Навацыі Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння» “Звяздзе” пракаментавала намеснік кіраўніка Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Кацярына ЛІХАЧОВА.
Адна з навацый новага нарматыўнага дакумента – узмацненне меры падтрымкі плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход (ППД) у частцы фарміравання будучых пенсійных правоў.
– Мы далі права плацельшчыкам падатку на прафесійны даход дабравольна даплачваць узносы ў бюджэт фонду. Сёння плацельшчыкі падатку на прафдаход з улікам таго, што яго стаўкі дастаткова нізкія (10 %, 6 з якіх ідзе ў бюджэт фонду), у пераважнай большасці не могуць фарміраваць свае пенсійныя гарантыі. Для таго, каб фарміраваўся стаж, трэба цягам усяго года выплачваць узносы з сумы не ніжэй за мінімальную заработную плату. У большасці з іх так не складваецца. Таму, згодна з прынятым законам, калі плацельшчык падатку на прафдаход ажыццяўляў дзейнасць і меў даход, мы разлічым, колькі трэба даплаціць і ён пры жаданні сфарміраваць стаж можа скарыстацца такой магчымасцю не пазней за 31 сакавіка года, які ідзе за справаздачным. Дадам, што за 2024 год закон таксама прадугледжвае магчымасць даплачваць сродкі ў бюджэт фонду, і гэты тэрмін у нас ссунуты да 1 верасня бягучага года. Зараз мы актыўна будзем даносіць інфармацыю, што ў плацельшчыкаў падатку на прафдаход ёсць такая магчымасць, – расказала Кацярына Ліхачова.
Ёсць некалькі новаўвядзенняў і для індывідуальных прадпрымальнікаў. Найперш падаўжаюцца тэрміны выплаты ўзносаў у ФСАН – з 1 сакавіка яны пераносіцца на 31 сакавіка года, наступнага за справаздачным годам. Акрамя таго, спрашчаецца і змяняецца парадак дзяржаўнага сацыяльнага страхавання індывідуальных прадпрымальнікаў.
– На сёння індывідуальныя прадпрымальнікі выплачваюць узнос у ФСАН ад сумы ўстаноўленага імі даходу, але не ніжэй, чым з памеру 12 мінімальных заработных плат. Згодна з новым законам ФСАН будзе атрымліваць з падатковых службаў інфармацыю аб даходах (ва ўлік бярэцца чысты даход, а не выручка), і калі ён складае менш 12 мінімальных заработных плат, у прадпрымальніка ёсць права плаціць узнос у ФСАН з фактычнага даходу – гэта менш, чым сёння, – патлумачыла суразмоўца. – Калі ў індывідуальнага прадпрымальніка даход склаўся ў памеры 12 і вышэй мінімальных заробкаў, узносы выплачваюць з разліку 12 мінімальных заробкаў, як і сёння. А паколькі інфармацыю мы будзем атрымліваць з падатковых служб, спрашчаецца парадак узаемадзеяння. З улікам навацый прадпрымальнік будзе атрымліваць інфармацыю, колькі неабходна заплаціць, аплачваць, а мы будзем прадастаўляць за яго дакументы персаніфікаванага ўліку.
Яшчэ адна навацыя – фонду прадастаўлена права выносіць рашэнні, якія прыраўноўваюцца да выканальных дакументаў.
– Дагэтуль спаганяючы запазычанасць у індывідуальных прадпрымальнікаў, органы фонду звярталіся да натарыўса і ўчынялі натарыяльны надпіс, затым гэты дакумент прадастаўлялі ў арганы прымусовага выканання на спагнанне. Новы закон прадастаўляе права фонду самастойна выносіць рашэнне, якое адразу накіроўваецца ў органы прымусовага выканання. Для органаў фонду гэта спрашчае і паскарае работу, для індывідуальных прадпрымальнікаў запазычанасць праз работу натарыуса павялічвалася на 5 % ад запазычанасці, цяпер фінансавая нагрузка будзе меншай.
Адно са змяненняў датычыцца «шэрых» схем выплаты заработнай платы. Для работадаўцаў устанаўліваецца асаблівы парадак выплаты ўзносаў у ФСАН.
– Па-першае, у законе з’явіўся тэрмін “схаваная заработная плата”. Па-другое, узмацняюцца нормы на налічэнні ўзносаў. Згодна з прынятым законам, узносы налічваюцца на ўсю суму схаванай заработнай платы, гэта значыць мы яе не абмяжоўваем пяціразовай велічынёй сярэдняй заработнай платы па краіне. Яна будзе рабіцца з фактычных сум выплат заработнай платы ў «канвертах», але не ніжэй за 1/30 пяціразовай велічыні СЗП за кожны дзень выплаты заработнай платы ў «канверце». Паколькі і работнік удзельнічае ў гэтым працэсе атрымання заробку «у канверце», каб ён быў не зацікаўлены ў “шэрых” схемах, закон прадугледжвае, што пры устанаўленні такіх фактаў у страхавы стаж для пенсіі будуць улічвацца выплаты з памеру мінімальнай заработнай платы, – падкрэсліла Кацярына Ліхачова.
Алена КРАВЕЦ.