Гродна трывала і апраўдана ўвайшоў у спіс самых топавых гарадоў Беларусі, якія імкнуцца наведаць замежныя госці, ды і жыхары іншых месцаў нашай краіны. Сфарміраваўся і спіс найбольш значных архітэктурных і гісторыка-культурных аб'ектаў — яго лёгка знайсці ў розных крыніцах інфармацыі. А нам падалося цікавым прапанаваць вам рэкамендацыі не прафесійнага гіда, а звычайнага гараджаніна — уласнага карэспандэнта газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці. Гэта погляд на турызм знутры, без лічбаў і статыстыкі, проста асабістыя рэкамендацыі.
Здавалася б, рабіць такі агляд ужо позна. Цёплыя дзянькі засталіся ззаду, наперадзе змрочны лістапад, а потым і зусім зіма. Але тэндэнцыя такая, што ў Гродне і ў цэлым па вобласці турызм робяць пазасезонным. Дарэчы, усе гэтыя змены надвор’я надаюць асаблівы шарм адпачынку.
Паветра прыемна халадзіць, дыхаецца лёгка, бо спёкі даўно няма. Шоргаюць курткі, мільгаюць паліто, шалікі, шапкі, пальчаткі. А як прыемна з вуліцы зайсці ў кавярню. Яна нібыта абдымае цябе ў прыглушаным святле лямпаў. Пасля доўгіх прагулак ногі стаміліся, халаднавата, а тут можна сесці, расслабіцца, удыхаючы водары кавы.
Пройдземся па Савецкай
Цяпер будзе абсалютны мэйнстрым, але без гэтага нельга. Абавязкова прагуляйцеся па пешаходнай вуліцы Савецкай, якая добра выглядае ў любое надвор’е, нават змрочнае. Разнастайнасць архітэктуры і яркія колеры ствараюць прыемную атмасферу.
Калі ёсць час, зазірніце ў панадворкі. Дзесьці вы знойдзеце тэрыторыю кавярні ці адміністрацыйных устаноў, а дзесьці — жылыя куточкі. Узрост дамоў тут салідны, на многіх будынках вісяць шыльды, якія паведамляюць аб тым, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. Дарэчы, за сценамі многіх дамоў хаваюцца вельмі захапляльныя гісторыі, таму не будзе лішнім узяць з сабой экскурсавода.
Вуліца Савецкая вядзе на аднайменную плошчу — прыгожую і ўтульную, там рэкамендую зазірнуць у Фарны касцёл. А побач з ім знаходзіцца адзіная ў Беларусі аптэка-музей. Тут можна і экспазіцыю паглядзець, і купіць патрэбныя лекі.
Яшчэ адно месца, якое асабліва мне падабаецца, — тэрыторыя паблізу Старога і Новага замкаў, прагуляцца па якіх таксама раю. Яны размешчаны на ўзгорках, з якіх адкрываецца выдатны від на Нёман. Можна пастаяць, палюбавацца, як гэта рабілі людзі стагоддзі таму. А ў пахмурны дзень нават утвараецца нейкая містычная і загадкавая атмасфера.
Горад як на далоні
Ад замкаў вельмі проста патрапіць да абласнога драмтэатра. Ён таксама знаходзіцца на ўзвышшы, і адсюль можна палюбавацца прыгажосцю горада. Вельмі падабаецца мне гэта месца. І хоць у халодную пару года фантаны не працуюць, але гэта ніяк не псуе ўражанні ад прагулкі. Можна зрабіць эфектныя фота на фоне пейзажу ці будынка тэатра.
Далей па мосце можна рушыць на вуліцу Дарвіна. Яе зусім нядаўна абнавілі, атрымалася цудоўная зона адпачынку на беразе Нёмана — стыльная і сучасная.
«Новы Свет»
Я падзялілася сваімі любімымі месцамі з графы «папулярнае». У цэнтры горада ёсць і іншыя выдатныя лакацыі, пра якія я не згадала. Але пра іх шмат пісалі раней, яны ёсць амаль у кожным даведніку. А цяпер адзначу хоць і не такія папулярныя, аднак не менш атмасферныя пункты горада.
Люблю сетку вуліц пад агульнай назвай «Новы Свет». Гэта забудова, якая мільгае цікавымі дамамі. Узводзіліся яны на мяжы XІX-XX стагоддзяў. Тут адчуваеш сябе крыху арыстакратам, і, здаецца, вось-вось з-за вугла выедзе карэта, а з яе выйдзе жанчына ў пышнай сукенцы. Шмат месцаў для фота, тэрыторыя падыходзіць для павольных прагулак і бясед. Рэкамендую зазірнуць на вуліцы 17 Верасня, Міцкевіча і іншыя.
Горнымі і ляснымі сцежкамі
Калі вы не супраць аддаліцца ад цэнтра, адпраўляйцеся ў раён вуліцы Дамброўскага. Дамы тут былі пабудаваны па абарончым прынцыпе, таму ўтвараюць нешта падобнае на лабірынт. А яшчэ тут час нібы крыху застыў. Аднак асаблівасць гэтага месца нават і не ў гэтым. Паблізу ёсць вялікі лясны масіў, які пракрэсліваюць веладарожкі, а некаторыя з іх цягнуцца ўздоўж крэйдавых кар’ераў. Так, у Гродне яны таксама ёсць. Не такія маштабныя, як у Ваўкавыскім раёне, але ўсё роўна выглядаюць прыгожа.
Маё любімае месца ў гэтым раёне — «крэйдавыя горы». Яны знаходзяцца непадалёк ад канцавога прыпынку 20-га аўтобуса. Непатрэбна ісці далёка ў лес, каб убачыць іх. Што ж за горы такія? Гэта закінуты кар’ер, але не заліты вадой. Яго глыбіня можа даходзіць у некаторых месцах да 18 метраў. На дне — прыгожы бярозавы гай, на стромкіх берагах растуць высокія хвоі. Складваецца адчуванне, што ты недзе ў сапраўдных гарах.
А калі вы больш любіце гуляць па асфальце, то смела адпраўляйцеся на сцежку здароўя ў лесапарку Пышкі. Па сваёй інфраструктуры тэрыторыя падобная на гарадскі парк, але пры гэтым вакол густы хваёвы лес, а асфальтаваная дарожка то бяжыць угару, то спускаецца ўніз, пятляе паміж дрэвамі. Колькі гадоў гуляю тут, а ўсё роўна дзіву даюся, як усё зроблена!
І гэта далёка не ўсе цікавыя лакацыі Гродна. Пра свой родны горад я магу расказваць бясконца. Прыязджайце, знаёмцеся з ім — упэўнена, вы таксама абавязкова палюбіце яго ўсім сэрцам.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара