзячую нямецкую пяхоту з танкамі. Мы вылезлі з акопаў і, стоячы ў рост, любаваліся эфектным відовішчам. Ды і ўсе байцы высыпалі з акопаў і, бачачы ўцёкі ворага, з энтузіязмам сустракалі залпы «Кацюш».


Эфект ад іх, першых, пад Оршай аказаўся неймаверным. Практычна на тыдзень было прыпынена наступленне фашысцкіх войскаў на смаленска-маскоўскім напрамку, дзякуючы чаму савецкія войскі атрымалі час на перагрупоўку сіл і ўмацаванне сваіх абарончых пазіцый. Але галоўнае ў тым, што паспяховыя дзеянні батарэі БМ-13 паслужылі штуршком да хуткага нарошчвання тэмпаў вытворчасці рэактыўнага ўзбраення для Чырвонай Арміі.

Амаль адразу ж пасля першых залпаў батарэя капітана Флёрава прадоўжыла свой гераічны шлях па франтавых тэрыторыях.

У ноч на 7 кастрычніка 1941 года недалёка ад вёскі Багатыр Смаленскай вобласці яна трапіла ў засаду і прыняла жорсткі бой. Апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, капітан загадаў ліквідаваць баявыя ўстаноўкі. Калі загад быў выкананы, сам Іван Флёраў даў залп з апошняй, а затым падарваў яе разам з сабой

20-17 копия (1).jpg


...Лёс камандзіра першай батарэі «Кацюш» доўгія гады заставаўся невядомым: капітан Флёраў лічыўся зніклым без вестак. Толькі восенню 1995 года група вяземскіх пошукавікаў выявіла астанкі сямі загінулых артылерыстаў на чале з капітанам. Героі былі ўрачыста перапахаваны каля вёскі Багатыр.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, капітану Івану Флёраву прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі пасмяротна. Яго імем названы вуліцы ў Оршы, шэрагу расійскіх гарадоў, на радзіме — у вёсцы Двурэчкі. Легендарнай батарэі Івана Флёрава прысвечаны мемарыяльны комплекс «Кацюша» ў Оршы і помнік у вёсцы Пішчалава Аршанскага раёна. У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведвальнікі з цікавасцю разглядаюць рэактыўную ўстаноўку БМ-13.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, г. Мінск.


«...Жыць, каб служыць — Богу і людзям»

 Бацькі гэтага дзіцяці працавалі бухгалтарамі і вельмі не хацелі, каб яно, іх адзінае, звязала лёс з лічбамі, але ж і з музыкай...

 Непаслухмяная дзяўчынка вырашыла ўсё па-свойму: паступіла ў музычную школу, стала вучыцца іграць на фартэпіяна, і бацькам прыйшлося купіць інструмент, выплачваць крэдыт за піяніна «Беларусь».

 З адзнакай скончыўшы школу, потым Маладзечанскае музвучылішча, маладая выпускніца апынулася ў Гальшанах.
— Энергія тады біла цераз край, — успамінае Тамара Фёдараўна. — Я паступіла на завочнае ў наш інстытут культуры, навучылася кіраваць машынай, атрымала правы, стала спяваць у народным хоры «Крыніца», выйшла замуж, нарадзіла сына... Да таго ж у нашым шматкватэрным доме яшчэ жылі ўдзельнікі вайны. Яны нярэдка збіраліся за адным сталом і пад маю музыку спявалі — «Кацюшу», іншыя песні... Такім чынам я ніколі не высыпалася — у сутках не хапала гадзін!.. Сёння з вышыні пражытых гадоў разумею, што брала на сябе зашмат, але інакш не магла — бацькі прывучылі да ўсяго ставіцца з адказнасцю...
А ўжо да справы — тым больш. Калі выкладала ў Ашмянскай дзіцячай музычнай школе, Тамара Фёдараўна Жданава старалася зрабіць цікавым сам працэс навучання: ладзіла віктарыны, семінары, конкурсы, алімпіяды...

Пасля вучобы, вядома ж, не ўсе яе выхаванцы сталі музыкантамі, але многімі выпускнікамі педагог шчыра ганарыцца. Сярод іх дырэктары музычных школ Смаргоні і Гальшан Наталля Ялфімава і Анастасія Сабалеўская, выкладчык універсітэта культуры Ніна Ролік, музыкант аркестра імя Міхаіла Фінберга Алена Мінойць, спявачка акадэмічнай капэлы імя Рыгора Шырмы Наталля Дзямідава... Таццяна Данілевіч звязала жыццё з тэлебачаннем...

 — У маладыя гады падумвала аб спакойным жыцці на пенсіі, — прызнаецца Тамара Фёдараўна. — Але ж яно, тое спакойнае, мусіць, не па мне. Шмат займаюся з унучкай Машай
— хачу ўбачыць яе выдатнай цымбалісткай, кожны дзень бываю на лецішчы. У сезон вырошчваю там агародніну, зімой кармлю ката. Вельмі люблю хадзіць у грыбы і ягады, а ўжо вандраваць... У савецкія часы па камсамольскіх пуцёўках наведала Балгарыю, Польшчу, пабывала ў Маскве, Ленінградзе, пакупалася ў Чорным і Балтыйскім марах. Апошнім часам паездзіла па святых мясцінах Расіі (востраў Ваалам, Дзівеева, Опціна, Пскоўска-Пячэрская лаўра) і, вядома ж, па Беларусі.
 — Я шчаслівая, — прызнаецца жанчына. — Мне хочацца жыць і жыць... Каб служыць Богу і людзям.
 Мікалай БАЛЫШ, г. Ашмяны.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю